Міліцыя шукала ў Беларусі журналіста, які з’ехаў амаль 5 гадоў таму Да сваякоў Змітра Панкаўца барысаўскія міліцыянты прыйшлі ўвечары 15 кастрычніка. Ператрусу не рабілі, але шмат распытвалі і папрасілі кантакт журналіста ў Telegram, піша «БАЖ». «Візіт быў пад самы вечар, міліцыянты яшчэ апраўдваліся, маўляў, працуем у дзве змены. Распытвалі, ці я не вярнуўся ў Беларусь (як быццам бы гэта не было б зафіксавана на мяжы), ці, можа, планую. Астатняе стандартна: дзе жыву, на што жыву, дзе працую. Нагадалі, што супраць мяне ў Беларусі заведзена крымінальная справа. Артыкул сваякі дакладна не запомнілі, толькі лік 361, і я мяркую, што гэта, найхутчэй, артыкул 361–1 Крымінальнага кодэкса — удзел у экстрэмісцкім фармаванні. Яшчэ запісалі мой кантакт у Telegram, але пакуль не тэлефанавалі і не пісалі», — распавёў БАЖ Зміцер Панкавец. Да сваякоў журналіста міліцыя прыходзіла яшчэ летам 2024 года. І ўжо тады паведамілі, што супраць яго заведзена крымінальная справа. З тае пары было яшчэ некалькі візітаў.