Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Паведаміць пра затрыманне: @viasna_bot
Атрымаць кансультацыю і дапамогу: @ViasnaSOS
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Валанцёрская служба «Вясны»: @viasnahelp
Subscribers9.5K +0 24h
Reach per post (ERR)15.3%1.5K avg views
Posting13.9/daylast 5 hours ago
Reactions per 1K views22.5🤬 ❤ 😢
🤬 Гродзенская пракуратура сёлета накіравала ў суд 75 заяў аб прызнанні інтэрнэт-рэсурсаў «экстрэмісцкімі»
Па заявах пракурора суд прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыялы, размешчаныя ў 65 Telegram-чатах, ботах і каналах, 26 акаўнтах і супольнасцях у Facebook, 7 старонках у Instagram, 7 каналах на YouTube, 4 акаўнтах у TikTok, 3 акаўнтах у «ВКонтакте», X, Threads і іншых сацсетках, а таксама на 3 інтэрнэт-сайтах.
Пераважна гэта навінавыя інтэрнэт-рэсурсы і старонкі ў сацсетках, якія належаць журналістам, праваабаронцам, апазіцыйным актывістам і арганізацыям.
Раней мы пісалі пра тое, як беларускія ўлады працягваюць пераследаваць людзей нават пасля іх вызвалення з месцаў зняволення. Адзін са спосабаў такога пераследу — прызнанне іх старонак і іншых рэсурсаў у сацыяльных сетках «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Па звестках «Вясны», з чэрвеня па верасень 2026 года стала вядома пра як мінімум 13 такіх выпадкаў у дачыненні да былых палітвязняў.
📌 «Яны застаюцца пад ціскам беларускіх улад»: сацсеткі былых палітвязняў прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі"
📝 Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2026
👉 Справаздача цалкам
• за месяц праваабаронцы прызналі палітвязнямі 43 чалавекі і запатрабавалі рэабілітацыі 13 былых палітвязняў, вызваленых з-за кратаў да прызнання іх праваабарончай супольнасцю;
• працягваюцца трансгранічныя рэпрэсіі – у выглядзе адвольнага крымінальнага пераследу, унясення ў пералікі "экстрэмістаў", прымусу да сакрэтнага супрацоўніцтва, сачэння і ціску наўпрост ці праз родных і блізкіх, якія засталіся ў Беларусі, канфіскацыі маёмасці тых, хто з'ехаў;
• з сярэдзіны верасня ўлады хаваюць дадзеныя аб унясенні асуджаных па палітычных матывах у пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмізму, і аб прызнанні груп грамадзян экстрэмісцкімі фармаваннямі: так улады маскіруюць рэальны ўзровень рэпрэсій, захоўваючы іх схаваны характар;
• 12 кастрычніка 2026 года праваабарончая кааліцыя апублікавала заяву з ацэнкай сітуацыі з рэпрэсіямі ў Беларусі.
💵 Падтрымаць «Вясну» 👉 donate.spring96.org
edited
🗣 Алесь Бяляцкі пра сваё вызваленне: «Праваабаронца ператварыўся ў тавар, і дзве дзяржавы дамовіліся пра яго кошт»
Праваабаронца, старшыня «Вясны» і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі напісаў эсэ для нямецкага выдання "Die Tageszeitung (taz)" пра сваё вызваленне, сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і неабходнасць захавання міжнароднага права.
Праваабаронца ўзгадвае, як 13 снежня 2025 года яго разам са 122 палітвязнямі вывезлі з Беларусі і прымусова дэпартавалі ў Літву. На яго думку, такія дамоўленасці дапамагаюць вызваляць людзей, але не змяняюць сітуацыю ў краіне: рэпрэсіі працягваюцца, а ў спісах палітвязняў з'яўляюцца новыя імёны.
Паводле звестак «Вясны», толькі ў кастрычніку ў Беларусі дадалося 43 палітвязні.
«У цэнтры любога мірнага ўрэгулявання павінны быць людзі, іх правы, бяспека і годнасць, а не карысныя выкапні, тэрыторыі ці звышдзяржавы», — падкрэслівае праваабаронца.
