Светлана Тихановская ✔

@tsikhanouskaya · Belarusian · active

Звязацца ў Telegram: @askoffice_15 Сайт: https://tsikhanouskaya.org/ Inst: https://www.instagram.com/prezident.sveta/ FB: https://www.facebook.com/S.Tsikhanouskaya YouTube: www.youtube.com/@svetlana_tsikhanouskaya

Subscribers 16.7K Subscribers, last 30 days: 16.7K → 16.7K +0 24h · +0 7d
Reach per post (ERR) 16.5%2.8K avg views
Posting 3.1/day last 2 hours ago
Reactions per 1K views 54.0 ❤ 👍 👏
  1. Сустрэчы з прэзідэнткай Эстоніі, кіраўніцтвам парламента і МЗС: вынікі візіту Святланы Ціханоўскай у Талін 28–30 кастрычніка Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Эстоніі. За гэтыя дні яна: – сустрэлася з прэзідэнткай Эстоніі Юле Мадізэ; – правяла сустрэчу са старшынёй парламента Эстоніі Лаўры Хусарам; – сустрэлася з міністрам замежных справаў Эстоніі Маргусам Цахкна; – правяла сустрэчу з міністаркай культуры Эстоніі Хейдзі Пурга; – сустрэлася са старшынёй Камітэта па замежных справах Рыйгікогу Марка Міхкельсанам; – сустрэлася са спецпасланнікамі па Беларусі; – сустрэлася з беларускай дыяспарай у Таліне падчас Ночы расстраляных паэтаў, прысвечанай памяці беларускіх дзеячаў культуры, забітых сталінскім рэжымам у 1937 годзе. Падчас візіту Ціханоўская абмеркавала з эстонскімі партнёрамі вызваленне палітвязняў, санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі, падтрымку Украіны і бяспеку рэгіёна. Таксама ўвага была нададзеная: – прававым праблемам беларусаў у Эстоніі, у тым ліку магчымым абмежаванням на набыццё нерухомасці, – пытанням легалізацыі і дакументаў, – падтрымцы незалежных медыя, беларускай культуры і адукацыі, – далейшаму супрацоўніцтву беларускіх дэмакратычных сілаў з Эстоніяй і яе парламентам. Святлана Ціханоўская: «Я шчыра ўдзячная Эстоніі за паслядоўную падтрымку беларусаў і нашай барацьбы за свабоду. Для нас вельмі важна, каб беларусаў не атаясамлівалі з рэжымам Лукашэнкі і каб людзі, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, адчувалі сябе ў бяспецы».

  2. Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Эстоніі 30 кастрычніка ў Таліне Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з Маргусам Цахкнам у Міністэрстве замежных справаў Эстоніі. З нагоды візіту ў будынку МЗС былі выстаўленыя эстонскія і беларускія нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Галоўныя тэмы сустрэчы: — Вызваленне палітвязняў. Каардынацыя намаганняў Эстоніі, ЕС і ЗША для вызвалення ўсіх зняволеных і спынення рэпрэсій. Асобна абмеркавалі падтрымку рэпрэсаваных праз Міжнародны гуманітарны фонд. — Дапамога беларусам. Пытанні легалізацыі, дакументаў, візаў і абароны правоў беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну. — Падтрымка Украіны. Магчымасці ўдзелу беларускіх дэмакратычных сілаў у Канферэнцыі па аднаўленні Украіны, якая адбудзецца ў Таліне ў студзені 2027 года. — Міжнароднае супрацоўніцтва. Сумесныя ініцыятывы ў ААН, АБСЕ і ЕС, захаванне ціску на рэжым і прыцягненне яго да адказнасці. Асобна абмеркавалі расійскую вайсковую прысутнасць у Беларусі і пагрозы рэгіянальнай бяспецы. Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусь не павінна стаць разменнай манетай у магчымых мірных перамовах, а яе суверэнітэт павінен быць улічаны ў будучых дамоўленасцях. Святлана Ціханоўская падзякавала Эстоніі за паслядоўную падтрымку дэмакратычнай Беларусі, дапамогу палітвязням і працу Місіі дэмакратычных сілаў у Таліне. Падрабязнасці — у поўным рэлізе на сайце.

