«Практыка паказвае, што гэты рэжым разумее толькі сілу. І калі ў нас не хапае сілаў уздзейнічаць на сітуацыю, то ў нас ёсць саюзнікі» У інтэрв’ю «Еўрарадыё» старэйшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі распавёў пра вяртанне Анджэя Пачобута ў Беларусь, санкцыі і вынікі працы дэмсілаў. Галоўнае з інтэрв’ю: Пра санкцыі: «Важна адзінае: дзякуючы санкцыям і дыпламатычнаму ціску выходзяць людзі. Мы можам не пагаджацца, мы можам мець розныя меркаванні, але практыка паказвае, што гэты рэжым разумее толькі сілу. Калі ў нас не хапае сілаў уздзейнічаць на сітуацыю, то ў нас ёсць і саюзнікі. Праблема санкцый не ў тым, што да іх заклікаюць дэмакратычныя сілы, а ў тым, што Лукашэнка сябе так паводзіць. Калі трэба шукаць вінаватага і абвінаваціць кагосьці — гэта рэжым Лукашэнкі». Пра некаторыя з вынікаў працы дэмсілаў: «У Польшчы беларусы па гуманітарнай візе ці ВНЖ могуць працаваць. Гэта было зроблена дзякуючы Цэнтру Беларускай салідарнасці і падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай. Яшчэ некаторыя змены ў польскае заканадаўства былі ўнесены па нашых прапановах, каб дапамагчы з легалізацыяй беларусаў. Некаторыя краіны пачынаюць прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты. Выдаюцца пашпарты замежнікаў. У Літве від на жыхарства па гуманітарных прычынах выдаецца не на год, як раней, а на тры гады. І зараз ідзе дыялог з польскімі ўладамі. Ёсць рабочыя групы пры Міністэрствах унутраных спраў, дзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў у Літве, Швецыі, Іспаніі і іншых краінах».
Светлана Тихановская ✔
Звязацца ў Telegram: @askoffice_15 Сайт: https://tsikhanouskaya.org/ Inst: https://www.instagram.com/prezident.sveta/ FB: https://www.facebook.com/S.Tsikhanouskaya YouTube: www.youtube.com/@svetlana_tsikhanouskaya
-
-
edited
Яшчэ дзве краіны далучаюцца да Міжнароднага гуманітарнага фонду Яны накіруюць каля €200 тысяч на дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Пасля завяршэння ўсіх працэдур у працы фонду будуць удзельнічаць ужо 15 дзяржаў. Дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі сазваніўся і абмеркаваў актуальную сітуацыю з генеральнай сакратаркай Нарвежскага Хельсінкскага камітэта Берыт Ліндэман. За 2024–2026 гады краіны накіравалі ў фонд больш за €3 мільёна. Большая частка сродкаў ужо пайшла на падтрымку пацярпелых ад рэпрэсій, у тым ліку палітзняволеных, вызваленых цягам апошніх месяцаў. Некаторыя дзяржавы дапамагаюць фонду ўжо не ўпершыню: Ісландыя зрабіла тры ўнёскі, Эстонія і Нарвегія паўторна пералічылі сродкі ў 2026 годзе. Дзяніс Кучынскі: «Для нас важна, каб да фонду далучаліся новыя краіны, а тыя, хто ўжо ўдзельнічае, працягвалі падтрымку. Большая частка сабраных сродкаў ужо пайшла на дапамогу людзям, таму мы павінны загадзя думаць пра наступныя вызваленні і мець магчымасць хутка падтрымаць тых, хто выйдзе на свабоду. 15 краін — гэта важны вынік, але мы хочам ісці далей і да канца года павялічыць іх колькасць да 18–20». Падрабязней пра працу фонду і новыя ўнёскі — па спасылцы.
