У Беларусі «засвяціўся» грузавы самалёт з Ірана У Мінску 26 жніўня прызямліўся іранскі Boeing 747-281F з бартавым нумарам EP-FAB, які належыць авіякампаніі Fars Air Qeshm. На наступны дзень самалёт выканаў амаль пяцігадзінны рэйс з Мінска, частка маршруту праходзіла над тэрыторыяй Расіі, пасля чаго борт вярнуўся ў беларускую сталіцу. 28 жніўня Boeing вылецеў з Мінска ў Тэгеран. Пры гэтым дакладна невядома, што знаходзілася ў яго грузавым адсеку. Асаблівую ўвагу прыцягвае тое, што Fars Air Qeshm і сам EP-FAB знаходзяцца пад санкцыямі ЗША праз абвінавачанні ў перавозках грузаў у інтарэсах Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР). Што менавіта іранскі Boeing рабіў у Беларусі і які груз мог перавозіць — пакуль застаецца невядомым.