  3. +1

    Святлана Ціханоўская правяла першую сустрэчу з новаабранай прэзідэнткай Эстоніі Юле Мадізэ 30 кастрычніка Святлана Ціханоўская правяла ў Таліне першую сустрэчу з прэзідэнткай Эстоніі Юле Мадізэ, якая ўступіла на пасаду 12 кастрычніка. Святлана Ціханоўская — адна з першых, каго прэзідэнтка прыняла ў Таліне. Адной з галоўных тэмаў сустрэчы сталі далейшыя магчымасці супрацоўніцтва паміж Эстоніяй і беларускімі дэмакратычнымі сіламі на міжнародным узроўні. Бакі абмеркавалі правядзенне супольных мерапрыемстваў, у тым ліку — у межах будучых міжнародных візітаў і выступаў. Гэта дазволіць працягваць дыялог і прыцягваць увагу міжнароднай супольнасці да сітуацыі ў Беларусі. Асобную ўвагу надалі пытанням рэгіянальнай бяспекі. Абмеркавалі гібрыдныя атакі рэжыму Лукашэнкі супраць суседніх краін, іх наступствы для Эстоніі і неабходнасць супольнага рэагавання на гэтыя пагрозы. Ціханоўская падкрэсліла, што для дэмакратычнай Беларусі асаблівае значэнне мае супрацоўніцтва з краінамі Балтыі і Польшчай, а пазіцыя Эстоніі застаецца надзвычай важнай. Яшчэ адной важнай тэмай стала становішча беларусаў у Эстоніі. Юле Мадізэ цікавілася жыццём беларускай супольнасці, праблемамі, з якімі сутыкаюцца беларусы, і магчымасцямі іх падтрымкі. Да ўступлення на пасаду прэзідэнткі яна больш за дзесяць гадоў працавала канцлеркай юстыцыі Эстоніі, займаючыся ў тым ліку пытаннямі абароны правоў і свабодаў чалавека. Напрыканцы сустрэчы закранулі тэму жаночага лідарства. Юле Мадізэ стала другой жанчынай на пасадзе прэзідэнта Эстоніі. Святлана Ціханоўская падзялілася досведам беларускіх жанчын у палітыцы і распавяла пра дзейнасць Акадэміі жаночага палітычнага лідарства. Прэзідэнтка Эстоніі выказала падтрымку беларускаму народу і пацвердзіла сваю прынцыповую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

  4. ❤️🇪🇪 Зараз у Таліне праходзіць сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнткай Эстоніі Юле Мадізэ. Гэта першая сустрэча з прэзідэнткай Эстоніі пасля яе ўступлення ў пасаду. Падрабязнасці сустрэчы неўзабаве!

  5. +2

    Святлана Ціханоўская разам з беларусамі Эстоніі ўшанавала памяць расстраляных паэтаў У межах сустрэчы, прысвечанай Ночы расстраляных паэтаў, беларусы чыталі вершы і згадвалі дзеячаў беларускай культуры, забітых сталінскім рэжымам. У сваім выступе Святлана Ціханоўская нагадала, што 89 гадоў таму за адну ноч было амаль знішчана цэлае пакаленне беларускай культуры. Сёння рэжым зноў пераследуе беларускіх пісьменнікаў і выдаўцоў, забараняе кнігі і выцясняе беларускую мову з грамадскага жыцця. «У Беларусі ёсць свая гісторыя, свая мова, свая культура і свае героі. І ніводзін дыктатар не зможа адабраць гэта ў нас. Мы не проста ўспамінаем тых, каго забілі. Мы вяртаем іх галасы». Святлана падзякавала беларускай супольнасці Эстоніі за тое, што яна захоўвае мову і традыцыі, падтрымлівае творцаў і аб’ядноўвае беларусаў, а эстонскім сябрам — за падтрымку беларускай культуры. Пасля памятнай часткі Святлана Ціханоўская паразмаўляла з беларускай дыяспарай у цёплай, нефармальнай атмасферы. Напрыканцы свайго выступу Святлана прачытала верш Міхася Чарота «Я не чакаў», які паэт выдрапаў на сцяне турэмнай камеры ў Мінску перад тым, як быў расстраляны ў 1937 годзе.