-
«Ніводная дыктатура не павінна мець апошняга слова пра будучыню Еўропы» Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у другой Еўрапейскай канферэнцыі за свабоду і дэмакратыю ў Вентатэне па запрашэнні Піны Пічэрны, віцэ-прэзідэнткі Еўрапейскага парламента і арганізатаркі канферэнцыі. Канферэнцыя аб’ядноўвае еўрапейскіх палітыкаў, журналістаў, інтэлектуалаў і грамадзянскіх актывістаў для абмеркавання супрацьстаяння аўтарытарызму, падтрымкі Украіны, еўрапейскай бяспекі і абароны грамадзянскіх правоў. Беларуская лідарка далучылася ў анлайн фармаце. Разам са Святланай Ціханоўскай на панэлі «Мяжа свабоды: Італія і Еўропа ў глабальным кантэксце» выступілі: намеснік прэм'ер-міністра і міністр замежных справаў Італіі Антоніа Таяні, віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Піна Пічэрна, галоўны рэдактар Milano Finanza Раберта Самэла, журналіст ANSA Мікеле Эспазіта. Мадэратар — дырэктар Бюро Еўрапейскага парламента ў Італіі Карла Караца. У сваёй прамове Святлана Ціханоўская заклікала працягваць падтрымку Украіны, захоўваць ціск на рэжым Лукашэнкі і дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў: «Расія выкарыстала тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну. Рэпрэсіі ўнутры адной краіны зрабілі магчымай агрэсію супраць іншай. Вось чаму дэмакратыю і бяспеку нельга аддзяляць адзін ад аднаго. Дэмакратычная Беларусь дапамагла б засцерагчы паўночную мяжу Украіны. Таму падтрымка гэтага будучага з'яўляецца інвестыцыяй у бяспеку ўсяго кантынента».
-



+6
11 верасня — дзень нараджэння Святланы Ціханоўскай. І мы, яе каманда, вырашылі пазнаёміць вас з ёй крыху бліжэй. Бо хто можа расказаць пра чалавека лепш за тых, хто побач з ёй 25 гадзін у суткі і 8 дзён на тыдзень — на сустрэчах, у паездках, у офісе і паміж усім гэтым? Мы спыталі ў калег, якая Святлана без камер, што яе смешыць і радуе, што яна не любіць дэлегаваць і якія яе фразы ўжо сталі офіснымі мемамі.
-



+1
Аўтобусы, літоўская мова для беларусаў і ЕГУ. Дарадца Ціханоўскай абмеркаваў з літоўскімі партнёрамі пытанні, якія хвалююць беларусаў 9–10 верасня дырэктар віленскага Офіса Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі сустрэўся з дарадцам прэзідэнта Літвы па замежнай палітыцы Данатасам Аўгулісам і віцэ-спікеркай Сейма Літвы Вікторыяй Чмілітэ-Нільсэн. Абедзве сустрэчы прайшлі ў Офісе ў Вільні. Ключавыя тэмы перамоваў: — Аўтобуснае злучэнне з Беларуссю. Магчымыя абмежаванні па прыкладзе Латвіі цалкам спыніць аўтобусныя перавозкі ў Беларусь і Расію з 2027 года. У Літве таксама прагучала прапанова зрабіць такі крок. На сустрэчах абмеркавалі, як працаваць над тым, каб гэтыя абмежаванні не закранулі беларусаў. — Курсы літоўскай мовы для беларусаў — пашырэнне доступу да навучання. Беларусы хочуць вывучаць мову і ўдзельнічаць у жыцці краіны, але месцаў на курсах не хапае. — Падрыхтоўка да магчымых вызваленняў палітвязняў, якія могуць быць вывезены ў Літву. Кучынскі падзякаваў Літве за дапамогу з дакументамі і легалізацыяй для ўжо вызваленых . — Падтрымку ЕГУ. Кучынскі прапанаваў візію літоўскім партнёрам, як можна дапамагчы ЕГУ выйсці з крызіснай сітуацыі. — Бяспеку Літвы і рэгіёну, крокі з мілітарызацыяй унутры Беларусі. Кучынскі падзяліўся ацэнкай унутраных працэсаў у Беларусі, ваенна-палітычнай абстаноўкі і рызык выкарыстання тэрыторыі краіны Расіяй для агрэсіі супраць суседзяў. Па выніках абмеркавання бакі адзначылі, што іх бачанне сітуацыі супадае. — Старшынства Літвы ў Радзе Еўрасаюза. Магчымыя фарматы прысутнасці Беларусі на мерапрыемствах і сустрэчах, а таксама захаванне беларускага пытання ў фокусе ўвагі. Дзяніс Кучынскі: «Мы ведаем пра праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў Літве. І нашая задача — па магчымасці іх вырашыць. Нам важна, каб беларусы ў Літве маглі вывучаць мову, атрымліваць адукацыю і ўдзельнічаць у жыцці краіны. Мы бачым, што восенню чакаюцца дыскусіі ў Сейме адносна розных абмежаванняў, і ўжо зараз актыўна працуем з партнёрамі, каб данесці нашу пазіцыю і абараніць інтарэсы беларусаў».
