Брэсцкія ўлады выдаюць маргінальных польскіх палітыкаў за ўплывовых еўрапейскіх экспертаў 2 лістапада прадстаўнікі Брэсцкага аблвыканкама і праўладнай партыі «Белая Русь» сустрэліся з замежнай дэлегацыяй, якую дзяржаўная прапаганда прадставіла як уплывовых палітыкаў і экспертаў з Еўропы. Сярод удзельнікаў журналісты апазналі Януша Корвіна-Мікке — 82-гадовага польскага ультраправага палітыка, вядомага скандальнымі заявамі, антысанкцыйнай і прарасійскай рыторыкай, а таксама Славаміра Анджэя Закшэўскага — польскага грамадскага дзеяча, прыхільніка Лукашэнкі, які не мае прыкметнага палітычнага ўплыву ў сваёй краіне. Закшэўскі неаднаразова выступаў у беларускіх дзяржаўных СМІ, называў Лукашэнку прыкладам кіраўніка для Польшчы і падтрымліваў ідэю «славянскага братэрства». Абодва ўдзельнікі не з'яўляюцца прадстаўнікамі польскіх дзяржаўных уладаў і не могуць прэзентаваць афіцыйную пазіцыю Польшчы, не аднаразова было замечанв, што яны ў адной групоўцы з прарассейскім рэжысёрам-дэпутатам Браунам, які скандальна лезе ў палітычныя колы Польшчы. Аднак беларускія прапагандысцкія медыя падаюць такую сустрэчу як сведчанне міжнароднага прызнання і адсутнасці ізаляцыі рэжыму. Фактычна ж Мінск выкарыстоўвае малавядомых і маргінальных замежных дзеячаў, каб стварыць ілюзію шырокай еўрапейскай падтрымкі і выдаць прыватныя палітычныя кантакты за паўнавартасны міжнародны дыялог.