  6. Святлана Ціханоўская чытае «Кнігу» Алеся Дудара — да Ночы расстраляных паэтаў У Ноч расстраляных паэтаў мы згадваем тых, чыё жыццё абарваў савецкі тэрор, і чытаем іх творы. Сёлета Святлана Ціханоўская чытае верш Алеся Дудара «Кніга». «Мне хочацца, каб мы чыталі гэтых паэтаў часцей, чым раз на год. Каб ведалі іх вершы, знаходзілі ў іх нешта блізкае сабе, дзяліліся з дзецьмі і сябрамі. У іх было столькі думак, пачуццяў, столькі любові да жыцця. Калі чытаеш іх творы, яшчэ вастрэй разумееш, колькі ў нас забралі. І як важна зберагчы тое, што яны паспелі пакінуць».

  7. «Беларусы павінны мець права вырашаць будучыню сваёй краіны»: намесніца дырэктара Офіса Святланы Ціханоўскай выступіла ў Паўночнай радзе Дэлегацыя дэмакратычных сіл упершыню ўзяла ўдзел у сесіі Паўночнай рады ў Хельсінкі ў статусе міжнародных гасцей. Яе ўзначаліла намесніца дырэктара Офіса Святланы Ціханоўскай Станіслава Гліннік. У склад дэлегацыі таксама ўвайшлі Павел Баркоўскі ад Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Леў Львоўскі ад грамадзянскай супольнасці, прадстаўнік платформы палітычных партый, Маргарыта Ворыхава ад Каардынацыйнай Рады. Удзел дэлегацыі арганізаваны пры садзейнічанні Офіса Рады міністраў Паўночных краін у Літве. Падчас сесіі беларускія прадстаўнікі мелі магчымасць абмеркаваць з парламентарыямі паўночных краін сітуацыю ў Беларусі і далейшае супрацоўніцтва. У выступе Гліннік нагадала пра палітвязняў, рэпрэсіі, пагрозы нашай незалежнасці з боку Расіі і асобна падзякавала за падтрымку Міжнароднага гуманітарнага фонду. Станіслава Гліннік: «У Еўропе не можа быць трывалай бяспекі без дэмакратычнай Беларусі. Беларусь таксама не можа стаць суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусы павінны мець права вырашаць будучыню сваёй краіны. Вось чаму наша прысутнасць тут важная. Наша дэлегацыя прадстаўляе ўсе ключавыя часткі беларускага дэмакратычнага руху. І адгэтуль мы імкнемся зрабіць наша супрацоўніцтва з Паўночным саветам рэгулярным і змястоўным». Беларуская дэлегацыя імкнецца атрымаць статус назіральніка, удзельнічаць у штогадовых сесіях і працаваць з камітэтамі Паўночнай рады. Наступны супольны крок — круглы стол па Беларусі, які плануецца 8 снежня ў Стакгольме.