-
edited
Дапамога палітвязням і рэпрэсаваным беларусам: дарадца Ціханоўскай правёў сустрэчу з Freedom House Кіраўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Літве Дзяніс Кучынскі сумесна з юрыдычнай камандай Офіса сустрэліся з кіраўніком Прадстаўніцтва Freedom House ў Літве. Ён падзякаваў арганізацыі за сістэмную падтрымку беларусаў, якія працуюць дзеля дэмакратычнай будучыні сваёй краіны і былі рэпрэсаваны на Радзіме рэжымам Лукашэнкі. Бакі абмеркавалі дапамогу беларусам, якія былі вымушаныя пакінуць краіну і апынуліся ў Літве. Таксама абмеркаваны планы па сумесных мерапрыемствах у Злучаных Штатах і Літве. Асобная ўвага была нададзена падрыхтоўцы да магчымага прыезду вызваленых палітвязняў пасля візіту спецпасланніка ЗША Джона Коўла і іх легалізацыі. Дзяніс Кучынскі: «Мы вельмі спадзяемся на добрыя навіны. Пасля візіту Джона Коўла ў Літву могуць прыехаць вызваленыя палітвязні. Калі гэта адбудзецца, дапамога ім спатрэбіцца з першага дня. Таму мы ўжо цяпер узгадняем працу з камандай Freedom House і іншымі арганізацыямі: хто сустракае людзей, куды яны могуць звярнуцца і якую падтрымку атрымаюць у першыя дні. Дзякуй за гатоўнасць хутка ўключацца і дапамагаць». Офіс Святланы Ціханоўскай, Freedom House, фонд «Краіна для жыцця», ініцыятывы «Вольныя» і Dissidentby, Літоўскі Чырвоны Крыж, Беларускі дом правоў чалавека, валанцёрская служба праваабарончага цэнтра «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН і фонд BySol гатовыя дапамагчы палітвязням, калі яны будуць вызваленыя ў выніку дыпламатычных намаганняў ЗША і перавезеныя ў Літву. Freedom House — праваабарончая арганізацыя, якая падтрымлівае беларускіх актывістаў і праваабаронцаў, дапамагае ахвярам рэпрэсій і сочыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.
-
«Беларускі досвед паказвае, наколькі хутка права можа ператварыцца з механізму абароны чалавека ў механізм яго пераследу» Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў выступіў у Манрэалі на Impact 2026 — буйным канадскім саміце, прысвечаным вяршэнству права, абароне дэмакратычных інстытутаў і сучасным выклікам для прававой дзяржавы. На запрашэнне Калегіі адвакатаў Квебека (Barreau du Québec) Леанід Марозаў стаў адным з асноўных спікераў сесіі «When the Rule of Law Disappears: What We Can Learn from the Rest of the World». Дыскусія была прысвечаная таму, што адбываецца з дзяржавай і грамадствам, калі перастаюць працаваць прававыя механізмы і незалежныя інстытуты. У сваім выступе Леанід Марозаў прадставіў беларускі досвед прававога дэфолту – сітуацыі, калі права перастае абараняць чалавека і замест гэтага выкарыстоўваецца як інструмент рэпрэсій. Ён распавёў пра масавыя парушэнні правоў чалавека і палітычна матываваны пераслед у Беларусі, палітычных зняволеных, а таксама пра спробы рэжыму Лукашэнкі пераследаваць беларусаў ужо за межамі краіны. Асобная ўвага была прысвечаная транснацыянальным рэпрэсіям і злоўжыванню рэжымам міжнароднымі механізмамі, у тым ліку Інтэрполам, а таксама магчымасцям і абмежаванням сістэмы ААН і іншых міжнародных інстытутаў у абароне правоў чалавека і прыцягненні вінаватых да адказнасці. Звяртаючыся да канадскіх і паўночнаамерыканскіх партнёраў, дарадца Святланы Ціханоўскай асобна заклікаў працягваць падтрымку беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць краіну праз палітычны пераслед і шукаюць бяспекі і міжнароднай абароны ў Канадзе, ЗША і іншых дэмакратычных краінах. «Беларускі досвед паказвае, наколькі хутка права можа ператварыцца з механізму абароны чалавека ў механізм яго пераследу, калі разбураюцца незалежныя інстытуты. Вяршэнства права — гэта не нешта гарантаванае назаўсёды. Яго неабходна абараняць. І сёння нашая задача — не толькі рыхтаваць аднаўленне прававой дзяржавы ў дэмакратычнай Беларусі, але і абараняць беларусаў, якія ўжо цяпер плацяць цану за імкненне жыць у свабоднай краіне». Офіс Святланы Ціханоўскай знаходзіцца ў пастаянным кантакце з міжнароднымі партнёрамі, інфармуе іх пра становішча беларусаў і працуе над тым, каб людзі, якія ратуюцца ад рэпрэсій, маглі атрымаць неабходную падтрымку і абарону.
