На палях Генасамблеі ААН прайшла міністэрская сустрэча па Беларусі 21 верасня ў Нью-Ёрку падчас Тыдня высокага ўзроўню 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН адбыўся міністэрскі сайд-івэнт, прысвечаны сітуацыі ў Беларусі і яе наступствам для рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі. Мерапрыемства арганізавалі Латвія і Еўрапейскі саюз пры садзейнічанні Офіса Святланы Ціханоўскай. Удзел у арганізацыі таксама прынялі Украіна, Літва, Эстонія, Ірландыя, Швецыя і Чэхія. Афіцыйная праграма была сфакусаваная на сувязі паміж рэпрэсіямі ў Беларусі, гібрыднымі пагрозамі і падтрымкай расійскай вайны супраць Украіны. На івэнце выступілі генеральная сакратарка Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Кайса Олонгрэн, міністарка замежных спраў Латвіі Байба Бражэ, генеральны сакратар Рады Еўропы Ален Берсэ, міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга, міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, міністр замежных спраў Чэхіі Петр Мацінка, дзяржаўны міністр Ірландыі Ніл Рычманд, намеснік міністра замежных спраў Эстоніі Марцін Рогер, прадстаўнік МЗС Швецыі Гунар Альдэн, кіраўнік Freedom House Джэймі Флай і лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская. Падчас сустрэчы абмеркавалі: — Рэпрэсіі і палітвязняў. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што асобныя вызваленні не азначаюць сістэмных зменаў, пакуль працягваюцца новыя затрыманні і палітычна матываваныя справы. Яна заклікала дамагацца вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў. — Транснацыянальныя рэпрэсіі. Гаворка ішла пра завочныя суды, канфіскацыю маёмасці, ціск на сваякоў і пагрозы беларусам за мяжой, а таксама праблемы з пашпартамі. Ціханоўская заклікала выпрацаваць міжнародныя рашэнні для беларусаў без сапраўдных дакументаў і супрацьдзейнічаць палітычна матываванаму выкарыстанню міжнародных механізмаў вышуку. — Удзел рэжыму ў вайне супраць Украіны. Абмяркоўвалася выкарыстанне беларускай тэрыторыі і інфраструктуры Расіяй, паглыбленне ваеннага супрацоўніцтва, а таксама роля беларускіх прадпрыемстваў у забеспячэнні расійскай арміі. Ціханоўская заявіла, што ў выпадку новай эскалацыі беларуская тэрыторыя можа быць выкарыстаная Расіяй зноў. — Санкцыі і міжнародная адказнасць. Ціханоўская заклікала захоўваць ціск да сістэмных зменаў, падтрымліваць механізмы прыцягнення да адказнасці і адначасова ізаляваць рэжым, а не беларусаў — захоўваць візы, стыпендыі, праграмы мабільнасці і падтрымку грамадзянскай супольнасці. — Беларусь у парадку дня ААН. Ціханоўская прапанавала працаваць над рэзалюцыяй па Беларусі ў Генасамблеі ААН, правесці асобную сустрэчу па транснацыянальных рэпрэсіях, знайсці міжнароднае рашэнне праблемы дакументаў для беларусаў і працягваць падтрымку механізмаў ААН па Беларусі. Святлана Ціханоўская: «Наша мэта — зрабіць Беларусь незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай краінай, якая будзе не пастаяннай пагрозай, а добрым, прадказальным партнёрам і суседам. Тое, што адбываецца ў Беларусі, не застаецца толькі ў Беларусі. Рэжым, які знішчае вяршэнства права ўнутры краіны, урэшце становіцца пагрозай і за яе межамі». ПОЎНЫ ПРЭС РЭЛІЗ — ПА СПАСЫЛЦЫ.