🎉 Максім Знак атрымаў у Польшчы прэмію за ўклад ва ўзаемаразуменне Беларускі адвакат і былы палітвязень Максім Знак стаў лаўрэатам прэміі імя Серджыа Віера ды Мелу, якую ўручаюць за ўклад у развіццё дыялогу, узаемаразумення і мірнага суіснавання. Цырымонія адбылася 22 кастрычніка ў Кракаве. Пра гэта паведаміла выданне Deutsche Welle. Падчас выступу былы палітвязень прысвяціў узнагароду беларусам, якія працягваюць змагацца за свае правы, нягледзячы на рэпрэсіі. «Я прымаю гэтую ўзнагароду як адзін з беларусаў, якія аднолькава вартыя яе. Тых, хто ў турме. Тых, хто ў выгнанні. Тых, хто дома і вымушаны маўчаць, але не здаўся і ніколі не здасца», — сказаў ён. Адвакат таксама нагадаў пра палітвязняў у Беларусі і свайго калегу Дзмітрыя Лаеўскага, якога нядаўна асудзілі на тры гады пазбаўлення волі. Сярод папярэдніх лаўрэатаў прэміі — палітык Аляксандр Мілінкевіч (2006), праваабарончы цэнтр "Вясна" (2020), журналіст Анджэй Пачобут (2023). 📷 Фота: @dw_belarus