-
Святлана Ціханоўская завітала ў Музей Вольнай Беларусі, дзе пазнаёмілася з актуальнымі выставамі сучасных беларускіх мастакоў. Падчас візіту Святлана азнаёмілася з дзвюма экспазіцыямі: «Першыя недэмакратычныя» — выстава, прысвечаная 25-й гадавіне прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. Гэта экспазіцыя дазваляе зірнуць на гісторыю праз матэрыялы вулічнай агітацыі, рэчы моладзевай ініцыятывы «Зубр» і асабістыя артэфакты ўдзельнікаў кампаніі. Гэта важны напамін пра тое, як беларусы змагаліся за свае правы ва ўмовах цэнзуры і дзяржаўнага ціску яшчэ чвэрць стагоддзя таму. «Жыццё на каробках» — праект беларускай мастачкі Ганны Мусалёвай. Гэта асабістая і шчырая гісторыя беларускай эміграцыі, расказаная праз жывапіс на кардонных каробках. Праз гэтыя прадметы, якія для многіх сталі сімвалам часовасці, мастачка разважае пра пошук дому, памяць і адзіноту ў выгнанні. Святлана Ціханоўская: «Культура — гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Менавіта таму так важна падтрымліваць культурныя ініцыятывы, што захоўваюць нашу гісторыю і асэнсоўваюць сучасны беларускі досвед. Я ўдзячная ўсім, хто стварае гэтыя праекты і дапамагае нам памятаць пра тое, хто мы ёсць і за што змагаемся. Шчыра раю беларусам у Варшаве наведаць, калі будзе час. Выставы працуюць да 11 верасня — гэта тое, што варта пабачыць і адчуць кожнаму з нас».
-
Вынікі візіту галоўнага дарадцы Ціханоўскай у Прагу Падчас візіту галоўны дарадца Франак Вячорка сустрэўся з прадстаўнікамі Міністэрства замежных справаў Чэхіі, супрацоўнікамі Офіса Прэзідэнта, а таксама правёў перамовы з украінскім амбасадарам. Акрамя таго, ён выступіў на канферэнцыі, прысвечанай усходняй палітыцы Чэхіі, дзе абмяркоўвалася беларуска-украінскае супрацоўніцтва і роля беларускіх добраахвотнікаў, якія дапамагаюць Украіне. Асноўныя тэмы сустрэч: Візы для родных: Важным вынікам перамоваў Святланы Ціханоўскай з чэшскім міністрам стала рашэнне, якое дазволіць Чэхіі ўжо хутка пачаць выдаваць візы для родных беларусаў, якія пражываюць у краіне. Дапамога рэпрэсаваным: Абмяркоўвалася далучэнне Чэхіі да Міжнароднага гуманітарнага фонду. Гэта дапаможа забяспечыць падтрымку тым, хто вызваляецца з турмаў і мае патрэбу ў дапамозе пасля рэпрэсій. Адукацыйныя ініцыятывы: На наступным тыдні ў Офісе дэмакратычных сіл у Празе стартуе Акадэмія жаночага лідарства, дзе актывісткі і журналісткі будуць праходзіць трэнінгі і сустракацца з чэшскімі лідаркамі. Офіс дэмакратычных сіл у Празе запрашае беларускія ініцыятывы праводзіць выставы, канферэнцыі і іншыя мерапрыемствы. Падрабязнасці — у відэа!