  8. «Каб такія злачынствы сапраўды назаўжды засталіся ў гісторыі, варта памятаць, як і чыімі рукамі гэтая бойня была зроблена» 29 кастрычніка беларусы адзначаюць Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, які атрымаў назву Ноч расстраляных паэтаў. Менавіта ў гэтую ноч у 1937 г. было забіта 132 прадстаўніка эліты беларускага грамадства. Дарадца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы Павел Церашковіч распавёў пра тое, як савецкія рэпрэсіі і іх выканаўцы паўплывалі на гісторыю Беларусі і чаму іх метады застаюцца актуальнымі сёння: «Каб такія злачынствы сапраўды назаўжды засталіся ў гісторыі і больш не здараліся, варта ўзгадаць і тых, чыімі рукамі гэтая бойня была зроблена. Барыс Берман быў прызначаны на пасаду Наркома ўнутраных спраў БССР у сакавіку 1937 г. Па словах Аляксея Наседкіна, наступнага Наркома, за няпоўны год па загадах Бермана ў Мінску было знішчана 80 тысяч чалавек: «Ён забіў усіх найлепшых камуністаў рэспублікі. Вынішчыў цвет нацыянальнай беларускай інтэлігенцыі. Старанна вышукваў, знаходзіў, выдзіраў і знішчаў усіх, хоць трохі вылучаўся розумам або адданасцю, людзей з працоўнага народа: стаханаўцаў на заводах, старшыняў у калгасах, лепшых брыгадзіраў, пісьменнікаў, навукоўцаў, мастакоў». У траўні 1938 г. Бермана вярнулі ў Маскву, у жніўні — арыштавалі, абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Германіі і расстралялі. Справа Бермана, як рэпрэсаванага, двойчы разглядалася судовымі калегіямі СССР і Расійскай Федерацыі. Вердыкт адназначны — рэабілітацыі не падлягае. Сённяшнія нашчадкі Бермана ў Беларусі не страляюць з наганаў у патыліцу. Але сутнасць іх дзейнасці выглядае падобнай: вышукваць, знаходзіць, выдзіраць і калечыць лёсы людзей, якія вылучаюцца розумам і сумленнем. Ролю «троек», якія без суда і следства падпісвалі расстрэльныя спісы, сёння ва ўніверсітэтах выконваюць прарэктары па бяспецы. Гэта яны складаюць спісы неблаганадзейных, прызначаных для звальнення. Як і ў 1930-х ім і іх калегам асабліва карціць існаванне беларускай мовы, культуры, літаратуры. Так, кнігі не спальваюць, як раней, але ёсць спісы забароненых публікацый, зачыняюцца выдавецтвы, знікаюць літаратурныя газеты і часопісы. І яшчэ, яны старанна спрабуюць выкрасліць з гістарычнай памяці ўсё, што звязана з жудаснымі рэпрэсіямі супраць беларусаў, а таксама і палякаў, габрэяў, літоўцаў і латышоў, здзейсненымі іх папярэднікамі ў 1930-х. Не атрымаецца. Пра вердыкт выканаўцам чытайце вышэй». Поўны тэкст.

  9. Чорная ноч у беларускай гісторыі У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску супрацоўнікі НКУС расстралялі 132 чалавекі. Сярод іх — беларускія паэты, пісьменнікі, навукоўцы. Іх творы забаранялі, рукапісы палілі, імёны выкрэслівалі з гісторыі. У новым відэа Святлана Ціханоўская расказвае пра «Ноч расстраляных паэтаў», пра страчаныя жыцці і тое, чаму ў гэтай трагедыі мы пазнаём сённяшнюю Беларусь. «Яны разлічвалі сцерці і саміх людзей, і памяць пра іх. Частку твораў мы ўжо ніколі не прачытаем. Пра многія задумы так і не даведаемся. Але захаваныя вершы можна адкрыць і сёння. У творах ёсць каханне, сяброўства, радасць, трывога. Ёсць знаёмыя нам пачуцці. Паспрабуйце сёння знайсці адзін верш расстралянага паэта. Прачытайце яго для сябе ці сваім блізкім. Вядома, гэта не верне забітым жыццё. Але сёння мы можам пачуць іх словы, даведацца пра іх мары і разам адчуць іх радасць і боль». Тэкст прамовы. Па ўсім свеце пройдуць мерапрыемствы да Ночы расстраляных паэтаў. Далучайцеся! Поўны спіс тут.

