Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Паведаміць пра затрыманне: @viasna_bot
Атрымаць кансультацыю і дапамогу: @ViasnaSOS
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Валанцёрская служба «Вясны»: @viasnahelp
Subscribers9.5K −10 24h
Reach per post (ERR)15.2%1.4K avg views
Posting14.3/daylast 6 hours ago
Reactions per 1K views22.6🤬 ❤ 😢
🥷 «Трэба, каб вы дапамаглі нам»: як КДБ вярбуе былых палітвязняў
У Беларусі працягваюцца спробы вярбоўкі людзей, пераследаваных па палітычных матывах. Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі прапануюць былым палітвязням і актывістам супрацоўніцтва, патрабуюць збіраць інфармацыю пра іншых людзей, а ў выпадку адмовы могуць пагражаць новымі крымінальнымі справамі.
"Вясна" распавядае гісторыі вярбоўкі памілаваных былых палітвязняў, а юрыстка Свялана Галаўнёва каментуе гэтую практыку беларускіх уладаў.
«Ні здрасце, ні прадстаўлення — хто, што. Па-мойму, толькі пасведчанне паказаў здалёк. А першыя словы — гэта пытанні былі: "Як здароўе, як дзеці?" Было адчуванне запалохвання і нагнятання страху, а не фармальнай добразычлівасці. Пасля пачаў гутарку, што нас, маўляў, памілавалі, а мы абяцалі дапамагчы, аказаць садзейнічанне. Вось, трэба дапамагчы», — распавёў адзін з былых палітзняволеных.
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/121137
🌿 Чытаць з Беларусі праз сайт-люстэрка
Алесь Бяляцкі сустрэўся з юрыстам Джарэдам Генсерам, які падаваў зварот у ААН наконт яго адвольнага зняволення
Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі сустрэўся з міжнародным юрыстам-праваабаронцам Джарэдам Генсерам. Ён узначальваў міжнародную юрыдычную каманду Бяляцкага, якая ў 2023 годзе падала зварот у Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях з патрабаваннем прызнаць зняволенне праваабаронцы незаконным і заклікаць да яго неадкладнага вызвалення.
Пра сустрэчу Генсер распавёў у сацсетцы X.
«Для нас заўсёды асаблівы дзень, калі мы можам сустрэцца з адным з нашых былых кліентаў, які яшчэ нядаўна быў палітзняволеным. Сёння гэта быў Алесь Бяляцкі з Беларусі — выбітны праваабаронца, старшыня “Вясны” і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года».
Генсер адзначыў, што з 2023 года і да вызвалення Бяляцкага ў снежні 2025 года яны бясплатна прадстаўлялі яго інтарэсы, супрацоўнічаючы з жонкай праваабаронцы Наталляй.
📍Праваабаронцы заклікаюць дакументаваць факты катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі
У Беларусі працягваюцца масавыя катаванні і збіванні, утрыманне ў нечалавечых умовах у ізалятарах. Мы разумеем, што праз страх і рызыкі пераследу людзі баяцца звяртацца да праваабаронцаў для дакументавання гэтых фактаў. Але мы заклікаем з дапамогай фота і відэа самім фіксаваць сляды катаванняў і збіванняў.
Акрамя гэтага, звяртайцеся да лекараў, каб зафіксаваць траўмы і захаваць медыцынскія дакументы. Гэта дапаможа ў будучыні прыцягнуць да адказнасці ўсіх датычных да рэпрэсій.
✍️ Вы можаце самастойна задакументаваць ваш выпадак, дзякуючы «Практычнаму дапаможніку для пацярпелых»
🔹 Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у месцах зняволення, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце @ViasnaDOC ці viasnadoc@spring96.org
🤬 «Нам яшчэ адзін труп тут не патрэбны!» Экс-палітзняволены Руслан Красаў — пра затрыманне ў 2020 годзе
Былы палітзняволены Руслан Красаў у размове з журналістамі «Вясны» ўзгадвае падзеі жніўня 2020 года. Увечары 10 жніўня ён, паводле яго слоў, проста ішоў да знаёмага ў цэнтры Гродна, калі яго затрымалі і жорстка збілі амапаўцы.
