💔 «Мне быў 31, а потым — бац, і ўжо 37». Яўген Юшкевіч — пра жыццё пасля 5,5 года за кратамі Былы палітвязень Яўген Юшкевіч апублікаваў першы допіс у Threads праз месяц пасля вызвалення. «Выйсці з турмы, ды яшчэ і ў іншай краіне, — гэта такі ж моцны стрэс, як і трапіць у турму. Адзін з самых моцных у маім жыцці», — прызнаецца Яўген. Паводле яго слоў, за 5,5 года зняволення свет паспеў змяніцца, і цяпер яму даводзіцца нанова прывыкаць да жыцця на волі. «У турме ёсць толькі чорны, шэры і белы — толькі тры колеры, і амаль няма чаго больш губляць», — піша ён. Былы палітвязень таксама падзякаваў усім, хто падтрымліваў яго ў зняволенні, і нагадаў: людзям, якія правялі за кратамі шмат гадоў, бывае складана нават папрасіць пра дапамогу. «Яны занадта доўга жылі паводле прынцыпу “не вер, не бойся, не прасі”, каб змяніцца за адзін тыдзень».