  10. Сустрэчы з прэм’ер-міністрам і міністаркай замежных справаў Ірландыі, канферэнцыя пра нацыянальную ідэнтычнасць: вынікі візіту Святланы Ціханоўскай у Дублін 26–28 кастрычніка Святлана Ціханоўская знаходзілася з працоўным візітам у Ірландыі. За гэтыя дні кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета: – сустрэлася з прэм’ер-міністрам Ірландыі Міхалам О’Марцінам; – правяла сустрэчу з міністаркай замежных справаў і гандлю Ірландыі Хелен Макэнці; – выступіла на адкрыцці канферэнцыі «Ірландыя — Беларусь: нацыянальныя культурныя ідэнтычнасці», арганізаванай Міністэрствам замежных справаў Ірландыі сумесна з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і Офісам Святланы Ціханоўскай; – сустрэлася з беларускай дыяспарай у Ірландыі, абмеркавала актуальныя праблемы беларусаў, падтрымку беларускай супольнасці і захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці; – правяла працоўную сустрэчу з амбасадарамі 13 краінаў. Падчас візіту Ціханоўская абмеркавала з ірландскімі партнёрамі сітуацыю ў Беларусі, вызваленне палітвязняў, падтрымку Украіны, удзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі, еўрапейскую будучыню Беларусі і далейшае супрацоўніцтва. Асобная ўвага была нададзеная захаванню беларускай культуры, мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама праблемам беларусаў за мяжой. Святлана Ціханоўская: «Я шчыра ўдзячная Ірландыі за цёплы прыём, салідарнасць і паслядоўную падтрымку беларускага народа. Асаблівая падзяка прэм’ер-міністру Міхалу О’Марціну, міністарцы замежных справаў Хелен Макэнці і ўсім нашым ірландскім партнёрам за ўвагу да Беларусі і гатоўнасць працягваць супрацоўніцтва. Для мяне Ірландыя — асаблівая краіна, бо менавіта тут у дзяцінстве я ўпершыню адчула, што такое еўрапейская салідарнасць. Сёння гэтая падтрымка важная для тысяч беларусаў, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю. Асабліва цёплай стала сустрэча з беларусамі Ірландыі. Такія сустрэчы заўсёды надаюць мне сіл і нагадваюць, дзеля чаго мы працягваем нашу працу. Дзякуй кожнаму і кожнай за шчырасць, падтрымку, за тое, што захоўваеце беларускую мову, культуру і сувязь з радзімай». Усе навіны з візіту — на сайце.

  11. Дакументы для беларусаў і дапамога палітвязням: сустрэча Ціханоўскай з міністаркай замежных спраў Ірландыі 28 кастрычніка ў Дубліне Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністаркай замежных спраў і гандлю Ірландыі Хелен Макэнці. Асобная ўвага — беларусам, якія не могуць атрымаць пашпарты. Ціханоўская перадала канкрэтныя выпадкі і прапановы па дапамозе. Міністарка паабяцала абмеркаваць з міністрам юстыцыі магчымыя рашэнні, у тым ліку дапамогу ва ўз’яднанні сем’яў. Таксама гаварылі пра вызваленне палітвязняў, адказнасць за рэпрэсіі і падтрымку беларускіх незалежных ініцыятыў. Ціханоўская заклікала разгледзець магчымасць новага ўнёску ў Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі рэпрэсаваным беларусам — на лячэнне, рэабілітацыю і падтрымку людзей пасля зняволення. Святлана Ціханоўская: «Для мяне Ірландыя — асаблівая краіна. Я праводзіла тут лета ў дзяцінстве і добра ведаю, наколькі моцнай можа быць падтрымка ірландцаў. Сёння гэтая падтрымка патрэбная тысячам беларусаў. Камусьці — каб атрымаць дакументы і ўз’яднацца з сям’ёй. Камусьці — каб аднавіць здароўе пасля турмы. А тым, хто застаецца ў Беларусі — каб ведаць, што свет пра іх не забыўся. Я вельмі ўдзячная Ірландыі за дапамогу ў вырашэнні канкрэтных праблем людзей. Мы хочам, каб Беларусь стала свабоднай еўрапейскай краінай. І вельмі важна, што на гэтым шляху ў нас ёсць такія сябры». Падрабязней пра вынікі сустрэчы — на сайце.

