🗣 «Ён вярнуўся ў камеру ўвесь шэры»: Уладзімір Лабковіч расказаў пра палітвязня, якому далі 15 гадоў на падставе паказанняў Рамана Пратасевіча Праваабаронца «Вясны» і былы палітвязень Уладзімір Лабковіч падзяліўся ўражаннямі пасля прачытання інтэрв’ю з Сафіяй Сапегай. Ён у сваім фэйсбуку узгадаў мужчыну, з якім сядзеў у адной камеры на Валадарцы. Той праходзіў па справе раённых чатаў. Першапачаткова яму прад’явілі абвінавачанне ў "кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем", але перад заканчэннем расследавання абвінавачанне змянілі, дадаўшы "тэрарызм" і "здраду дзяржаве". «Ён вяртаецца ў “хату” ўвесь проста шэры. Новае абвінавачанне, дзе і тэрарызм, і здрада дзяржаве, а гэта не менш за 15 гадоў. Ён маўчаў увесь дзень, а зранку прачнуўся ўвесь сівы. Я такога ніколі не бачыў. Але гэта шакавала ўсю “хату”. Яму было толькі 35 гадоў», — напісаў Лабковіч. У выніку мужчыну асудзілі на 15 гадоў. Паводле праваабаронцы, абвінавачанне грунтавалася выключна на паказаннях аднаго сведкі — Рамана Пратасевіча. Сам Пратасевіч на суд не з’явіўся, былі агучаныя толькі ягоныя пісьмовыя паказанні.