У сваім эсэ Алесь Бяляцкі таксама разважае пра тое, чаму міжнароднае права і інстытуты абароны правоў чалавека застаюцца неабходнымі, нягледзячы на ціск і спробы іх аслабіць.
🤬 КДБ запалохвае беларусаў у ЗША
Офіс Святланы Ціханоўскай паведамляе пра выпадкі ціску на беларусаў, якія жывуць у ЗША. Невядомыя прадстаўляюцца супрацоўнікамі беларускіх сілавых структур і звязваюцца з людзьмі праз месенджары, распытваюць пра ўдзел у пратэстах, палітычныя погляды і дзейнасць за мяжой, а таксама пагражаюць перадаць інфармацыю амерыканскай іміграцыйнай службе ICE.
У Офісе нагадваюць: беларусы не абавязаныя адказваць на такія пытанні. Важна захоўваць доказы кантактаў, звяртацца ў ФБР, скардзіцца на падазроныя акаўнты ў сацсетках і папярэдзіць сваякоў у Беларусі, бо ціск могуць аказваць і праз іх.
✍️ Калі вы сутыкнуліся з падобным ціскам, паведамляйце праваабаронцам праз тэлеграм @ViasnaSOS і @Viasnainfo. Па вашым жаданні, інфармацыя будзе цалкам непублічнай
💔 «Ты нават не можаш памыцца нармальна, таму табе прапануюць падмыцца кампотам»: як жывуць жанчыны ў ШІЗА
👉 Чытаць па спасылцы
Былая палітзняволеная Ліза (імя змененае ў мэтах бяспекі), якая яшчэ нядаўна адбывала тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4, распавяла «Вясне» пра ўмовы ў штрафным ізалятары.
«Калі мяне рыхтавалі да ШІЗА, мне некаторыя дзяўчаты казалі: "Там ёсць гарбата цёплая, ёсць кісель — ні ў якім разе не мыйся, не падмывайся імі. Кампот без цукру — самае тое". І ты такая стаіш і глядзіш — проста жэсць».
Спаць даводзіцца на голых дошках, без матраца, падушкі і коўдры. Каб сагрэцца, зняволеныя расціраюць цела і скачуць на месцы. Паводле Лізы, запар так удаецца паспаць прыкладна паўтары гадзіны.
🌿 Чытаць з Беларусі праз сайт-люстэрка
📌 Старонку музыкі Уладзіслава Наважылава дадалі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” інфармацыю, размешчаную на старонцы ў Facebook пад назвай “Ўладзiслаў Наважiлаў”. Рашэнне вынеслі 4 лістапада 2026 года.
Уладзіслаў Наважылаў — беларускі музыка, вакаліст гомельскага метал-гурта Gods Tower. Ён таксама вядомы пад сцэнічным імем Lesley Knife.
🔗 Хроніка палітычнага пераследу 6 лістапада
🔎 Шукаем людзей, якія перасякаліся за кратамі з палітзняволеным Паўлам Кізюком
Павел Кізюк — былы вайсковец. Яго затрымалі і абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве).
Месца зняволення: турма № 1.
✍️ Калі вы перасякаліся з Паўлам, калі ласка, напішыце праваабаронцам на @Viasnainfo
📝 Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Кастрычнік 2026
👉 Справаздача цалкам
• сітуацыя ў сферы правоў чалавека ў Беларусі застаецца вельмі цяжкай: сістэмны пераслед апанентаў улады не сціхае, ён прадыктаваны палітычнымі матывамі і сфакусаваны на прыгнечанні іншадумства, апазіцыі і любой праявы нелаяльнасці;
• на канец кастрычніка 2026 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 886 палітычных зняволеных, уключаючы 111 жанчын; колькасць людзей, прызнаных палітвязнямі з пачатку прэзідэнцкай кампаніі 2020 года, складае 4 860 чалавек, уключаючы 914 жанчын;
• за апошнія паўтара года ўлады схавалі інфармацыю пра каля 670 асуджаных па палітычных матывах – гэта каля 27% ад іх ліку. Выпадкі асуджэнняў і імёны часткі з іх сталі вядомыя намаганнямі праваабаронцаў, а сам факт выцякае з параўнання дадзеных, агучаных Генеральным пракурорам Беларусі і пералікам асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, куды павінны ўносіцца імёны ўсіх асуджаных па палітычных матывах за здзяйсненне так званых злачынстваў экстрэмісцкага характару;
• мінімум 172 палітвязні знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы праз свой стан здароўя, узрост ці абставіны зняволення – гэты паказчык застаецца стабільна высокім, нягледзячы на асаблівую ўвагу да гэтай сітуацыі і перыядычныя вызваленні людзей з гэтай групы ў парадку памілавання і пасля заканчэння тэрміну пазбаўлення волі;
💵 Падтрымаць «Вясну» 👉 donate.spring96.org
🕢 18:30. Вечар у магілёўскай калоніі № 15
У гэты час вязні вяртаюцца з прамзоны ў атрад.
