Навіны Беларусі. Аналітыка. Інтэрв'ю
Сайт: https://pozirk.online
▪️YouTube: http://bit.ly/40t8H9a
▪️Facebook: https://bit.ly/3TSLGdf
Сувязь з рэдакцыяй: @pozirkeditor
Subscribers2.7K +0 24h · +0 7d
Reach per post (ERR)11.8%323 avg views
Posting25.0/daylast 23 minutes ago
Reactions per 1K views10.0👍 👎 ❤
Ідэалагічная праца ў вайсковым блоку Беларусі вядзецца на ўсіх узроўнях — галоўны ідэолаг УС
Органы ідэалагічнай працы вядуць сваю дзейнасць на ўсіх узроўнях — ад Міністэрства абароны і камандаванняў аб’яднанняў Узброеных сіл да батальёна і роты, заявіў на перамовах з начальнікам Галоўнага палітупраўлення арміі В’етнама Нгуен Чонг Нгіа 22 верасня ў Мінску памочнік міністра па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны Леанід Касінскі.
Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага вайсковага ведамства, бакі абмеркавалі “новыя сродкі ідэалагічнай працы”, якія прымяняюцца ва УС, разгледзелі “сучасныя падыходы да арганізацыі ідэалагічнай працы не толькі ў войсках, але і ў грамадстве”.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 прэс-служба Мінабароны
Долар, еўра і юань патаннелі на біржавых таргах 22 верасня
Амерыканская, агульная еўрапейская, а таксама кітайская валюты патаннелі на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы.
Курс долара знізіўся да 3,0151 рубля (-0,23%; -0,0071), еўра — да 3,4493 (-0,31%; -0,0106), юаня — да 4,5061 за 10 (-0,29%; -0,0131),
Расійскі рубель падаражэў да 3,5986 за 100 (+0,14%; +0,0051).
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 JustStartInvesting / unsplash.com
edited
Закупка ЗША “крывавага калію” ў Беларусі стане падтрымкай агрэсіі РФ, лічыць прэм’ер канадскай правінцыі Саскачэван
Гэта будзе азначаць падтрымку агрэсіўных дзеянняў Расіі супраць Украіны, заявіў 21 верасня прэм’ер-міністр канадскай правінцыі Саскачэван Скот Мо.
“Больш за 40 краін — Канада і яе саюзнікі — увялі санкцыі супраць Беларусі за падтрымку ўварвання ваеннага злачынцы Пуціна ва Украіну,
— напісаў кіраўнік урада правінцыі на ў сацсетках. —
Купляць “крывавы калій” у Беларусі — значыць падтрымліваць расійскую агрэсію”.
“Гэта няправільна і не мае сэнсу. Увесь гэты калій спачатку давядзецца дастаўляць праз Расію, далей — праз акіян, а пасля праз тэрыторыю ЗША — фермерам Сярэдняга Захаду. Няўжо нехта верыць, што беларускі “крывавы калій”, дастаўлены праз Расію, будзе больш танны, экалагічны ці этычны, чым калій з Саскачэвана — адсюль, з Паўночнай Амерыкі?”
— задаўся ён пытаннем адносна эфектыўнасці плана прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 clearerimages.co
edited
Мытня Латвіі выявіла ў вагоне з рудой на мяжы з Беларуссю 100 тыс. кантрабандных цыгарэт
Пра гэта паведаміла 22 верасня Мытнае ўпраўленне Дзяржаўнай службы даходаў Латвіі.
Скрыні з 5 тыс. пачакаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі знаходзіліся пад пластом руды. Нелегальны груз быў выяўлены падчас агляду цягніка 20 верасня на мытні чыгуначнага пункта пропуску Індра (з боку Беларусі Бігасава).
Паводле даных ведамства, сума нявыплачаных падаткаў складае больш за 29,9 тыс. еўра.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 мытня Латвіі
edited
На ГА ААН Ціханоўская заклікала знайсці прызнаванае ўсімі рашэнне для беларусаў, якія засталіся без дакументаў
Знайсці прызнаванае на сусветным узроўні рашэнне праблемы з дакументамі для тысяч беларусаў, якія не могуць бяспечна падоўжыць свае пашпарты на радзіме, і забяспечыць абарону механізмаў ААН, якія тычацца Беларусі, заклікала міжнародную супольнасць дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.
