«Мы абавязаныя займацца гэтымі пытаннямі, нават калі вынік не будзе хуткім» У размове з «Белсатам» кіраўніца Місіі беларускіх дэмакратычных сілаў ва Украіне Вольга Зазулінская распавяла пра прагрэс у вырашэнні праблем беларусаў ва Украіне, складанасці з легалізацыяй і падтрымкай сем’яў беларускіх добраахвотнікаў, а таксама пра падрыхтоўку наступнага візіту Святланы Ціханоўскай. Галоўнае з інтэрв’ю: Пра легалізацыю беларусаў і праблемы з дакументамі «Пэўны прагрэс ёсць, але я не хацела б ствараць уражанне, што праблемы ўжо вырашаныя, бо гэта, на жаль, не адпавядае рэчаіснасці. Асабліва складанай застаецца сітуацыя з пашпартамі і даведкамі, якіх патрабуюць украінскія дзяржаўныя органы. Пры гэтым з такімі праблемамі сутыкаюцца не толькі тыя, хто нядаўна прыехаў, але і беларусы, якія жывуць ва Украіне шмат гадоў, маюць сем’і і сталы дазвол на жыхарства. Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны падрыхтавала заканадаўчыя прапановы, якія могуць дазволіць некаторым катэгорыям беларусаў падавацца на легалізацыю з пратэрмінаванымі пашпартамі. Аднак пакуль гэта толькі заканадаўчая ініцыятыва, а не змены, якімі ўжо можна скарыстацца». Пра наступны візіт Святланы Ціханоўскай ва Украіну «Наступны візіт плануецца, мы шукаем магчымыя даты. Пасля майскага візіту працягнуліся кантакты з украінскім МЗС, адбыліся новыя сустрэчы і абмеркаванні пытанняў бяспекі, санкцый, адказнасці рэжыму Лукашэнкі і супрацоўніцтва на гуманітарных напрамках. Цяпер Місія займаецца падрыхтоўкай змястоўнага парадку дня для далейшых кантактаў. Мне хацелася б, каб побач з вялікімі палітычнымі пытаннямі ў ім знайшлося месца для канкрэтных праблем беларусаў ва Украіне, добраахвотнікаў і іх сем’яў, а таксама людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні за падтрымку Украіны».