🏅 У Гданьску абвясцілі пераможцаў 15-й прэміі імя Ежы Гедройця 7 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску назвалі лаўрэатаў 15-й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Сёлета кнігі, якія занялі першае і другое месцы, удзельнічалі ў конкурсе ў зашыфраваным выглядзе. З меркаванняў бяспекі сапраўдныя імёны аўтараў і назвы твораў пакуль не раскрываюцца. Першае месца заняла кніга пад назвай-маскай «Лірнік». Яе аўтар удзельнічаў у конкурсе пад псеўданімам Аляксандр Касцюковіч. Журы адзначыла твор «за высокае майстэрства валодання словам і глыбокую эмпатыю». Другое месца атрымала кніга «Цесля жыцця», аўтар якой выкарыстаў псеўданім Сяргей Дубаўцэвіч. Яе ўганаравалі «за сінтэз дакументальнага і мастацкага і плённае развіццё беларускай даследчыцкай прозы». Прэмію імя Ежы Гедройця ўручаюць з 2012 года. Гэта адна з найважнейшых незалежных літаратурных узнагарод Беларусі. Арганізатары — Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.