Ціханоўская — прэм’еру Канады: «Нельга саступаць дыктатарам. Беларусь не павінна стаць суцяшальным прызам для Пуціна»
12 лістапада, на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне, Святлана Ціханоўская паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Канады Маркам Карні.
Яны абмеркавалі ход перамоваў аб завяршэнні вайны ва Украіне і будучыню Беларусі. Ціханоўская падкрэсліла, што мір павінен быць справядлівым і трывалым, а Беларусь не павінна застацца пад кантролем Расіі.
«Нельга саступаць дыктатарам. Мы ўсе хочам міру, але не коштам незалежнасці іншых народаў. Для беларусаў вельмі важна, каб у выніку перамоваў наша краіна не стала суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь не павінна быць разменнай манетай. Без свабоднай і незалежнай Беларусі не будзе трывалай бяспекі ў рэгіёне»,
— адзначыла Ціханоўская.
Асобна абмеркавалі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку — на беларускія калійныя ўгнаенні, а таксама далейшую палітыку міжнароднага ціску на рэжым да дасягнення сістэмных змен у Беларусі. Канада з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў калійных угнаенняў.
Ціханоўская падзякавала Канадзе за паслядоўную падтрымку беларускага народа і беларускай грамадзянскай супольнасці.
Святлана Ціханоўская наўпрост з саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці
«Для мяне самае важнае, каб еўрапейскія лідары бачылі ў Беларусі не толькі праблему, але і будучага партнёра. І каб любыя размовы пра Беларусь былі з удзелам беларусаў»
Святлана Ціханоўская паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Грузіі Іракліем Кабахідзэ і міністаркай замежных спраў Макай Бачарышвілі на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне
Ціханоўская звярнула ўвагу на пытанні беларусаў у Грузіі, у тым ліку праблемы з легалізацыяй, дакументамі і атрыманнем дазволаў на пражыванне.
Ціханоўская падкрэсліла важнасць абароны правоў беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну праз палітычны пераслед.
Святлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з новым прэм’ер-міністрам Венгрыі Петэрам Мадзярам
На палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне адбылася першая сустрэча Святланы Ціханоўскай з новым прэм’ер-міністрам Венгрыі Петэрам Мадзярам.
Ціханоўская павіншавала прэм’ер-міністра з перамогай на парламенцкіх выбарах і выказала спадзяванне на развіццё супрацоўніцтва дзеля ўмацавання адносінаў паміж беларускім і венгерскім народамі.
Падчас сустрэчы абмеркавалі магчымасці далейшага супрацоўніцтва, падтрымку беларускага грамадства, а таксама перспектыву візіту Святланы Ціханоўскай у Будапешт.
edited
Падтрымка Украіны, беларускіх незалежных медыя і грамадзянскай супольнасці — пра што гаварылі Ціханоўская і старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен у Дубліне?
12 лістапада перад пачаткам саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці Святлана Ціханоўская сустрэлася са старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен.
Галоўнае:
— Ціханоўская падзякавала ЕС за дапамогу Украіне і падкрэсліла, што будучыня абедзвюх краін непарыўна звязаная. Свабодная Беларусь зробіць больш бяспечнай усю Еўропу.
— Захаванне праграм падтрымкі. Абмеркавалі працяг і ўзмацненне еўрапейскай дапамогі для незалежных медыяў, праваабаронцаў, культурных і моладзевых ініцыятыў, а таксама для пацярпелых ад рэпрэсій.
«Беларускія незалежныя медыя штогод дасягаюць мільёнаў беларусаў. Яны даносяць праўду, супрацьстаяць расійскай прапагандзе і дапамагаюць людзям не губляць сувязь са свабодным светам.
Нашы праваабаронцы ратуюць людзей ад пераследу, дапамагаюць палітвязням і іх сем’ям. Культурныя дзеячы захоўваюць беларускую мову, культуру і нацыянальную ідэнтычнасць. А моладзевыя і адукацыйныя праграмы выхоўваюць новае пакаленне беларусаў, якія бачаць сваю будучыню ў Еўропе.
Гэта тое, што дапамагае беларускаму грамадству выстаяць, захоўваць сваю еўрапейскую ідэнтычнасць і рыхтавацца да дэмакратычных пераменаў»,
— адзначыла Ціханоўская.