-
Святлана Ціханоўская — пра прысуд Дзмітрыю Лаеўскаму: «Учора рэжым перайшоў яшчэ адну мяжу: вынеслі прысуд Дзмітрыю Лаеўскаму. 3 гады калоніі за каментары незалежным медыя пяцігадовай даўніны. Дзмітрый — неймаверна мужны чалавек і прафесійны адвакат. Яшчэ ў 2011–2012 гадах ён бараніў Алеся Бяляцкага — і тады сілавікі ўжо ціснулі на яго так, што давялося на некалькі гадоў прыпыніць адвакацкую працу. А ў 2020-м ён не пабаяўся стаць абаронцам тых, каго рэжым лічыў аднымі з «самых небяспечных» — Віктара Бабарыкі і Максіма Знака. У 2021 годзе Дзмітрыя спачатку пакаралі вымовай за допіс у Facebook з крытыкай зменаў у закон аб адвакатуры, а ўжо ў ліпені выключылі з калегіі — проста за тое, што ён рабіў сваю працу і бараніў Віктара Бабарыку. Ён прынцыпова застаўся дома, у Беларусі, бо гэта яго краіна. Дзмітрый заўсёды дзейнічаў строга па законе, да апошняй літары — але ў сучаснай Беларусі закон, на жаль, больш нічога не важыць для тых, хто захоплівае ўладу. Я хачу ад усяго сэрца падтрымаць Дзмітрыя і яго сям'ю. Пра гэты прысуд мы абавязкова паведамім нашым міжнародным партнёрам. Так не павінна быць, каб адны людзі выходзілі, а іншых бралі на іх месца ў закладнікі».
-
Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў для «Радыё Свабода» вяртанне Анджэя Пачобута ў Беларусь, магчымыя рызыкі для іншых беларусаў і ўплыў гэтай сітуацыі на атрыманне міжнароднай абароны. Пра бяспеку іншых беларусаў: «Гэта ніякім чынам пакуль не сведчыць аб адмене рэпрэсій, што іншыя могуць таксама спакойна вяртацца. Усё-такі ў Пачобута ёсць вельмі вялікая міжнародная падтрымка, абарона ад амерыканскай адміністрацыі, у яго неўзабаве будзе сустрэча ў Вашынгтоне, сустрэча з Папам Рымскім прайшла некалькі дзён таму. Гэта ўсё яго бароніць. Але гэта не значыць, што такая самая абарона будзе там у кожнага чалавека, які вырашыць, напрыклад, цяпер пайсці па ягоных слядах, скарыстацца ягоным прыкладам». Пра міжнародную абарону: «Людзі ў розных краінах, у Нямеччыне, напрыклад, атрымалі адмовы ў абароне па прычыне таго, што Ціханоўскага ж выпусцілі, рэпрэсій ужо няма. Таму вельмі важная праца праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасці, дэмакратычных сілаў, каб тлумачыць, што пакуль павароту, сістэмнай змены няма. Але трэба імкнуцца, каб маштабаваць гэты прыклад, каб не толькі Анджэй мог вяртацца на тыдзень, а каб усе беларусы маглі вярнуцца і маглі застацца там без страху за сваё жыццё, свабоду і здароўе». Калі ласка, ацэньвайце рызыкі для сваёй бяспекі. Калі ў Беларусі вам можа пагражаць пераслед, затрыманне ці іншая небяспека, не вяртайцеся ў краіну.
