📄 Генпракурор: За паўтара года ў Беларусі разгледзелі больш за 2 тысячы «экстрэмісцкіх» спраў Генеральны пракурор Беларусі Дзмітрый Гара заявіў, што колькасць «экстрэмісцкіх» злачынстваў у краіне паступова змяншаецца. Пра гэта ён сказаў сёння падчас сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, паведамляе дзяржаўнае агенцтва «БелТА». Пры гэтым за апошнія паўтара года, паводле слоў генпракурора, пракуроры падтрымалі дзяржаўнае абвінавачанне па больш чым 2 тысячах крымінальных спраў гэтай катэгорыі — у дачыненні да 2,5 тысячы чалавек. Гара таксама заявіў, што праваахоўнікі прыцягваюць да адказнасці ўсіх, хто, паводле ўладаў, учыніў «экстрэмісцкія» і «тэрарыстычныя» злачынствы з 2020 года. Асобна ён згадаў спецыяльную вытворчасць: з 2022 года ў суды накіравалі крымінальныя справы ў дачыненні да больш чым 150 чалавек, якія, паводле ўладаў, знаходзяцца за межамі Беларусі.