З кім Святлана Ціханоўская сустрэлася на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці?
Сёння Святлана Ціханоўская знаходзіцца ў Дубліне на IX саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці, дзе сабраліся кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў і ўрадаў, а таксама прадстаўнікі міжнародных інстытуцый, каб абмеркаваць бяспеку, супрацоўніцтва і будучыню Еўропы.
Падчас сустрэч беларуская лідарка ўздымае тэмы бяспекі рэгіёна, падтрымкі Украіны, вызвалення палітзняволеных і ўзмацнення дапамогі ЕС беларускім незалежным медыя, праваабаронцам, моладзі, культурным ініцыятывам і пацярпелым ад рэпрэсій.
На палях саміту Святлана Ціханоўская ўжо сустрэлася з:
🇱🇹 прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам;
🇮🇪 прэм’ер-міністрам Ірландыі Міхолам Марцінам;
🇪🇺 старшынёй Еўрапейскай рады Антоніу Коштам;
🇪🇺 старшынёй Еўрапейскага парламента Рабертай Метсолай;
генеральным сакратаром Савета Еўропы Аленам Берсэ;
🇪🇺 старшынёй Еўрапейскай камісіі Урсулай фон дэр Ляен;
🇺🇦 прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім;
🇵🇱 прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам;
🇦🇲 міністрам замежных спраў Арменіі Араратам Мірзаянам;
🇲🇩 прэзідэнткай Малдовы Маяй Санду;
🇸🇮 прэм’ер-міністрам Славеніі Янезам Яншам;
🇮🇸 былой міністаркай замежных спраў Ісландыі Тордзіс Колбрун Рэйкф’ёрд Гільфадоўцір;
🇧🇬 прэм’ер-міністрам Балгарыі Руменам Радзевым;
🇭🇺 прэм’ер-міністрам Венгрыі Петэрам Мадзярам.
🤫 Саміт працягваецца. Працуем далей!
Святлана Ціханоўская пачала ўдзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці з сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім
«Я пачала свой удзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Дубліне з сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Перадала яму словы салідарнасці і падтрымкі ад беларусаў. Мы стаім на баку Украіны і ўкраінскага народа. Сёння як ніколі важна ўзмацніць падтрымку Украіны, каб спыніць расійскую агрэсію і дасягнуць справядлівага і трывалага міру.
Лёсы Беларусі і Украіны непарыўна звязаныя. Ад выніку гэтай вайны залежыць і будучыня нашай краіны. Мір павінен быць на ўмовах Украіны, з надзейнымі гарантыямі бяспекі, якія не дазволяць Расіі напасці зноў.
Беларускае пытанне павінна стаць часткай перамоваў пра трывалы мір. Нельга дапусціць, каб Беларусь засталася пад кантролем Расіі або стала суцяшальным прызам для Пуціна. Неабходна вывесці расійскія войскі з Беларусі і аднавіць сапраўдную незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны. Без гэтага не будзе трывалай бяспекі ні для Украіны, ні для ўсяго рэгіёна.
Мы абмеркавалі ролю рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі і важнасць недапушчэння ўцягвання беларускай арміі ў вайну. Рэжым Лукашэнкі нясе поўную адказнасць за свае злачынствы і падтрымку расійскай агрэсіі. Таму міжнародны ціск на рэжым, у тым ліку санкцыйны, павінен працягвацца.
Таксама абмеркавалі падтрымку беларусаў ва Украіне, у тым ліку вырашэнне праблем з дакументамі і легалізацыяй.
Мы хочам бачыць Украіну моцнай, незалежнай і мірнай, а Беларусь — свабоднай і дэмакратычнай. Нашы народы заслугоўваюць бяспечнай еўрапейскай будучыні».
Святлана Ціханоўская выступіла з уступным словам перад пачаткам саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці і акрэсліла тры галоўныя пасланні, з якімі прыехала:
1. Неабходнасць справядлівага і трывалага міру для Украіны.
2. Уключэнне беларускага пытання ў мірныя перамовы.
3. Працяг міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі дзеля вызвалення палітвязняў.