  12. +3

    Дарадца Ціханоўскай — пра вынікі беларуска-ірландскай канферэнцыі ў Дубліне 27 кастрычніка ў Дубліне прайшла канферэнцыя «Ірландыя і Беларусь: нацыянальная і культурная ідэнтычнасць», арганізаваная МЗС Ірландыі, Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і Офісам Святланы Ціханоўскай. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў пра падрыхтоўку сустрэчы, яе ўдзельнікаў і магчымасці падтрымкі беларускай культуры: «Канферэнцыю рыхтавалі больш за два гады. Яна прайшла ў межах старшынства Ірландыі ў Радзе Еўрапейскага саюза як афіцыйная частка яго праграмы. Для нас гэта магчымасць прадставіць беларускую культуру. Больш за 90 працэнтаў аўдыторыі — ірландцы: інтэлігенцыя, людзі культуры і прадстаўнікі ўраду. Шмат дыскусій было пра паралелі ў ірландскай і беларускай гісторыі, змаганне за сваю мову, культуру, ідэнтычнасць і нацыянальную гістарычную памяць. Гэтую тэму выбралі невыпадкова. Ірландцы падзяліліся сваім досведам захавання ірландскай мовы, аднаўлення гісторыі, ідэнтычнасці і традыцый. Беларускія ўдзельнікі прадстаўлялі свае праекты, а таксама дзяліліся праблемамі, з якімі сутыкаюцца. Разам шукалі паралелі і магчымасці ўзаемадапамогі». На канферэнцыі Купалаўцы паказалі ўрыўкі са спектакля «Translations», выступілі Андрэй Хадановіч, прадстаўнікі Інстытута беларускай мовы, журналісты і кінакрытыкі. Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці і ўзяла ўдзел у дыскусіі з дзяржаўным міністрам Ірландыі па еўрапейскіх справах і абароне Томасам Бірнам.

  13. edited

    Ноч (не)расстраляных паэтаў у Вільні 29 кастрычніка беларусы Вільні збяруцца разам, каб ушанаваць памяць расстраляных беларускіх паэтаў і іншых дзеячаў культуры, чые жыцці забраў сталінскі тэрор. Захоўваць памяць пра іх — значыць захоўваць беларускую культуру, вяртаць імёны, якія спрабавалі сцерці, і перадаваць нашу спадчыну наступным пакаленням. Офіс Святланы Ціханоўскай запрашае далучыцца да вечара памяці. У імпрэзе возьме ўдзел дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях інклюзіўнасці і раўнапраўя Юлія Міцкевіч. У праграме паэтычныя чытанні, музычныя і тэатральныя выступленні і адкрыты мікрафон. Калі? 29 кастрычніка 2026 года, чацвер, 19:30 Дзе? Сквер каля Музея акупацыі і барацьбы за свабоду, Aukų g. 2A, Вільнюс Уваход вольны. Далучайцеся!

  14. Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Ірландыі Міхалам О’Марцінам 27 кастрычніка ў Дубліне Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам Ірландыі Міхалам О’Марцінам. Абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, вызваленне палітвязняў, падтрымку Украіны і еўрапейскую будучыню Беларусі. Ціханоўская распавяла пра працяг рэпрэсіяў, удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны і пра беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца на ўкраінскім баку. Таксама гаварылі пра дапамогу Украіне беларускімі валанцёрамі напярэдадні зімы. Асобную ўвагу надалі вызваленню палітвязняў, дапамозе рэпрэсаваным і падтрымцы беларусаў, вымушаных пакінуць краіну. Абмеркавалі таксама праблемы легалізацыі беларусаў і пратэрмінаваных пашпартоў. Яшчэ адной важнай тэмай стала еўрапейская будучыня Беларусі. Ціханоўская падкрэсліла, што беларусам важна чуць ад лідараў ЕС выразнае пасланне: «Беларусь — частка Еўропы, і яе будучыня — у еўрапейскай сям’і». Міхал О’Марцін выказаў гатоўнасць падтрымліваць гэтую пазіцыю, у тым ліку падчас будучага саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ірландыі. Поўны рэліз сустрэчы — па спасылцы.