21 верасня яна выступіла ў Нью-Ёрку на мерапрыемстве “Беларусь: саўдзельніца вайны Расіі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бяспецы” на палях тыдня высокага ўзроўню 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
Звяртаючыся да ААН, Ціханоўская выказала яшчэ чатыры просьбы. У прыватнасці, трэба вярнуць пытанне Беларусі ў парадак дня ААН і пачаць працу над “рашучай рэзалюцыяй” у Трэцім камітэце Генасамблеі і самой ГА, якая б закранала праблемы палітвязняў, транснацыянальных рэпрэсій і ролі рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 прэс-служба Ціханоўскай
edited
Ніводная краіна ЕС не можа ўдзельнічаць у калійнай здзелцы ЗША з Беларуссю
Ніводная дзяржава Еўрапейскага саюза “не можа быць часткай пагаднення, якое ўзгадняе ЗША, аб імпарце беларускіх угнаенняў”, заявіў літоўскаму грамадскаму вяшчальніку LRT 22 верасня ў Нью-Ёрку міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.
“Тое, што адбываецца паміж ЗША і Беларуссю, — гэта двухбаковыя стасункі. Тое, якія санкцыі здымаюць ЗША, наўпрост не звязана з дзеяннямі Еўрапейскага саюза і яго санкцыйнай палітыкай. Таму мы разглядаем гэтую заяву [амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа пра калійную здзелку з Беларуссю] як пытанне двухбаковых стасункаў, якое нас наўпрост не закранае”,
— падкрэсліў чыноўнік.
Паводле слоў кіраўніка літоўскай дыпламатыі, ён праінфармаваў афіцыйных асоб ЗША пра тое, што дзейны рэжым санкцый Еўрасаюза забараняе аб’яднанню не толькі імпартаваць беларускія ўгнаенні, але і ствараць умовы для іх транзіту па тэрыторыі дзяржаў — членаў ЕС.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 медыяслужба Еўракамісіі
У ноч на 22 верасня аэрапорт Вільнюса не працаваў больш за тры гадзіны праз паветраныя шары з Беларусі
Паводле інфармацыі аэрапорта, абмежаванні на выкарыстанне паветранай прасторы былі ўведзеныя 21 верасня ў 23:25 — у сувязі з “гібрыднай атакай, здзейсненай Беларуссю супраць Літвы, грамадзянскай авіяцыі і насельніцтва”.
“У небяспечных для авіяцыі зонах былі зафіксаваныя навігацыйныя знакі, характэрныя для паветраных шароў”,
— тлумачыцца ў паведамленні.
Аэрапорт аднавіў працу 22 верасня ў 2:40, калі абмежаванні на выкарыстанне паветранай прасторы былі скасаваныя.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 сайт аэрапорта Вільнюса
edited
Швейцарскі суд пачаў разглядаць скаргу на апраўдальны вырак экс-байцу САХР Гараўскаму, датычнаму да гучных знікненняў
22 верасня пачаўся апеляцыйны працэс па справе былога байца спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрыя Гараўскага, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
"У 2023 годзе суд палічыў яго паказанні недастаткова надзейнымі і апраўдаў паводле абвінавачанняў у гвалтоўных знікненнях і перашкодах правасуддзю. Сваякі зніклых палітыкаў не пагадзіліся з гэтым рашэннем і дамагаюцца абвінаваўчага выраку ў дачыненні да Гараўскага”,
— гаворыцца ў паведамленні.