«Без свабоднай і дэмакратычнай Беларусі не будзе бяспекі ні для Украіны, ні для еўрапейскіх краін. Беларусь — частка еўрапейскай сям'і, гэтак жа як і Украіна, і еўрапейскі праект не будзе завершаны без нашых краін у складзе Еўрапейскага саюза»,
— падкрэсліла Святлана Ціханоўская.
Сёння Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці
На пачатку мерапрыемства яе асабіста прывітаў прэм’ер-міністр Ірландыі Міхол Марцін. У саміце ўдзельнічаюць прэзідэнты, прэм’ер-міністры і іншыя высокапастаўленыя прадстаўнікі еўрапейскіх дзяржаў.
«Наперадзе — важныя сустрэчы і перамовы з еўрапейскімі лідарамі. Гэта магчымасць абмеркаваць будучыню Беларусі, пытанні рэгіянальнай бяспекі і ролю нашай краіны ў еўрапейскай супольнасці»,
— адзначыла Ціханоўская.
Наперадзе — насычаная праграма, важныя сустрэчы і шмат цікавага. Сачыце за афіцыйнымі каналамі, каб нічога не прапусціць!
Святлана Ціханоўская — да гадавіны забойства Рамана Бандарэнкі
«Шэсць гадоў таму мне было вельмі цяжка знайсці словы пасля забойства Рамана. І сёння гэта ўсё гэтак жа цяжка. Нават сама думка пра тое, што чалавек можа выйсці ў свой двор і быць там забітым, дагэтуль не ўкладаецца ў галаве.
За гэтыя шэсць гадоў не адбылося таго, што павінна было адбыцца з самага пачатку: сумленнага і празрыстага расследавання. Крымінальную справу прыпынілі яшчэ ў 2021 годзе, а вінаватыя дагэтуль не панеслі адказнасці. Пры гэтым у журналісцкіх расследаваннях даўно названыя імёны людзей, чыю датычнасць да злачынства трэба праверыць.
Рамана забілі, а потым зрабілі выгляд, што нічога не адбылося. Але адчуванне гэтай страшнай несправядлівасці нікуды не знікла.
Мы памятаем Рамана. Яго твар і словы: «Я выходжу». Памятаем, што з ім зрабілі, і як цяжка яго родным. І памятаем, колькі пытанняў усё яшчэ чакаюць адказаў.
Мы будзем дамагацца сапраўднага расследавання і адказнасці для ўсіх, хто мае дачыненне да яго смерці. Бо, нягледзячы на час, які мінуў, нам па-ранейшаму патрэбная справядлівасць. Шэсць гадоў маўчання не сціраюць ні злачынства, ні адказнасці за яго».
8 актуальных збораў для беларусаў, да якіх вы можаце далучыцца
Дапамога пасля вызвалення з турмы, падтрымка сем’яў палітвязняў, юрыдычныя кансультацыі і калядныя падарункі для дзяцей — сабралі восем ініцыятываў, якім цяпер асабліва патрэбная падтрымка.
1. Шэлтары для былых палітвязняў у Вільні. Фонд «Краіна для жыцця» збірае 10 000 € на самае неабходнае для шэлтараў.
2. «Ялінка-2026» для беларускіх дзяцей. Музей Вольнай Беларусі рыхтуе свята для каля 50 дзяцей. Патрэбныя сродкі на падарункі.
3. Ініцыятыва «Вольныя». Падтрымка дзейнасці ініцыятывы, якая дапамагае былым палітвязням.
4. Цэнтр Беларускай Салідарнасці. Збор на захаванне юрыдычнай дапамогі беларусам і адукацыйных праграм для дзяцей.
5. «Сябар сям’і» палітвязня. Фінансавая падтрымка сем’яў палітвязняў.
6. «Дапамога мігранту». Кансультацыі па легалізацыі для беларусаў у Літве.
7. «Псіхолаг побач». Псіхалагічная дапамога беларусам.
8. «Юрыст на сувязі». Прававая дапамога беларусам у складаных сітуацыях.
Важна: не рабіце данаты з беларускіх картак або з тэрыторыі Беларусі. Беражыце сябе.
Святлана Ціханоўская:
«Я часта думаю пра тое, колькі ўсяго мы ўжо зрабілі адно для аднаго. І колькі з гэтага засталося па-за навінамі. Проста нехта ў патрэбны момант не прайшоў міма. Мне хочацца, каб мы захавалі гэтую звычку — заўважаць чужую бяду і адгукацца».