«Павалілі мяне на зямлю і пачалі збіваць дубінкамі. Мне павыбівалі ўсе верхнія пярэднія зубы. Было страшна. Мяне затрымалі і змясцілі ў гродзенскае СІЗА. На тэрыторыі СІЗА былі суддзі, якія мне прызначылі сем сутак арышту».
Паводле Руслана, пасля збіцця ён быў у настолькі цяжкім стане, што не мог падняцца з нараў і ледзь размаўляў. Паўтара сутак мужчыну не кармілі — ён мог піць толькі ваду з-пад крана. Руслан кажа, што ў той момант яму здавалася, што яго жыццё скончана.
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/121081
🌿 Чытаць з Беларусі праз сайт-люстэрка
edited
Намесніцу дырэктара школы з Беняконяў асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
31-гадовая Кацярына Барташэвіч, якая працавала намесніцай дырэктара па выхаваўчай рабоце ў школе ў Беняконях Воранаўскага раёна, была асуджаная Гродзенскім абласным судом паводле артыкула аб «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Пра гэта паведамляе "Наша Ніва".
Жанчыну абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе "хатняй хіміі". Акрамя таго, працаваць у школе яна не зможа, паколькі ўлады ўнеслі яе ў спіс асоб, звязаных з "экстрэмісцкай дзейнасцю".
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/121131
🌿 Чытаць з Беларусі праз сайт-люстэрка
Палітзняволеную Яну Пінчук адправілі ў ШІЗА на 15 сутак
Палітзняволеную Яну Пінчук у пачатку верасня адправілі на 15 сутак у ШІЗА пасля размовы з супрацоўнікам ГУБАЗіК. Пра гэта паведамляе «Медыязона».
Паводле выдання, у канцы жніўня ў гомельскую жаночую калонію прыязджаў начальнік аддзела ГУБАЗіК Артур Гайко, які выклікаў на размовы некаторых палітзняволеных. Сярод іх была і Яна Пінчук. Прыкладна праз тыдзень пасля гэтай размовы на яе пачалі складаць рапарты. У выніку жанчыну пазбавілі спаткання, а неўзабаве адправілі ў ШІЗА.
«Калонія сама не ініцыявала б гэтыя рапарты, гэта робіць ГУБАЗіК. 1 верасня ёй далі 15 сутак ШІЗА, а ў Яны астма. І ў нейкі момант яе не было ў калоніі. Ёсць верагоднасць, што яна была ў бальніцы», — распавяла крыніца «Медыязоны».
🔗 Хроніка палітычнага пераследу 11 верасня
edited
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 19 прозвішч — цяпер у ім 6906 чалавек
11 верасня МУС Беларусі абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іх — вакалістка гурта Dymna Lotva Кацярына Манкевіч, у дачыненні да якой у чэрвені гэтага года распачалі спецвытворчасць. Жанчыну абвінавачваюць у «прапагандзе тэрарызму», «фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «пагрозе гвалтам у дачыненні да Лукашэнкі» і «абразе Лукашэнкі».
Да допіса далучаны апошні «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
⁉️«Мама, я экстрэміст». Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у «Спіс экстрэмістаў»
🔗 Хроніка палітычнага пераследу 11 верасня
🏅 Алесю Бяляцкаму ў ЗША ўручылі медаль за служэнне дэмакратыі
У Вашынгтоне старшыню ПЦ “Вясна”, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і былога палітвязня Алеся Бяляцкага адзначылі медалём Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі (NED) за шматгадовую працу дзеля свабоды, правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі.
«Для мяне гонар быць узнагароджаным мэдалём за служэнне дэмакратыі поруч з выбітнымі людзьмі, якія змагаліся за свабоду і супраць таталітарызму, такімі як Вацлаў Гавэл і Асвальда Пая́… Два гады таму вы ўшанавалі гэтым медалём беларускую дэмакратычную лідэрку Святлану Ціханоўскую, а цяпер тут я — гэта прызнанне свабодалюбнага памкнення беларускага народу, які хоча жыць у незалежнай і дэмакратычнай краіне…» — каментуе ўзнагароджанне Алесь Бяляцкі.