-
Расія ўцягвае беларускую моладзь у сваю вайну Сёння ў Прадстаўніцтве беларускіх дэмакратычных сіл у Эстоніі прайшоў дыпламатычны брыфінг «Уплыў Расіі на беларускую моладзь». У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, міністэрстваў і дзяржаўных інстытуцый Эстоніі. Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы Маргарыта Ворыхава прадставіла даныя пра тое, як Расія разам з рэжымам Лукашэнкі выбудоўвае сістэму мілітарызацыі беларускай моладзі і паступова ўцягвае маладых беларусаў у расійскую ваенную машыну. «Дзяржава з падлеткавага ўзросту прывучае маладога чалавека да таго, што служба — норма, а пытанні задаваць не трэба. Потым яго накіроўваюць вучыцца ў Расію, бо іншых даступных варыянтаў у яго амаль няма. А там ім займаюцца ўжо вярбоўшчыкі. Гаварыць пра гэта важна, бо большасць з тых трынаццаці тысяч яшчэ нічога не падпісала. Гэта гісторыя пра тых, хто будзе выбіраць універсітэт наступнай вясной. Пакуль з імі размаўляе толькі вярбоўшчык, выйграе ён. Такія брыфінгі мы праводзім дзеля рашэнняў ад партнёраў: візы для маладых беларусаў, стыпендыі, якія ідуць за студэнтам, прававая дапамога тым, хто ўжо ў Расіі. Еўропа мае для гэтага ўсе інструменты, новых законаў прымаць не трэба. Патрэбны палітычны выбар і час, пакуль гэтая моладзь яшчэ не вырашыла, куды ехаць — у Еўропу ці на фронт», — Маргарыта Ворыхава. Падрабязнасці — па спасылцы.
-
«Наш адказ на “рускі мір” — гэта мова, культура, гісторыя і разуменне сябе як асобнага еўрапейскага народа» У інтэрв’ю Честнок-Live дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях навукі і адукацыі Павел Церашковіч распавёў пра тое, як Расія ўплывае на Беларусь і чаму важна ўмацоўваць беларускую ідэнтычнасць. Пра ўплыў Расіі ў Беларусі «Беларусь пакуль нельга назваць часткай “рускага міру”, але спробы дакапацца да яе становяцца ўсё мацнейшымі. “Россотрудничество” прасоўвае рускую мову і культуру, і ў Беларусі дзейнічаюць чатыры “рускія дамы”, плюс кансультацыйны пункт у Магілёве. Ёсць Дом Масквы ў Мінску з вялікім бюджэтам, фонд “Рускі мір”, які абвясціў пра стварэнне новага цэнтра ў Гомельскім універсітэце, фонд імя Гарчакова, які дае стыпендыі маладым навукоўцам. І гэта асабліва важна цяпер, калі многія заходнія грантавыя магчымасці для беларускіх навукоўцаў закрытыя. Расія пашырае сваю дыпламатычную прысутнасць: акрамя амбасады ў Мінску і генеральных консульстваў у Брэсце і Гродне, плануецца адкрыццё аддзяленняў у Віцебску, Магілёве і Гомелі. Калі паглядзець, чым займаюцца гэтыя структуры, там ёсць і курсы рускай мовы, і культурныя мерапрыемствы, але адначасова вельмі шмат матэрыялаў, прысвечаных вайне ва Украіне». Як Беларусь можа аднавіцца нават пасля самых цяжкіх перыядаў? «У беларускай гісторыі ўжо не раз здавалася, што ўсё знішчана і аднаўленне немагчымае. Пасля рэпрэсій 1930-х гадоў Беларусь страціла вялікую частку сваёй інтэлігенцыі, пасля вайны стала фактычна інтэлектуальнай пустэльняй. Але ў 1970-я і 1980-я зноў з'явіліся маладыя людзі, якія займаліся фальклорам, стваралі гурткі, Майстроўню, шукалі беларускую культуру. І калі б гэтага руху не было, Беларусь, магчыма, не стала б незалежнай у 1991 годзе — проста не было б каму сказаць гэтае слова “незалежнасць”. Гэта мяне і натхняе: сітуацыя можа змяніцца ў адзін момант. Здавалася б, Беларусь павінны былі знішчыць яшчэ ў XVII, XVIII ці XIX стагоддзі. Але мы засталіся. І засталіся не выпадкова». Што павінна стаць асновай беларускай будучыні? «Адзінае, што мы можам рабіць, — умацоўваць беларускую ідэнтычнасць і дэманстраваць, што мы еўрапейскі народ. Адзін з галоўных міфаў, які трэба разбурыць ужо сёння, — гэта якраз міф пра “трыадзіны народ”. У XIX стагоддзі, калі ўжо было немагчыма не прызнаваць існаванне беларусаў і ўкраінцаў, але пры гэтым не хацелася прызнаваць іх асобнымі народамі, была прыдуманая гэтая канцэпцыя. Нам важна ведаць уласную гісторыю і разумець, што беларуская нацыя не ўзнікла ўчора. Яе фармаванне мае доўгую гісторыю, а беларуская нацыянальная ідэя была выразна сфармуляваная яшчэ ў XIX стагоддзі. Таму наш адказ на “рускі мір” — гэта мова, культура, гісторыя і разуменне сябе як асобнага еўрапейскага народа».
