🗣 Уладзь Лабковіч: у адкрытым лісце былых палітвязняў няма ацэнкі беларускага рэжыму 26 кастрычніка група былых палітвязняў апублікавала адкрыты ліст да лідараў краін Еўразвязу, Вялікай Брытаніі, Швейцарыі і Нарвегіі з заклікам актыўней дамагацца вызвалення зняволеных і спынення рэпрэсій у Беларусі. Праваабаронца «Вясны» і былы палітвязень Уладзь Лабковіч у размове з «Радыё Свабода» паведаміў, што даведаўся пра ініцыятыву толькі пасля публікацыі ліста. На яго думку, арганізатары памыліліся, калі не абмеркавалі яе адкрыта і фактычна падзялілі былых палітвязняў на тых, хто падпісаў зварот, і тых, хто гэтага не зрабіў. «Асноўная праблема ў тым, якія мэты пераследуюць арганізатары гэтага ліста ці тыя, хто за ім стаіць. І гэтыя мэты мне падаюцца дастаткова маніпуляцыйнымі, бо ў гэтым лісце няма ацэнкі беларускага рэжыму, ён пададзены як нейкая стыхійная з'ява, як паводка, з якой трэба змагацца еўрапейцам і выратоўваць людзей», — адзначыў праваабаронца. Ён таксама папярэдзіў, што ініцыятыва можа паглыбіць раскол у дэмакратычных сілах і падштурхнуць еўрапейцаў да безумоўных перамоваў з беларускімі ўладамі.