У 2019 годзе былы баец САХР Гараўскі заявіў у СМІ, што 7 траўня 1999 года быў у складзе г.зв. “эскадрона смерці”, які на загад камандзіра САХР Дзмітрыя Паўлічэнкі выкраў і забіў былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку, а 16 верасня таго ж года — палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 Tingey Injury Law Firm / unsplash.com
edited
ByAction: Пастановы на дэпартацыю з ЗША за пропуск іміграцыйных судоў — ад пачатку года з гэтым сутыкнулася 52 беларусы
Беларусы, якія чакаюць разгляду спраў у іміграцыйных судах Злучаных Штатаў Амерыкі, “усё часцей сутыкацца з сітуацыямі пропуску сваіх судовых пасяджэнняў і атрымліваюць рашэнні аб дэпартацыі”, паведамляе валанцёрская праваабарончая ініцыятыва ByAction.
Паводле яе інфармацыі, ад пачатку 2026 года беларусы не з’явіліся на пасяджэнні ў рамках 42 судовых спраў, у выніку чаго “былі вынесены пастановы аб іх дэпартацыі”. “З улікам членаў іх сем’яў гэтыя рашэнні закранулі агулам 52 асобы”, — гаворыцца ў паведамленні.
Ініцыятыва ByAction падкрэсліла, што беларусам у ЗША не варта спадзявацца толькі на адваката ў гэтым пытанні: “У 10 з 52 асоб быў адвакат, але яны ўсё адно прапусцілі судовае пасяджэнне”.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 Іміграцыйная і мытная служба ЗША
edited
☝️ "Аналітыка ад Позірку". Дональд Трамп заявіў пра жаданне ЗША купляць беларускі калій, каб збіць кошты для амерыканскіх фермераў і дыверсіфікаваць пастаўкі.
Тым часам Аляксандр Лукашэнка імкнецца максімальна выгадна падаць гэтую тэму падчас перамоваў са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам, намякаючы на дэфіцыт аб'ёмаў і патрабуючы вярнуць заблакаваныя грошы.
Аднак на шляху стаяць еўрапейскія санкцыі і пазіцыя краін Балтыі. Амерыка можа ціснуць на Вільнюс і Рыгу, а ў якасці кампрамісу разглядаецца нават ідэя звязаць транзіт калію з вывозам украінскага збожжа.
Пры гэтым падобны гешэфт паміж Мінскам і Вашынгтонам наўрад ці прыйдзецца па душы Маскве, якая кантралюе цяперашнія лагістычныя ланцужкі і канкуруе з Мінскам на калійным рынку.
Пра тое, як разгортваецца гэтая калійная інтрыга і чаму беларускаму аўтакрату даводзіцца лавіраваць паміж ЗША і Расіяй, чытайце ў матэрыяле для @pozirkonline палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага.
🗝 Без VPN
#аналітыка_позірку
edited
Як убачыць Лісабон не вачыма турыста?
Сталіца Партугаліі можа застацца ў памяці зусім нечаканымі дэталямі. Не толькі жоўтымі трамваямі, акіянам і знакамітымі відамі, але і смакам свежай рыбы, пахам з борта яхты, палётам над горадам ці нават звычайнай сеткай ад бутэлькі партвейну.
Расказваем, як убачыць Лісабон крыху інакш — дакрануцца да яго гісторыі, выйсці ў Атлантыку з мясцовымі рыбакамі, убачыць Партугалію з вышыні і сваімі рукамі прыгатаваць паштэль-дэ-ната.
Чытайце наш матэрыял пра 2,6 мільёна адценняў Лісабона:
Без VPN
📷 myportugalmoments.pt
edited
Кіраўнік МЗС Украіны перасцярог ад аслаблення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ў абмен на вызваленне палітвязняў
Ад аслаблення санкцыйнага ціску на рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў абмен на вызваленне палітвязняў перасцярог міжнародных партнёраў украінскі міністр замежных спраў Андрэй Сібіга, выступаючы 21 верасня ў Нью-Ёрку на мерапрыемстве “Беларусь: саўдзельніца вайны Расіі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бяспецы” на палях тыдня высокага ўзроўню 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
“Вызваленне невінаватых людзей заўсёды варта вітаць, але стаўленне да іх свабоды як да прадмета гандлю заахвочвае браць новых закладнікаў і абменьваць іх вызваленне на тое, у чым мае патрэбу яго рэжым. Мы ўжо бачылі, як ён рабіў гэта з замежнымі грамадзянамі”,
— цытуе чыноўніка прэс-служба МЗС Украіны.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 прэс-служба МЗС Украіны
Пачобут па-ранейшаму мае намер вярнуцца ў Беларусь назаўжды — не выключае “найгоршага сцэнарыя”, але не лічыць яго абавязковым
Журналіст і актывіст неафіцыйнага Саюза палякаў неаднаразова заяўляў, што магчымасць вярнуцца ў Беларусь была адной з прынцыповых умоў, на якіх ён пагадзіўся пакінуць краіну пасля выхаду на свабоду. У верасні ён на тыдзень прыехаў у Беларусь, дзе сутыкнуўся з падвышанай увагай сілавікоў.