  15. ❤️🇮🇪 Прама цяпер ідзе сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Ірландыі Міхалам О’Марцінам Падрабязнасці — неўзабаве

  16. edited

    Святлана Ціханоўская: «Жыццё і свабода кожнага і кожнай — наш агульны прыярытэт» У сваім відэазвароце Святлана Ціханоўская адгукнулася на ліст за вызваленне палітвязняў. Яна падтрымала патрабаванні вызваліць людзей і спыніць рэпрэсіі, расказала пра працу з міжнароднымі партнёрамі і патлумачыла, чаму для вызваленняў патрэбныя і ціск, і перамовы. «Хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто падпісаў ліст за вызваленне палітвязняў. Я з вялікай павагай стаўлюся да ўсіх былых палітвязняў — і тых, хто падпісаў ліст, і тых, хто выказвае сумневы. І я сама падпісала б яго, бо падзяляю ваш боль, і выказаныя патрабаванні — вызваліць людзей, спыніць рэпрэсіі, каб усе маглі вярнуцца дадому. Яны справядлівыя. І я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб ваш голас быў пачуты. Не трэба спрачацца, хто больш хоча вызвалення людзей. Нельга дазваляць рэжыму нас раскалоць. Тыя дылемы, якія закідваюцца, — ціск ці дыялог, перамовы ці санкцыі — фальшывыя. Адно без другога не працуе. Без ціску рэжым не будзе весці сур’ёзны дыялог».

  17. Дакументы, легалізацыя, сацыяльная падтрымка: як беларусам ва Украіне атрымаць дапамогу? Пры Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Украіне працуе сацыяльная прыёмная. Тут беларусам дапамагаюць разабрацца ў складаных сітуацыях: ад пратэрмінаванага пашпарта да пытанняў статусу дзяцей, дакументаў і выплат для добраахвотнікаў і іх сем’яў. Каманда дапамагае разабрацца ў канкрэтнай сітуацыі: з чаго пачаць, якія дакументы падрыхтаваць і да якіх спецыялістаў звярнуцца. Вольга Зазулінская, кіраўніца Місіі, расказвае, як узнікла ідэя сацыяльнай прыёмнай і чаму важна мець магчымасць асабіста абмеркаваць сваю сітуацыю: «Яшчэ падчас працы ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце я рэгулярна атрымлівала звароты ад беларусаў: у кагосьці праблемы з дакументамі, у кагосьці — з легалізацыяй, службай ці сацыяльнай падтрымкай. Людзям часта было незразумела, куды ісці і з чаго пачаць. Разам з тагачаснай камандай Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы мы пачалі распрацоўваць фармат прыёмных у розных краінах. Да нас ужо прыходзілі людзі з пратэрмінаванымі пашпартамі, якім небяспечна вяртацца ў Беларусь, сем’і з пытаннямі пра статус дзяцей, добраахвотнікі і іх блізкія — з пытаннямі дакументаў, выплат і сацыяльных гарантый. За кожным зваротам — свае абставіны. Мы дапамагаем вызначыць наступныя крокі, разабрацца, якія дакументы спатрэбяцца і да каго звярнуцца. Калі патрэбны адвакат ці іншы спецыяліст, дапамагаем яго знайсці і пры неабходнасці застаёмся на сувязі». Сацыяльная прыёмная не замяняе дзяржаўныя органы, адвакатаў або іншыя профільныя службы і не прымае рашэнні замест іх. Яе задача — дапамагчы вызначыць наступныя крокі, знайсці патрэбных спецыялістаў і пры неабходнасці суправаджаць далейшую камунікацыю. Наступны прыём — 30 кастрычніка, з 10:00 да 17:00. Звярнуцца могуць беларусы ва Украіне незалежна ад статусу знаходжання. Каб запісацца, запоўніце форму. Пасля рэгістрацыі і верыфікацыі каманда звяжацца з вамі і паведаміць дэталі.

  18. edited

    Сёння на папцы Святланы Ціханоўскай — Вацлаў Арэшка. 71-гадовы палітолаг, культуролаг і актывіст незалежнага прафсаюза РЭП быў асуджаны да 8 гадоў увязнення. Сёння ён знаходзіцца ў ПК № 22 («Воўчыя норы»). У няволі Вацлаў практычна страціў зрок. Ён не можа самастойна чытаць і пісаць, а па камеры і атрадзе перасоўваецца навобмацак, праз што часта падае і атрымлівае траўмы. Нягледзячы на крытычны стан, належнай медыцынскай дапамогі ён не атрымлівае, а ў афармленні інваліднасці яму адмаўляюць.