-
edited
У Італіі пачаўся двухтыднёвы аздараўленчы праект для былых палітвязняў, добраахвотнікаў і іх сем’яў Удзельнікамі праграмы сталі 26 чалавек з Беларусі і Украіны. Для іх падрыхтавалі асаблівую праграму адпачынку і аднаўлення: дні на моры, шпацыры і экскурсіі па Фларэнцыі, майстар-класы і цёплае знаёмства з маляўнічай Тасканай. Арганізатары пастараліся стварыць бяспечную і сяброўскую атмасферу, дзе кожны ўдзельнік можа адчуць клопат і супакой. Прадстаўніца дыяспары беларусаў у Італіі і кіраўніца цэнтра беларускай супольнасці ў Фларэнцыі Юлія Юхно распавяла, што ідэя гэтага праекта нарадзілася з прагнення дапамагчы тым, хто прайшоў праз найбольш цяжкія выпрабаванні. Першы такі досвед быў паспяхова рэалізаваны ў Венецыі, а цяперашні адпачынак праходзіць у маляўнічым запаведніку Тасканы, дзе спакойнае асяроддзе спрыяе душэўнаму і фізічнаму аднаўленню. Юлія Юхно: «Мы сабралі і былых палітзняволеных, і родных палітзняволеных, і таксама былых добраахвотнікаў і арганізавалі ім такую рэкрэацыйную паездку на два тыдні для таго, каб людзі адпачылі, каб аднавіліся, каб пабылі са сваімі сем'ямі і не думалі ў гэты час пра нейкія праблемы. Як прадстаўніца Народнай амбасады і асацыяцыі «Талака», я, мая каманда і валанцёры ў розных ініцыятывах будзем рабіць усё магчымае, каб гэтыя праграмы працягнуліся і ў наступным годзе». Ініцыятыву рэалізуе асацыяцыя «Talaka». Правядзенне праекта стала магчымым дзякуючы фінансавай і практычнай падтрымцы вялікай колькасці партнёраў. Сярод іх: Regione Toscana, Consiglio Regionale della Toscana, тэрытарыяльныя структуры CISL у розных правінцыях Тасканы і ISCOS Toscana. Таксама да арганізацыі далучыліся Цэнтр беларускай салідарнасці, фонд «Краіна для жыцця», «Народныя Амбасады» і Міжнародны гуманітарны фонд.
-
Як у будучай Беларусі будуць змагацца з карупцыяй? 8 верасня ў Таліне прайшоў экспертны круглы стол па этыцы дзяржаўнай службы і супрацьдзеянні карупцыі. У ім удзельнічалі эксперты, прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, палітычных партый, а таксама эстонскія і міжнародныя спецыялісты. Падчас мерапрыемства абмеркавалі: - прадухіленне карупцыі і канфлікт інтарэсаў; - этыку дзяржаўных службоўцаў і дэклараванне інтарэсаў; - абарону інфарматараў; грамадскі і парламенцкі кантроль; - расследаванне карупцыйных злачынстваў; - незалежнасць і падсправаздачнасць антыкарупцыйных інстытутаў; - будучую мадэль Камітэта па этыцы дзяржаўнай службы і супрацьдзеянні карупцыі, яго паўнамоцтвы і ўзаемадзеянне з іншымі дзяржаўнымі органамі. Вынікі дыскусіі выкарыстаюць пры падрыхтоўцы канцэпцыі будучага беларускага заканадаўства ў гэтай сферы. Навошта рыхтаваць законы ўжо цяпер, у відэа распавядаюць дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька і прадстаўнік дэмакратычных сіл у Эстонскай і Латвійскай Рэспубліках Віталь Малчанаў. Мерапрыемства прайшло пры супрацоўніцтве з МЗС Эстоніі і ESTDEV.
