🤬 «Адзін каментар — 50 дзён катаванняў і два гады турмы». Былая палітзняволеная — пра «справу Зельцэра» «У двухмеснай камеры нас было 15. Без матрацаў і цёплых рэчаў. Жанчыны спалі штабялямі на ледзяной падлозе, прыціснуўшыся адна да адной, каб не замерзнуць». Былая палітзняволеная Вольга Скрашчук распавяла пра затрыманне пасля «справы Зельцэра» восенню 2021 года і ўмовы, у якіх утрымлівалі жанчын. Пра гэта яна напісала ў сваёй сацсетцы Threads. Першыя дзесяць дзён Вольга правяла на Акрэсціна. Паводле яе, допыты ў КДБ маглі цягнуцца па шэсць гадзін без ежы, вады і магчымасці схадзіць у прыбіральню. Пасля быў каранцін у Жодзіне, які яна называе «50 днямі канцэнтраванага пекла». Жанчын прымушалі доўга стаяць на каленях, не давалі нармальна спаць, а таксама пазбаўлялі сродкаў гігіены і неабходных лекаў. «Тры разы за ноч трэба было ўставаць да вакенца і называць сябе “экстрэмісткамі”. Жанчыны гублялі памяць і забывалі свае імёны». Паводле Вольгі, выжыць ім дапамагалі толькі ўзаемная падтрымка і вера.