«Прылятае ўдар па спіне». Былая палітзняволеная Сафія Сапега распавяла пра збіццё пасля затрымання Сафія ў вялікім інтэрв’ю «Люстэрку» распавяла падрабязнасці свайго пераследу пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску 23 траўня 2021 года, калі яе затрымалі разам з Раманам Пратасевічам. Сярод іншага, яна адзначыла, што збівалі яе аднойчы — у ІЧУ на Акрэсціна: «Была ранняя раніца. У камеру зайшоў мужчына старэйшы за 45 гадоў у чорным — кашуля, штаны, гальштук — усё было чорнае. Дагэтуль не ведаю, хто гэта быў. І ён выклікае мяне ў калідор: «Сапега, на выхад». Выходзім. Стаіць ён і хлопчык з дубінкай — прадольны. Ён мне: «Павярніся». Я паварочваюся — і мне прылятае ўдар па спіне. А я нічога не сказала, не выдала ні гуку, усё адбывалася як быццам не са мной, нібы была маўклівым назіральнікам. Болю я таксама не адчувала. Потым павярнулі назад тварам да гэтага мужчыны ў чорным, ён кажа: «Ну, брыда, цяпер трапілася». А я маўчу. Што мне сказаць? Ты, дарослы мужчына, і цяпер сур'ёзна вось гэта робіш?»