NED паведаміў, што гэтым разам узнагародзіў нобелеўскага лаўрэата за ягоны ўнёсак у служэнне дэмакратыі і асобна адзначыў, што Алесь Бяляцкі перажыў зняволенне і пераслед за супраціў аўтарытарызму, дакументаванне злоўжыванняў беларускага рэжыму і абарону людзей, чые асноўныя правы былі парушаныя.
«Яшчэ дзевяць месяцаў таму я сядзеў у турме ў жорсткіх умовах і не мог сабе ўявіць, што калі-небудзь выйду на волю… Аніводнай хвіліны пасля вызвалення я не забываю, што ў лукашэнкаўскіх турмах знаходзяцца яшчэ больш за 900 зняволеных», — кажа праваабаронца.
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/121126
🌿 Чытаць з Беларусі праз сайт-люстэрка
🔎 Шукаем людзей, якія перасякаліся за кратамі з Яўгенам Жарыкавым
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра затрыманне ў лютым 2025 года 24-гадовага Яўгена Жарыкава з Бабруйска.
Яўген Жарыкаў — вайсковец. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі супрацоўнікі КДБ у межах крымінальнай справы аб «здрадзе дзяржаве».
Абставіны пераследу, вынікі суду і цяперашняе месцазнаходжанне Яўгена невядомыя.
✍️ Калі вы перасякаліся з Яўгенам, калі ласка, напішыце праваабаронцам на @Viasnainfo.
Валянцін Стэфановіч: «Мой досвед шматгадовай дзейнасці прыдасца і новаму пакаленню беларускіх праваабаронцаў»
Працягваем публікаваць цыкл інтэрв'ю, падрыхтаваны ў супрацы Праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускім Домам правоў чалавека імя Барыса Звозскава і Фондам Дамоў правоў чалавека. У ім былыя палітзняволеныя праваабаронцы разважаюць пра жыццё ў выгнанні пасля несправядлівага зняволення, вяртанне да прафесійнай дзейнасці і надзеі на будучыню.
Гэтым разам сваёй гісторыяй дзеліцца праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
«Цяпер я адчуваю сябе вольным, вольным у выгнанні. Але самае галоўнае, што я жывы, я ізноўку бачу неба і сонца, я магу абняць сваіх дзетачак і сваю каханую жанчыну. Гэта і ёсць жыццё, а я жывы, я проста жыву. Хіба гэта і ёсць свабода».
Асобным цяжкім момантам для праваабаронцы стаў выезд з Беларусі пасля вызвалення.
«Калі мяне вывозілі з СІЗА ў Мінску, я глядзеў у вакно і ў думках развітваўся са сваёй Радзімай, верагодна, назаўсёды. Можа быць, мне пашчасціць быць пахаваным там. Але цяпер галоўнае, што я са сваёй сям’ёй, і гэта галоўнае для мяне. Нават калі б апынуўся ў Аргентыне ці на выспе Святой Гелены. Цяпер я шчаслівы чалавек. Нават у выгнанні».
Пасля вызвалення Валянцін працягвае праваабарончую дзейнасць і разважае пра тое, што можа перадаць сваім калегам.
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/121119
🌿 Чытаць з Беларусі праз сайт-люстэрка
Год таму ў Беларусі памілавалі 40 палітвязняў
Роўна год таму, 11 верасня 2025 года, пасля сустрэчы Лукашэнкі з амерыканскай дэлегацыяй, у склад якой уваходзіў прадстаўнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл адбылося памілаванне 52 чалавек, сярод якіх былі 40 палітзняволеных.
Вызваленых проста з месцаў зняволення прымусова вывезлі да мяжы з Літвой. Сярод палітвязняў быў Мікола Статкевіч, які адмовіўся пакідаць Беларусь. Пасля гэтага яго зноў затрымалі і вярнулі ў калонію. У студзені 2026 года Статкевіч перанёс інсульт, а 19 лютага яго адпусцілі дадому. Цяпер палітык застаецца ў Беларусі.