Правы беларусаў у Літве, прызнанне пасведчанняў кіроўцы і новыя сумесныя ініцыятывы — сустрэча з кіраўніком групы «За дэмакратычную Беларусь» Сейма Літвы
Дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі і дарадца па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька сустрэліся з кіраўніком групы «За дэмакратычную Беларусь» Сейма Літвы Русланасам Баранавасам.
Асноўныя тэмы сустрэчы:
— Пасведчанні кіроўцы: пошук рашэнняў для прызнання і абмену беларускіх пасведчанняў на еўрапейскія.
— Падтрымка сем’яў: фінансавая дапамога беларусам, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю.
— Новыя ініцыятывы: запуск Школы парламентарызму, экспертныя сустрэчы з дэпутатамі Сейма і ўдзел беларусаў у мясцовых выбарчых кампаніях у Літве.
— Міжнароднае супрацоўніцтва: сумесная праца ў ПАРЕ і ПА АБСЕ, планы на час старшынства Літвы ў Радзе ЕС у 2027 годзе.
Таксама падвялі вынікі 2026 года. Сярод галоўных дасягненняў — захаванне важных правоў беларусаў у Літве, падтрымка палітвязняў літоўскімі парламентарыямі і прасоўванне беларускіх ініцыятываў на міжнародным узроўні.
Бакі дамовіліся працягнуць працу над практычнымі рашэннямі, якія дапамогуць беларусам у Літве, і развіваць сумесныя парламенцкія ініцыятывы.
«Мы вельмі цэнім, што падтрымка беларусаў застаецца важнай тэмай для літоўскага парламента. У наступным годзе мы хочам пашырыць нашае супрацоўніцтва, асабліва на еўрапейскім узроўні. Старшынства Літвы ў Радзе ЕС адкрывае для гэтага новыя магчымасці, і важна імі скарыстацца»,
— адзначыў Дзяніс Кучынскі.
«Мы абавязаныя займацца гэтымі пытаннямі, нават калі вынік не будзе хуткім»
У размове з «Белсатам» кіраўніца Місіі беларускіх дэмакратычных сілаў ва Украіне Вольга Зазулінская распавяла пра прагрэс у вырашэнні праблем беларусаў ва Украіне, складанасці з легалізацыяй і падтрымкай сем’яў беларускіх добраахвотнікаў, а таксама пра падрыхтоўку наступнага візіту Святланы Ціханоўскай.
Галоўнае з інтэрв’ю:
Пра легалізацыю беларусаў і праблемы з дакументамі
«Пэўны прагрэс ёсць, але я не хацела б ствараць уражанне, што праблемы ўжо вырашаныя, бо гэта, на жаль, не адпавядае рэчаіснасці. Асабліва складанай застаецца сітуацыя з пашпартамі і даведкамі, якіх патрабуюць украінскія дзяржаўныя органы. Пры гэтым з такімі праблемамі сутыкаюцца не толькі тыя, хто нядаўна прыехаў, але і беларусы, якія жывуць ва Украіне шмат гадоў, маюць сем’і і сталы дазвол на жыхарства. Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны падрыхтавала заканадаўчыя прапановы, якія могуць дазволіць некаторым катэгорыям беларусаў падавацца на легалізацыю з пратэрмінаванымі пашпартамі. Аднак пакуль гэта толькі заканадаўчая ініцыятыва, а не змены, якімі ўжо можна скарыстацца».
Пра наступны візіт Святланы Ціханоўскай ва Украіну
«Наступны візіт плануецца, мы шукаем магчымыя даты. Пасля майскага візіту працягнуліся кантакты з украінскім МЗС, адбыліся новыя сустрэчы і абмеркаванні пытанняў бяспекі, санкцый, адказнасці рэжыму Лукашэнкі і супрацоўніцтва на гуманітарных напрамках. Цяпер Місія займаецца падрыхтоўкай змястоўнага парадку дня для далейшых кантактаў. Мне хацелася б, каб побач з вялікімі палітычнымі пытаннямі ў ім знайшлося месца для канкрэтных праблем беларусаў ва Украіне, добраахвотнікаў і іх сем’яў, а таксама людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні за падтрымку Украіны».
