З санкцый ЗША выключылі беларуску, звязаную з продажам зброі Грамадзянку Беларусі Таццяну Пратоповіч выключылі з санкцыйнага спісу ЗША. У красавіку 2024 года яна трапіла пад санкцыі як дырэктарка кіпрскай кампаніі Centuronic Ltd. Паводле Мінфіна ЗША, кампанія ўваходзіла ў сетку іракскай Black Shield Company for General Trading, якая займалася продажам зброі. У тым ліку зброя закуплялася ў падсанкцыйнага беларускага вытворцы «Кідма Тэк». Прычыны выключэння Пратоповіч з санкцыйнага спісу ў рашэнні Мінфіна ЗША не названыя.