Таксама на волю выйшлі 14 замежнікаў, сярод якіх — грамадзяне Польшчы, Літвы, Латвіі, Нямеччыны, Францыі і Вялікай Брытаніі. 12 з іх былі асуджаныя не па палітычных матывах.
🔹 Памілаваныя 40 палітвязняў, сярод іх — палітык Мікола Статкевіч
📶 Маніторынг Lawtrend: ціск на грамадзянскую супольнасць у Беларусі захоўваецца
Сістэмны ціск на грамадзянскую супольнасць у Беларусі працягваецца — да такой высновы прыйшоў Lawtrend у маніторынгу сітуацыі са свабодай асацыяцый за жнівень 2026 года.
У краіне працягваюцца ліквідацыя НКА, крымінальны і адміністрацыйны пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, трансгранічныя рэпрэсіі ды прызнанне інфармацыйных рэсурсаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі".
Пры гэтым абмежавальнае заканадаўства пачалі ўжываць і ў дачыненні да калектыўнай актыўнасці, не звязанай непасрэдна з палітыкай. У Гродне патрабаванні закона аб масавых мерапрыемствах распаўсюдзілі на інтэлектуальна-забаўляльныя гульні-квізы, якія раней праводзіліся без дазволу.
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/121124
🌿 Чытаць з Беларусі праз сайт-люстэрка
🔎 Шукаем людзей, якія перасякаліся за кратамі з Яўгенам Жарыкавым
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра затрыманне ў лютым 2025 года 24-гадовага Яўгена Жарыкава з Бабруйска.
Яўген Жарыкаў — вайсковец. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі супрацоўнікі КДБ у межах крымінальнай справы аб «здрадзе дзяржаве».
Абставіны пераследу, вынікі суду і цяперашняе месцазнаходжанне Яўгена невядомыя.
✍️ Калі вы перасякаліся з Яўгенам, калі ласка, напішыце праваабаронцам на @Viasnainfo.
Марфа Рабкова: «Ты не перастанеш быць праваабаронцам, дзе б ты ні знаходзіўся»
Працягваем публікаваць цыкл інтэрв'ю, падрыхтаваны ў супрацы Праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларускім Домам правоў чалавека імя Барыса Звозскава і Фондам Дамоў правоў чалавека. У ім былыя палітзняволеныя праваабаронцы разважаюць пра жыццё ў выгнанні пасля несправядлівага зняволення, вяртанне да прафесійнай дзейнасці і надзеі на будучыню.
Гэтым разам сваёй гісторыяй дзеліцца праваабаронца Марфа Рабкова.
«Мая свабода — гэта ўсё ж сукупнасць усіх свабод. І пакуль людзі знаходзяцца ў зняволенні, пакуль у Беларусі па-ранейшаму адбываюцца рэпрэсіі, я не магу адчуваць сябе свабоднай».
Марфа распавяла, што працягвае займацца праваабарончай дзейнасцю, бо яна ўжо стала неад'емнай часткай яе асобы. Дзе б яна ні знаходзілася і якімі б ні былі абставіны, жаданне абараняць правы чалавека ўзнікае натуральна.
Падчас зняволення Марфу падтрымлівала адна цытата. Разам з іншымі дзяўчатамі ў камеры яны нават зрабілі яе сваім дэвізам.
«У рэшце рэшт усё будзе добра. А калі яшчэ не добра — значыць, гэта яшчэ не канец».
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/121101
🌿 Чытаць з Беларусі праз сайт-люстэрка
❗️У Беларусі яшчэ +14 новых палітвязняў
Гэта Антон Барысенка, Данііл Быкаў, Сяргей Валадзько, Таццяна Веціорац, Сяргей Высоцкі, Максім Дзямчук, Ірына Дручыніна, Глеб Ганчароў, Уладзімір Карчэўны, Арыстарх Крукоўскі, Дзмітрый Лаеўскі, Георгій Максіменкаў, Максім Хвесько і Дзмітрый Юран.
