⚡️У Нямеччыне невядомыя абстралялі самаробнымі ракетамі чацвёртую па памерах цеплавую электрастанцыю краіны — Deutsche Welle і Märkische Allgemeine Zeitung. Атака адбылася ў камуне Еншвальдэ ў зямлі Брандэнбург. Каля падстанцыі ў Турнаў-Прайлаку праваахоўнікі знайшлі некалькі самаробных выбуховых і запальвальных прылад, а таксама самаробную пускавую ўстаноўку. Мяркуецца, што мэтай атакі магло быць маштабнае адключэнне электраэнергіі. Каля 8:00 раніцы было зафіксавана магчымае пашкоджанне лініі электраперадачы, аднак маштабных адключэнняў, паводле папярэдніх даных, не адбылося. Электрастанцыя ў Еншвальдэ працуе на бурым вугалі, які здабываецца непадалёк. Яе магутнасць складае 2000 МВт, адзін энергаблок на 500 МВт знаходзіцца ў рэзерве. Станцыя забяспечвае электраэнергіяй некалькі мільёнаў дамоў, а таксама дапамагае ацяпляць Котбус. Падстанцыя, дзе адбылася атака, знаходзіцца прыкладна за 5 км ад электрастанцыі.