«За намі сачылі месяцаў дзесяць». Былая палітзняволеная валанцёрка «Вясны» — пра пераслед і вызваленне Былая палітзняволеная валанцёрка гомельскай філіі Праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлана Якубовіч распавяла пра пераслед яе і мужа — палітзняволенага Станіслава Мачалава, які застаецца за кратамі, а таксама пра сваё нечаканае вызваленне. Пра гэта яна распавяла «Гомельскай Вясне». Паводле Святланы, перад затрыманнем за імі з мужам каля дзесяці месяцаў сачылі. «За мной і маім мужам сачылі, адсочвалі тэлефон, праслухоўвалі ўсе размовы. Таксама яны рабілі вобшук у нас дома без нашага ведама. Аднойчы ў верасні 2024 года нас забралі разам з маёй маці, інвалідам другой групы. І, пакуль нас цэлы дзень трымалі ў будынку ГУБАЗіКу, яны ўзялі нашыя ключы і без аніякай падставы прыйшлі ў нашую кватэру». Святлана кажа, што сілавікі скапіявалі інфармацыю з тэхнікі, а пазней гэтыя звесткі выкарысталі ў крымінальнай справе. Пра магчымае вызваленне яна, паводле яе слоў, да апошняга не ведала. Перад гэтым Святлана правяла двое сутак у СІЗА № 1 у Калядзічах. «Я пайшла рабіць укол у медчастку. І мяне адтуль адразу выцягнулі — сказалі, прыйшоў аператыўнік, хутка трэба бегчы, нібы я нешта нарабіла і будзе нейкае пакаранне. Але я нічога не рабіла, таму бегла і не ведала, што будзе. А калі прыбегла, мне сказалі: “Пяць хвілін на зборы!”»