Хто гэтыя людзі і чаму праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі 👉 https://spring96.org/be/news/121120
Спіс усіх палітвязняў Беларусі 👉 prisoners.spring96.org
🎙 Валянцін Стэфановіч — пра гатоўнасць беларусаў змагацца за свае правы і нацыянальную ідэю
Праваабаронца «Вясны», былы палітзняволены Валянцін Стэфановіч стаў госцем эфіру «Еўрарадыё».
Падчас размовы ён паразважаў пра беларускую мову і ідэнтычнасць, праваабарончую дзейнасць, а таксама пра тое, што можа аб'яднаць беларусаў і як пазбавіцца ад савецкай спадчыны і лукашызму.
Паглядзець цалкам можна па спасылцы 👉 https://www.youtube.com/watch?v=7rkZM9TFQdI
edited
🎤 Алесь Бяляцкі: вызваленне палітвязняў не спыняе рэпрэсій у Беларусі
Вызваленне сотняў палітвязняў у выніку перамоваў паміж Мінскам і Вашынгтонам не азначае змены самой сістэмы рэпрэсій у Беларусі. Пра гэта ў інтэрв'ю Reuters заявіў лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна", былы палітвязень Алесь Бяляцкі.
«Па сутнасці, гэта чысты гандаль. Адбываецца абмен — закладнікі ў абмен на змяненне санкцый — але гэта не змяняе фундаментальнай сутнасці беларускага рэжыму»
Нобелеўскі лаўрэат называе людзей, якіх улады пераследуюць па палітычна матываваных справах, "закладнікамі". Гэты тэрмін раней выкарыстоўваў і Дональд Трамп.
Нягледзячы на ўласнае вызваленне, Алесь Бяляцкі не лічыць, што сітуацыя ў Беларусі прынцыпова змянілася.
«Я рады, што я на волі... але машына рэпрэсій працягвае працаваць. Кожны тыдзень мы бачым новых палітвязняў і новыя метады рэпрэсій».
Колькасць палітвязняў сапраўды застаецца высокай. Нягледзячы на вызваленне сотняў чалавек, праваабаронцы налічваюць 888 палітвязняў — супраць 1185 на пачатак чэрвеня 2025 года.
Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/121109
🌿 Чытаць з Беларусі праз сайт-люстэрка
📄 Спецдакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі прадставіць новы даклад 26 кастрычніка
Спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс прадставіць свой новы даклад 26 кастрычніка 2026 года.
Гэта вынікае з папярэдняга раскладу Трэцяга камітэта Генеральнай Асамблеі ААН.
Папярэдні даклад Муйжніекса для Генеральнай Асамблеі ААН, прадстаўлены ў 2025 годзе, быў прысвечаны правам чалавека ў сферы працы. У ім разглядаліся, сярод іншага, дыскрымінацыя, прымусовая праца і знішчэнне прафсаюзных правоў у Беларусі.
edited
⚖️ Грамадзяніна Расіі асудзілі ў Беларусі на тры гады калоніі
Грамадзяніна Расіі, палітвязня Сяргея Жукоўскага асудзілі ў Беларусі на тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле часткі 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Да суда палітвязень утрымліваўся ў СІЗА № 1. Падрабязнасці крымінальнай справы, у тым ліку тое, якія менавіта дзеянні следства і суд палічылі "садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці", не вядома.
Нагадаем, што з 2020 года ў Беларусі праваабаронцы зафіксавалі больш за 100 000 фактаў палітычна матываванага пераследу.
😥 5 месяцаў за кратамі: мозырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун застаецца пад вартай
Уладзімір Целяпун — праваабаронца і грамадскі актывіст з Мазыра. Яго ўзялі пад варту 10 красавіка 2026 года.
Праваабаронца ўтрымліваецца ў гомельскім СІЗА № 3 у чаканні суда.
Уладзімір Целяпун добра вядомы ў рэгіёне сваёй дзейнасцю па абароне правоў чалавека, у тым ліку права на мірныя сходы. У 1986 годзе ён удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Зняволенне стварае прамую пагрозу яго здароўю: Уладзімір мае анкалагічнае захворванне, якое цяпер знаходзіцца ў стадыі рэмісіі. За час у турме ён моцна схуднеў і мае вострую патрэбу ў пастаянным медыцынскім назіранні.