Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Эстоніі 30 кастрычніка ў Таліне Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з Маргусам Цахкнам у Міністэрстве замежных справаў Эстоніі. З нагоды візіту ў будынку МЗС былі выстаўленыя эстонскія і беларускія нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Галоўныя тэмы сустрэчы: — Вызваленне палітвязняў. Каардынацыя намаганняў Эстоніі, ЕС і ЗША для вызвалення ўсіх зняволеных і спынення рэпрэсій. Асобна абмеркавалі падтрымку рэпрэсаваных праз Міжнародны гуманітарны фонд. — Дапамога беларусам. Пытанні легалізацыі, дакументаў, візаў і абароны правоў беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну. — Падтрымка Украіны. Магчымасці ўдзелу беларускіх дэмакратычных сілаў у Канферэнцыі па аднаўленні Украіны, якая адбудзецца ў Таліне ў студзені 2027 года. — Міжнароднае супрацоўніцтва. Сумесныя ініцыятывы ў ААН, АБСЕ і ЕС, захаванне ціску на рэжым і прыцягненне яго да адказнасці. Асобна абмеркавалі расійскую вайсковую прысутнасць у Беларусі і пагрозы рэгіянальнай бяспецы. Ціханоўская падкрэсліла, што Беларусь не павінна стаць разменнай манетай у магчымых мірных перамовах, а яе суверэнітэт павінен быць улічаны ў будучых дамоўленасцях. Святлана Ціханоўская падзякавала Эстоніі за паслядоўную падтрымку дэмакратычнай Беларусі, дапамогу палітвязням і працу Місіі дэмакратычных сілаў у Таліне. Падрабязнасці — у поўным рэлізе на сайце.