«Крыніца»: Офіс Святланы Ціханоўскай запусціў платформу ўзаемадапамогі для беларускіх арганізацый
Патрэбнае памяшканне для мерапрыемства, тэхніка ці дапамога спецыяліста? А можа, у вашай арганізацыі ёсць рэсурсы, якімі вы гатовыя падзяліцца?
Для гэтага была створана «Крыніца» — закрытая платформа, якая дапамагае беларускім арганізацыям знаходзіць неабходнае.
Як гэта працуе?
Арганізацыі могуць размяшчаць на платформе свае прапановы і шукаць тое, што ім патрэбна: памяшканні, тэхніку, мэблю, экспертызу і іншыя рэсурсы.Імі можна карыстацца на розных умовах: пазычаць, перадаваць, атрымліваць за данат ці дамаўляцца пра іншы фармат.
«Крыніца» пабудаваная на прынцыпах салідарнасці і ўзаемападтрымкі. Часта неабходнае ўжо ёсць у беларускай супольнасці — важна толькі дапамагчы арганізацыям знайсці адна адну. Гэта дазваляе эканоміць сродкі і больш эфектыўна выкарыстоўваць свае магчымасці.
Хто можа далучыцца?
Беларускія НДА, ініцыятывы грамадзянскай супольнасці і дыяспаральныя арганізацыі. Платформа закрытая, таму перад атрыманнем доступу кожная арганізацыя праходзіць праверку.
Калі вам актуальная такая магчымасць — запоўніце форму па спасылца. Пасля разгляду заяўкі з вамі звяжуцца, каб распавесці пра наступныя крокі.
Больш пра платформу і прынцыпы яе працы — на нашым сайце.
Палітвязні, бяспека і падтрымка беларусаў — візіт Святланы Ціханоўскай у Берлін
9 лістапада Святлана Ціханоўская наведала Берлін, дзе правяла сустрэчы з нямецкімі палітыкамі, узяла ўдзел у міжнародных мерапрыемствах і сустрэлася з беларускай супольнасцю Германіі.
Галоўнае за дзень:
— Сустрэча ў Бундэстагу. З кіраўніком групы «За дэмакратычную Беларусь» Кнутам Абрахамам абмеркавалі новую рэзалюцыю па Беларусі, аднаўленне стажыровак для беларускай моладзі ў 2027 годзе, парламенцкае супрацоўніцтва і праблемы беларусаў у Германіі.
— Перамовы ў МЗС Германіі. На сустрэчы з дзяржсакратаром Гезам фон Гайрам абмеркавалі захаванне ціску, стратэгію на ўзроўні Еўрасаюза, рэгіянальную бяспеку, дапамогу былым палітвязням і праблемы беларусаў з дакументамі і легалізацыяй. Святлана таксама прапанавала прызначыць спецыяльнага пасланніка Германіі па Беларусі.
— Жаночы саміт свабоды і бяспекі. Святлана выступіла падчас заключнай дыскусіі разам са старшынёй Бундэстага Юліяй Клёкнер, старшынёй Нацыянальнага сходу Францыі Яэль Браўн-Півэ і праваабаронцай Масіх Алінеджад. Яна распавяла пра ролю беларусак у пратэстах 2020 года і заклікала падтрымліваць жанчын, якія працягваюць змагацца за свабоду.
— Сустрэча з беларусамі Берліна. Святлана пагутарыла з беларускай супольнасцю пра жыццё ў Германіі і актуальныя праблемы і пачула прапановы беларусаў. Мерапрыемства аргазавалі RAZAM і Libereco.
Таксама Ціханоўская ўзяла ўдзел у закрытым круглым стале пра транснацыянальныя рэпрэсіі, арганізаваным праваабарончай арганізацыяй Freedom House і Нямецкім фондам Маршала, і падпісала паштоўкі палітзняволеным у межах ініцыятывы Libereco.
Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі і беларускамі Германіі
Гаварылі пра жыццё ў эміграцыі, пра выклікі, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой, і пра тое, як працягваць падтрымліваць адно аднаго і захоўваць сувязь з Беларуссю.