«Многія працуюць у халодных цэхах, зімой там можа быць і -15, і -25. Пайсці падчас працы пагрэцца ў распранальню — парушэнне. Проста папіць цёплай вады няма дзе. Хочаш піць — пі халодную з-пад крана ў прыбіральні», — распавядае былы палітвязень Кірыл Казей.
Да вячэры застаецца прыкладна гадзіна, якую можна прысвяціць чытанню, лістам, тэлевізару ці гарбаце. Пасля сталовай — вячэрняя праверка, якая нічым не адрозніваецца ад ранішняй.
Пасля яе можна паглядзець навіны, выйсці на вуліцу пазаймацца спортам. Але часта гэты час займаюць лекцыі, на якіх табе тлумачаць, наколькі ты не меў рацыі, як трэба правільна жыць, якая выдатная наша краіна і як яе трэба любіць.
📌 "Ты разумееш, што нічога не можаш змяніць". Адзін дзень у магілёўскай калоніі № 15
📌 Музей Вольнай Беларусі збірае на падарункі дзецям палітвязняў і добраахвотнікаў
У Варшаве рыхтуюць навагоднюю Ялінку для 50 дзяцей, чые бацькі знаходзяцца за кратамі або ваююць. Кожнаму дзіцяці хочуць уручыць падарунак коштам каля 40 еўра.
На данны момант сабралі 530 еўра з неабходных 2100.
Падтрымаць збор можна па спасылцы 👉 https://gronka.org/#/causes/recCp3p9MyEdNgd1a
📌 Лічба дня — 75
Мінімум столькі беларускіх вайскоўцаў сталі фігурантамі крымінальных спраў з палітычных матываў з 2020 года. 33 з іх утрымліваюцца за кратамі.
Толькі ў 2026 годзе асудзілі не менш за 13 беларускіх вайскоўцаў.
📄 "Вясна" распавядае гісторыі некаторых палітзняволеных вайскоўцаў.
🔎 Шукаем людзей, якія перасякаліся за кратамі з палітзняволеным Аляксандрам Рудкевічам
Аляксандр Рудкевіч — жыхар Мінска, вайсковец і парашутыст (верагодна, пенсіянер).
Мужчыну затрымалі ў сакавіку 2026 года падчас хвалі затрыманняў па справе АПК, у якой фігуруюць каля васьмі чалавек.
Яму ставяць у віну ўдзел у АПК паводле арт. 290-5 КК (удзел у тэрарыстычнай арганізацыі), а таксама арт. 179 КК (распаўсюд службовай інфармацыі).
✍️ Калі вы перасякаліся з Аляксандрам, калі ласка, напішыце праваабаронцам на @Viasnainfo
edited
❗️ Ад імя Офіса Святланы Ціханоўскай рассылаюць фэйкавыя паведамленні
Пра гэта праваабаронцам «Вясны» паведаміў былы палітзняволены Зміцер Фурманаў.
Зміцеру прыйшло паведамленне з акаўнта @prisoners_manager. У ім яго заклікаюць спыніць публічную крытыку і не выносіць унутраныя рознагалоссі на абмеркаванне.
У паведамленні сцвярджаецца, што такая крытыка можа "падарваць давер міжнародных донараў", "прывесці да скарачэння фінансавання праграм дапамогі рэпрэсаваным" і ў выніку "пазбавіць падтрымкі людзей, якія застаюцца за кратамі".
