«Ніводная дыктатура не павінна мець апошняга слова пра будучыню Еўропы» Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у другой Еўрапейскай канферэнцыі за свабоду і дэмакратыю ў Вентатэне па запрашэнні Піны Пічэрны, віцэ-прэзідэнткі Еўрапейскага парламента і арганізатаркі канферэнцыі. Канферэнцыя аб’ядноўвае еўрапейскіх палітыкаў, журналістаў, інтэлектуалаў і грамадзянскіх актывістаў для абмеркавання супрацьстаяння аўтарытарызму, падтрымкі Украіны, еўрапейскай бяспекі і абароны грамадзянскіх правоў. Беларуская лідарка далучылася ў анлайн фармаце. Разам са Святланай Ціханоўскай на панэлі «Мяжа свабоды: Італія і Еўропа ў глабальным кантэксце» выступілі: намеснік прэм'ер-міністра і міністр замежных справаў Італіі Антоніа Таяні, віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Піна Пічэрна, галоўны рэдактар Milano Finanza Раберта Самэла, журналіст ANSA Мікеле Эспазіта. Мадэратар — дырэктар Бюро Еўрапейскага парламента ў Італіі Карла Караца. У сваёй прамове Святлана Ціханоўская заклікала працягваць падтрымку Украіны, захоўваць ціск на рэжым Лукашэнкі і дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў: «Расія выкарыстала тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну. Рэпрэсіі ўнутры адной краіны зрабілі магчымай агрэсію супраць іншай. Вось чаму дэмакратыю і бяспеку нельга аддзяляць адзін ад аднаго. Дэмакратычная Беларусь дапамагла б засцерагчы паўночную мяжу Украіны. Таму падтрымка гэтага будучага з'яўляецца інвестыцыяй у бяспеку ўсяго кантынента».