-
Святлана Ціханоўская: «Анджэй Пачобут вярнуўся ў Беларусь. І, думаю, кожны, хто ведае яго гісторыю, разумее, колькі мужнасці стаіць за гэтым рашэннем. Часам нават ва ўмовах дыктатуры чалавек часам можа адваяваць для сябе маленькую прастору свабоды — дзякуючы ўласнай стойкасці і міжнароднай падтрымцы. Я вельмі рада, што Анджэй цяпер у Беларусі і можа быць дома. Але важна не рабіць з гэтага выснову, што ў краіне нешта змянілася для ўсіх. Рэпрэсіі працягваюцца: людзей затрымліваюць, заводзяць крымінальныя справы, ціснуць на родных, выклікаюць у КДБ. Для тых, хто мае рызыку пераследу, вяртанне па-ранейшаму можа быць небяспечным. Гісторыя Анджэя — вельмі асаблівая. Такія людзі натхняюць сваёй вытрымкай і гераізмам. І сёння галоўнае — каб ён быў у бяспецы. І спадзяюся, што ён гэтак жа свабодна зможа выехаць».
-
Святлана Ціханоўская — да Дня беларускай вайсковай славы З нагоды 8 верасня Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і нагадала пра Аршанскую бітву як частку нашай уласнай гісторыі — і пра тое, што сёння Беларусь зноў павінна думаць пра сваю бяспеку, сваю армію і права самой сябе абараняць. «Я ведаю, што і ў цяперашняй беларускай арміі многія афіцэры і салдаты сёння стаяць на баку Украіны. Цэняць нашу незалежнасць. Не падтрымліваюць дыктатуру. І не дазволяць уцягнуць цалкам Беларусь у гэту злачынную вайну. Беларускае войска павінна абараняць Беларусь і беларусаў, а не служыць чужым імперскім амбіцыям». Тэкст цалкам.
-
«Беларусь стала незаменнай для рэгіянальнай ваеннай моцы Масквы» У інтэрв’ю The Sun Святлана Ціханоўская распавяла, як Расія выкарыстоўвае Беларусь у вайне супраць Украіны, і падкрэсліла: беларусы не падзяляюць імперскіх амбіцыяў Крамля. «Я не лічу верагодным непасрэднае ўмяшанне беларускіх войскаў. Расія выкарыстоўвае Беларусь у першую чаргу як базу для аперацыяў. Сёння ёй патрэбныя не столькі беларускія салдаты, колькі беларуская тэрыторыя, інфраструктура, ваенная вытворчасць, лагістыка і палітычны кантроль. Беларусь стала незаменнай для рэгіянальнай ваеннай моцы Масквы. Без Беларусі многія імперскія амбіцыі Пуціна было б значна цяжэй рэалізаваць. У самой Беларусі грамадства катэгарычна выступае супраць удзелу ў вайне — існуе моцны антываенны кансэнсус. Людзі не лічаць украінцаў ворагамі і не падзяляюць імперскіх амбіцыяў Расіі. Сама беларуская армія не імкнецца да бою. У многіх ёсць сваякі, сябры ці асабістыя сувязі ва Украіне. Яны ведаюць чалавечую цану гэтай вайны».
-
«Ён можа стаць сапраўды вырашальным», — дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі — пра прыярытэты новага палітычнага сезона.
-



+1
Святлана Ціханоўская далучылася да чытання «Дзядоў» з удзелам прэзідэнта Польшчы 5 верасня Святлана Ціханоўская разам з беларусамі Варшавы далучылася да фіналу польскага «Нацыянальнага чытання», які прайшоў ля помніка Адаму Міцкевічу. Сёлета для чытання выбралі «Дзяды» — твор пра народы, якія змагаліся за свабоду і права быць сабой. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі і першая лэдзі Марта Наўроцкая, а таксама вядомыя польскія акторы і музыкі. Сярод удзельнікаў — і беларускія артысты Бажэна Шамовіч і Аляксей Сапрыкін. Міцкевіч — постаць, якая аднолькава блізкія беларусам, палякам і літоўцам. Ён нарадзіўся на Навагрудчыне, а яго творчасць стала часткай нашай агульнай культурнай спадчыны.
- Older posts