  19. «Для мяне Еўропа пачалася ў Ірландыі», — Святлана Ціханоўская падзялілася асабістымі ўспамінамі падчас канферэнцыі ў Дубліне Падлеткам беларуская лідарка некалькі разоў прыязджала ў Ірландыю па праграме аздараўлення дзяцей, якія пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Яна жыла ў сям’і Генры і Мэрыян Дын у мястэчку Роскра, графства Тыперэры. Менавіта там Святлана ўпершыню бліжэй пазнаёмілася з еўрапейскай культурай і каштоўнасцямі. «Я вывучыла тут англійскую мову, і нават трохі ірландскай. Я адкрыла для сябе іншую культуру. Але самае галоўнае — я адкрыла для сябе іншы спосаб жыцця. Я ўбачыла, што людзі могуць свабодна гаварыць. Што яны могуць не пагаджацца з урадам і пры гэтым не баяцца. У той час я была занадта маладой, каб зразумець, што такое дэмакратыя насамрэч. Але я магла адчуць, што такое свабода. І я думаю, гэта тое, што ніколі не забываецца. Ірландыя дапамагла сфарміраваць мяне як асобу. Яна сфарміравала мае каштоўнасці і маю еўрапейскую ідэнтычнасць. Задоўга да таго, як я даведалася пра Еўрапейскі Саюз, я адчула еўрапейскія каштоўнасці праз звычайных ірландцаў. Праз сям’ю, якая адчыніла дзверы свайго дома для беларускай дзяўчынкі. Праз суседзяў, якія ставіліся да мяне як да сваёй. Для мяне Еўропа пачалася ў Ірландыі. І Ірландыя дала мне яшчэ адзін важны ўрок. Можна любіць сваю краіну, сваю мову і свае традыцыі — і пры гэтым заставацца адкрытым свету».

  20. «Абараняць нашу культуру і ідэнтычнасць — азначае абараняць нашу свабоду» Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці канферэнцыі «Ірландыя — Беларусь: нацыянальныя культурныя ідэнтычнасці», якая праходзіць у Дубліне. Мерапрыемства арганізавана Міністэрствам замежных спраў Ірландыі сумесна з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам і Офісам Святланы Ціханоўскай у межах ірландскага старшынства ў Радзе ЕС. Канферэнцыя аб’яднала каля 200 удзельнікаў, сярод якіх — палітыкі, пісьменнікі, мовазнаўцы і дзеячы культуры з Беларусі і Ірландыі. У цэнтры дыскусій — роля мовы ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, палітычныя аспекты культурнай незалежнасці і значэнне тэатра ў асэнсаванні гісторыі двух народаў. У сваім выступе Святлана Ціханоўская адзначыла, што, нягледзячы на русіфікацыю, цэнзуру і рэпрэсіі, беларусы працягваюць захоўваць сваю ідэнтычнасць. Асаблівую ўвагу яна звярнула на культурнае абуджэнне 2020 года і ролю беларускіх дзеячаў культуры, якія працягваюць працаваць як унутры краіны, так і ў эміграцыі. «Наша нацыянальная ідэнтычнасць — гэта не толькі захаванне мінулага. Гэта яшчэ і абарона нашай будучыні. Таму што так званы «рускі свет» пабудаваны на ідэі, нібыта Беларусь і Украіна — гэта проста працяг Расіі. Але Беларусь — гэта не Расія. Сёння рэжым у Беларусі праводзіць палітыку русіфікацыі — так сама, як гэта робіць Расія на акупаваных тэрыторыях Украіны, намагаючыся ператварыць нас у рускіх. Спачатку табе кажуць, што твая мова не мае значэння. Потым — што твая гісторыя не мае значэння. І нарэшце — што твая краіна не мае значэння. Вось чаму падтрымка культуры, абарона нашых моў і ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці так важныя сёння — як для ўкраінцаў, так і для беларусаў».

  21. Older posts