Паводле слоў журналіста, сярод яго блізкіх ідэя вяртання ў Беларусь “энтузіязму не выклікала”, але “ўсе яе прынялі”. “Натуральна, ніхто не хоча, каб блізкі чалавек апынуўся ў небяспечнай сітуацыі, — адзначыў ён. — Але я хачу толькі нагадаць, што ў Беларусі ў такой сітуацыі знаходзяцца сотні тысяч палякаў, там застаюцца і ўсе актывісты Саюза палякаў, якія працягваюць сваю дзейнасць у Беларусі. Таму мая сітуацыя, маё вяртанне зусім не з’яўляюцца нечым выключным”.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 TVP / стоп-кадр: "Позірк"
☀️ Добрай раніцы! Сёння, 22 верасня, беларусаў чакаюць наступныя падзеі:
▪️KANAPLEV + LEIDIK у Таліне (Õpetajate Maja, 18:00)
▪️ Анлайн-лекцыя "Кантрабанда культуры: Ежы Гедройць і яго часопіс" (анлайн-старонка "Прастора польскай культуры", 16:00)
▪️Сустрэча з беларускімі літаратарамі ва Уроцлаве (Канферэнц-зала Асалінэума,17:00)
▪️Спектакль "Радзіва Прудок" у Варшаве (Terminal Kultury Gocław, 19:00)
▪️Квіз "Шуфлядка" ў Кракаве (Pub ToTu 15, 19:00)
▪️Анлайн-лекцыя "Восеньскае раўнадзенства ў беларускім традыцыйным календары" (20:00)
edited
🌜Галоўныя навіны 21 верасня:
✈️ "Турэцкія авіялініі" вярнуліся ў Мінск пасля больш чым чатырохгадовага перапынку
🤦🏻♂️ Лукашэнка: Вялікіх аб’ёмаў калію для ЗША няма
👷♂️ ЗША працуюць над буйной здзелкай па куплі калію ў Беларусі
🏗 За восем месяцаў пабудавана на 18,7% менш кватэр у параўнанні з тым жа перыядам 2025 года
❌ Пастпрадстаўнікі ЕС дамовіліся падоўжыць на тры гады санкцыі супраць грамадзян і кампаній з Беларусі і Расіі
📷 Прах Святланы Курс пахавалі ў Беларусі. www.facebook.com/andrej.strizhak
У Беларусь прыбыла дэлегацыя на чале з ідэолагам арміі В’етнама
Вайсковая дэлегацыя з В’етнама прыбыла ў Беларусь з афіцыйным візітам, паведаміла 21 верасня прэс-служба беларускага Міністэрства абароны.
Паводле інфармацыі ведамства, дэлегацыю ўзначальвае начальнік Галоўнага палітычнага ўпраўлення В’етнамскай народнай арміі Нгуен Чонг Нгіа.
У рамках візіту, які працягнецца некалькі дзён, запланаваныя перамовы пра двухбаковую вайскова-палітычную супрацу, сустрэчы з вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, наведванне мемарыяльных комплексаў і музеяў, якія “маюць важнае гістарычнае і культурнае значэнне” для Беларусі.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 прэс-служба Мінабароны
Пастпрадстаўнікі ЕС дамовіліся падоўжыць на тры гады санкцыі супраць грамадзян і кампаній з Беларусі і Расіі
Пастаянныя прадстаўнікі краін ЕС дамовіліся падоўжыць на тры гады санкцыі супраць фізічных і юрыдычных асоб, уключаных у спіс за дзеянні, якія падрываюць тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны. Раней гэтыя санкцыі звычайна працягваліся на шэсць месяцаў.