У тэксце таксама гучыць заклік да «адзінасці вакол Святланы Ціханоўскай» і прапанова "вырашаць усе працоўныя пытанні толькі ў закрытым дыялогу".
📌 У Офісе Святланы Ціханоўскай заявілі, што не маюць ніякага дачынення да гэтых паведамленняў. Там падкрэслілі, што не звярталіся да былых палітвязняў з падобнымі патрабаваннямі і не выкарыстоўваюць ананімныя акаўнты для камунікацыі.
🔗 Хроніка палітычнага пераследу 5 лістапада
📌 «Вясна» падрыхтавала цыкл публікацый па выніках вялікай гутаркі з былой палітзняволенай гомельскай калоніі № 4
Мы абмеркавалі розныя бакі жыцця ў жаночай калоніі: забароны і пакаранні, умовы ў ШІЗА, распарадак дня, цяжкую фізічную працу, стаўленне адміністрацыі і ўплыў зняволення на здароўе жанчын.
Чытайце ўсе тры часткі і дзяліцеся матэрыяламі:
🔹 «Прапануюць падмыцца кампотам»: былая палітзняволеная — пра ШІЗА ў гомельскай калоніі
🔹 «Мы цягалі асфальт і бетон»: адзін дзень у жаночай калоніі вачыма палітзняволенай
🔹 «Яны сочаць за нашымі далейшымі лёсамі»: былая палітзняволеная пра жыццё пасля вызвалення і пра тых, хто застаўся за кратамі
⚖️ Арт-мэнэджара Алега Ларычава судзяць за датычнасць да «Вейшнорыі»
Палітвязня, вулічнага мастака і арт-мэнэджара Алега Ларычава абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) і арт. 361-2 КК (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання). Пра гэта паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле інфармацыі выдання, абвінавачанне звязвае мужчыну з культурніцкай ініцыятывай «Да зораў», якая спрабавала арганізоўваць у Беларусі культурныя імпрэзы і канцэрты, а таксама з інтэрнэт-праектам «Вейшнорыя».
«Вейшнорыя» — жартоўная віртуальная дзяржава, якая з'явілася ў 2017 годзе пасля расійска-беларускіх вайсковых вучэнняў «Захад-2017».
Суд над Алегам Ларычавым пачаўся ў лістападзе 2026 года. Разам з ім судзяць Сямёна Малашэнкава, якога таксама затрымалі ў лістападзе 2025 года і абвінавачваюць у датычнасці да ініцыятывы «Да зораў».
Нагадаем, 3 лістапада стала вядома, што падчас судовага пасяджэння Алегу выклікалі хуткую дапамогу. У зняволенні ў яго абвастрыліся праблемы са здароўем, але належнай медыцынскай дапамогі ён не атрымлівае.
✍️ Вядучы з Віцебска стаў аб’ектам даносу пасля жартаў пра калег на закрытай вечарыне
Ананімны ўдзельнік сустрэчы даслаў у міліцэйскі чат-бот відэа выступу Віталя Савельева, заявіўшы, што той нібыта жартаваў на палітычныя тэмы. Сам вядучы сцвярджае, што гаворка ішла выключна пра калег і працу, паведамляе «Наша Ніва».
Пра гэты выпадак Віталь расказаў у сваім TikTok. Паводле яго, падчас закрытай вечарынкі ён жартаваў пра калегу, якога не было на сустрэчы. Здавалася б, звычайны выступ перад калегамі, але ўжо праз дзве гадзіны пасля мерапрыемства да Віталя прыехалі сілавікі і папрасілі патлумачыць змест жартаў.
Спачатку вядучы падумаў, што гэта розыгрыш, арганізаваны кімсьці з калег. Але міліцыянеры былі настроеныя сур'ёзна.
🔗 Хроніка палітычнага пераследу 5 лістапада
edited
❗️ Мінімум 75 беларускіх вайскоўцаў сталі фігурантамі крымінальных спраў паводле палітычных матываў з 2020 года
З 2020 года "Вясна" зафіксавала мінімум 75 фактаў крымінальнага пераследу ў дачыненні да беларускіх вайскоўцаў. Па стане на 5 лістапада 2026 года, 33 з іх утрымліваюцца за кратамі.