«Я заўсёды еду на сустрэчы з беларусамі з хваляваннем, а сыходжу з усмешкай і натхненнем. Сёння было шмат пытанняў, шчырых размоваў і абдымкаў. Дзякуй кожнаму і кожнай, хто прыйшоў, за шчырасць, давер і цёплыя абдымкі. Я вельмі шаную гэтыя моманты. Дзякуй беларусам і беларускам Берліна за гэтую сустрэчу!»
— падзялілася беларуская лідарка.
Сустрэчу зладзілі арганізацыі Разам і LIBERECO.
«Свет стане значна лепшым, калі жанчын будзе больш ва ўсіх сферах жыцця», — Святлана Ціханоўская ў Берліне
9 лістапада Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у заключнай дыскусіі «Жанчыны, якія змагаюцца за дэмакратыю: смелыя і ўразлівыя адначасова» падчас Жаночага саміту свабоды і бяспекі.
Разам з ёй у дыскусіі ўдзельнічалі старшыня Бундэстага Юлія Клёкнер, старшыня Нацыянальнага сходу Францыі Яэль Браўн-Півэ і іранская праваабаронца Масіх Алінеджад. Размова была прысвечана жанчынам, якія змагаюцца за дэмакратыю ва ўмовах дыктатур, і таму, як міжнародная супольнасць можа іх падтрымаць.
Святлана распавяла пра беларусак, якія ў 2020 годзе выйшлі на вуліцы пасля масавых затрыманняў і катаванняў:
«Падчас выбарчай кампаніі Лукашэнка казаў, што наша Канстытуцыя не для жанчын. Беларускі народ быў настолькі абураны гэтай заявай, што людзі пайшлі галасаваць, выйшлі на вуліцы. Яны хацелі давесці, што жанчыны могуць і хочуць быць у палітыцы.
У першыя дні пасля сфальсіфікаваных выбараў прайшлі масавыя пратэсты. Затрымалі вялізную колькасць мужчын. А праз тры дні нашыя жанчыны ўзялі ў рукі кветкі і самі выйшлі на вуліцы».
Таксама Ціханоўская заклікала не забывацца пра тых, хто працягвае змагацца за свабоду:
«Я заклікаю людзей казаць пра праблемы іншых краін, праяўляць салідарнасць. На гэта не трэба шмат часу. Проста выказвайцеся. Калі вы не бачыце людзей на вуліцах, гэта не значыць, што сітуацыя вярнулася да нормы. У Беларусі ды іншых краінах гэта азначае, што праз жорсткія рэпрэсіі людзі перасталі быць бачнымі. Таму будзьце голасам для тых, хто яго пазбаўлены».
Новая рэзалюцыя па Беларусі і пашырэнне парламенцкай падтрымкі: сустрэча Святланы Ціханоўскай у Бундэстаге
Падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Берлін адбылася сустрэча з кіраўніком дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Кнутам Абрахамам.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька распавёў пра асноўныя тэмы перамоваў і далейшыя планы.
Абмеркавалі некалькі важных ініцыятываў: абноўленую рэзалюцыю Бундэстага па Беларусі, аднаўленне стажыровак для беларускай моладзі ў 2027 годзе, удзел нямецкіх дэпутатаў у працы Міжпарламенцкага Альянсу і стварэнне групы падтрымкі Беларусі ў ПАРЕ.
Падрабязней — у відэа.
Поўны рэліз — на сайце.
Пашпарт, пасведчанне кіроўцы, дакументы з Беларусі: з якімі цяжкасцямі вы сутыкаецеся ў Італіі?
Talaka APS і Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці ў Італіі збіраюць гісторыі беларусаў, каб данесці іх праблемы да італьянскіх устаноў і разам шукаць шляхі іх вырашэння.
Калі вы не можаце атрымаць патрэбныя дакументы з Беларусі, абнавіць пашпарт ці пасведчанне кіроўцы або сутыкаецеся з іншымі цяжкасцямі — раскажыце пра свой досвед у ананімнай форме.
Варта падзяліцца і той сітуацыяй, якая здаецца выключна асабістай ці рэдкай. Вашая гісторыя дапаможа лепш зразумець, з якімі перашкодамі сутыкаюцца беларусы ў Італіі і што варта абмеркаваць з мясцовымі ўстановамі.
🔗 Запоўніць форму.