Пагадненне было дасягнута 21 верасня на пасяджэнні Coreper у Бруселі. Цяпер яго павінны фармальна зацвердзіць у пісьмовай працэдуры.
У межах кампрамісу з санкцыйнага спісу плануецца выключыць расійскіх бізнесменаў Алішэра Усманава і Міхаіла Фрыдмана.
Пад дзеянне гэтага рэжыму трапляюць і беларускія грамадзяне ды кампаніі, звязаныя з падтрымкай Расіяй вайны супраць Украіны. ЕС асобна працягнуў санкцыі супраць Беларусі да 28 лютага 2027 года ў сувязі з рэпрэсіямі і падтрымкай расійскай агрэсіі.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷pravda.com.ua
edited
За мінулыя выхадныя ў Беларусі патанулі два чалавекі
Аб гэтым паведамляе Рэспубліканскае таварыства ратавання на водах (ТРВОД).
Яшчэ два чалавекі былі выратаваныя. У адным выпадку дзяўчынка 2020 года нараджэння “хадзіла па парапеце фантана і ўпала ў ваду, самастойна выбрацца не змагла”, яе выцягнулі работнікі ТРВОД (адбылося ўвечары 19 верасня, месца здарэння не называецца). У іншым выпадку мужчына 1967 г.н. рыбачыў з чаўна на Цнянскім вадасховішчы ў Мінску, упаў за борт і не змог сам забрацца назад. Рыбаку дапамаглі работнікі выратавальнай станцыі.
У сярэдзіне ліпеня “Позірк” паведамляў, што, згодна з данымі МНС, за пяць гадоў (2021–2025) у беларускіх вадаёмах патанула 1.984 чалавекі, у тым ліку 132 дзіцяці. Асобна ў 2025-м — 282 (12).
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 belarus24.by
Віншуючы Пуціна з правядзеннем выбараў у Дзярждуму, Лукашэнка адзначыў “беспрэцэдэнтную актыўнасць мільёнаў выбаршчыкаў”
“Беспрэцэдэнтная актыўнасць мільёнаў выбаршчыкаў і пацверджаная партыяй “Адзіная Расія” канстытуцыйная большасць у Дзяржаўнай думе — годны адказ на цынічныя спробы звонку дыскрэдытаваць кампанію, унесці раскол у еднасць расійскае грамадства”,
— адзначыў Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні, адрасаваным прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну.
У пасланні, апублікаваным прэс-службай віншавальніка, сцвярджаецца, што вынікі выбараў “пераканаўча дэманструюць прыхільнасць расіян да вызначанага Уладзімірам Пуціным курсу на стабільнае развіццё Расіі — упэўненай у сваіх сілах дзяржавы, адкрытай да партнёрства і супрацы”.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 Element5 Digital / unsplash.com
Рыжанкоў накіраваўся ў Нью-Ёрк на мерапрыемствы Генасамблеі ААН
Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў накіраваўся ў Нью-Ёрк “для ўдзелу ў мерапрыемствах сегмента высокага ўзроўню” Генеральнай Асамблеі ААН, паведаміла 21 верасня прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Чакаецца, што чыноўнік выступіць на пасяджэнні Генасамблеі.
У рамках яго візіту таксама анансаваныя “запуск перагаворнага працэсу па праекце Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі”, двухбаковыя сустрэчы, перамовы з кіраўніцтвам ААН; удзел у “тэматычных мерапрыемствах на палях сегмента высокага ўзроўню Генасамблеі ААН” ды інш.
20 верасня паведамлялася, што дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская накіравалася ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў мерапрыемствах Генасамблеі.
✅ Падрабязнасці 🗝 Без VPN
📷 медыяслужба ААН / стоп-кадр: "Позірк"