«Галоўная задача — падавіць тваю чалавечую годнасць». Алесь Бяляцкі — пра турму, вайну ва Украіне і Нобелеўскую прэмію Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі даў вялікае інтэрв’ю ўкраінскаму тэлеканалу FREEДОМ. Ён распавёў пра зняволенне, стаўленне да палітвязняў у калоніі, расійскую агрэсію супраць Украіны і пра тое, як за кратамі даведаўся аб прысуджэнні яму Нобелеўскай прэміі. Гаворачы пра ўмовы ў беларускіх турмах і калоніях, Алесь Бяляцкі адзначыў, што адна з галоўных мэтаў ціску — зламаць чалавека. «Галоўная задача — падавіць тваю чалавечую годнасць, знішчыць цябе як чалавека, каб ты адчуў, што сапраўды трапіў у турму. Гэта датычыцца і фізічнага, і маральнага гвалту, і арганізацыі правакацый». Асобна Алесь узгадаў момант, калі ў СІЗА даведаўся, што стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Спачатку пра гэта яму сказаў іншы зняволены ў калідоры, але ён не паверыў. Навіну пацвердзіў адвакат падчас азнаямлення з матэрыяламі крымінальнай справы. «Я зразумеў, што гэта факт, хаця ўвогуле не думаў, што такое можа адбыцца», — узгадвае Бяляцкі. Паглядзець цалкам можна па спасылцы 👉 https://www.youtube.com/watch?v=_zuJEHNc4-w