«Ёсць людзі, якія былі побач». Як праваабаронцы атрымліваюць новыя сведчанні пра смерці за кратамі На гэтым тыдні «Радыё Свабода» пачало публікацыю другога сезона падкаст-серыяла «Архіпелаг БЕЛАГ». Першая частка прысвечаная палітвязням, якія памерлі за кратамі ці пасля вызвалення ў перыяд ад лета 2024 года да цяперашняга часу. Паводле праваабаронцы «Вясны» Яны Галаган, былыя палітвязні становяцца важнай крыніцай інфармацыі пра тое, пры якіх абставінах палітвязні паміралі за кратамі. Пра гэта яна распавяла «Радыё Свабода». «Былыя палітвязні маюць унікальную і карысную для нашай будучай працы інфармацыю пра тое, што адбываецца ўнутры сістэмы, праз якія ўмовы, абставіны гінуць людзі за кратамі», — кажа Яна. Аднак, паводле праваабаронцы, сістэмна збіраць такія звесткі складана — шмат што залежыць ад гатоўнасці саміх людзей распавядаць пра перажытае. «Не ўсе былыя палітвязні хочуць наноў перажываць траўматычны досвед і расказваць пра яго. Не ўсе гатовыя рабіць гэта публічна. Сістэматычная праца не вядзецца, вядзецца проста фіксаванне таго, пра што людзі хочуць самі нам распавесці», — адзначыла праваабаронца.