Прынамсі 15 вайскоўцаў абвінавацілі ў "здрадзе дзяржаве" (арт. 356 КК), яшчэ 13 — у "акце тэрарызму" (арт. 289 КК). Не менш за 12 чалавек былі асуджаныя на тэрміны ад 20 да 25 гадоў пазбаўлення волі. Некаторыя з гэтых прысудаў вынеслі завочна.
У 2026 годзе былі асуджаныя мінімум 13 беларускіх вайскоўцаў.
📌 "Вясна" распавядае гісторыі некаторых палітзняволеных вайскоўцаў.
🕑 13:15. Абед у жаночай калоніі вачыма палітзняволенай
У гэты час у жаночай калоніі пачынаецца абед.
Атрад шыхтуецца ў сталоўку: на першае даюць капусняк, боршч або гарохавы суп, на другое — звычайна бульбу з мясам і маргарынам. Да абеду таксама належаць хлеб і кампот або кісель.
Пасля абеду ў зняволеных ёсць гадзіна вольнага часу — да наступнага пастраення. Але ўжо а 14:30 тых, хто працуе ў другую змену, адпраўляюць на фабрыку.
Перад працай — пастраенне і ператрус. Зняволеных абмацваюць, просяць дастаць усё з кішэняў, а ўзімку могуць прымусіць зняць шалік і расшпіліць цёплую вопратку.
Былая палітзняволеная ўспамінае, як аднойчы ў студзені жанчыны цэлую гадзіну чакалі ператрусу на вуліцы. Супрацоўнікі прымусілі іх зняць нават абутак і стаяць басанож на зямлі.
📌 "Мы цягалі асфальт і бетон": адзін дзень у жаночай калоніі вачыма палітзняволенай
🖥 Раскажыце свету пра Беларусь: «Вясна» па-ангельску
Нагадваем, што ў «Вясны» ёсць англамоўная версія сайта. Там мы публікуем навіны пра Беларусь, гісторыі палітвязняў, паведамляем пра новыя выпадкі рэпрэсій і расказваем пра дзейнасць беларускіх праваабаронцаў.
За кожнай навіной пра рэпрэсіі стаіць канкрэтны чалавек і яго лёс. Мы хочам, каб пра гэтых людзей ведалі і за межамі Беларусі. Каб гэтыя гісторыі не губляліся ў інфармацыйнай прасторы і даходзілі да міжнароднай супольнасці.
Калі ў вас ёсць замежныя сябры ці калегі, дашліце ім спасылку — так гэтыя гісторыі даведаецца больш людзей.
📌 Чытаць па-ангельску 👉 https://spring96.org/en
💔 «Яны сочаць за нашымі далейшымі лёсамі»: былая палітзняволеная пра жыццё пасля вызвалення і пра тых, хто застаўся за кратамі
👉 Чытаць па спасылцы
«А ці заслужыла я ўвогуле гэту свабоду?» — запытваецца ў сябе Ліза (імя змененае ў мэтах бяспекі), успамінаючы палітзняволеных, што застаюцца ў калоніі.
Жанчыну памілавалі ды выправадзілі з Беларусі, але свабоднай яна сябе так і не адчувае: сілавікі працягваюць прыходзіць да яе родных, а недавер, да якога прывучыла калонія, застаецца з ёй і на волі.
Былая палітзняволеная распавядае "Вясне" пра сістэму даносаў і недаверу ў гомельскай калоніі № 4, пра псіхалагічныя наступствы зняволення і жанчын, якія дагэтуль застаюцца за кратамі.
Гэта заключная частка цыклу публікацый па вялікай гутарцы з былой палітзняволенай Лізай. У першай частцы яна распавяла пра забароны, пакаранні ды ШІЗА, у другой — пра распарадак дня, цяжкую фізічную працу і пра тое, як умовы зняволення адбіваюцца на здароўі жанчын.
🌿 Чытаць з Беларусі праз сайт-люстэрка