🗣 «У нас было толькі тое, што мы мелі ў сваіх галовах». Алесь Чумакоў — пра апошнія дні перад вызваленнем Гусляр і палітвязень Алесь Чумакоў, якога вызвалілі 16 верасня, у інтэрв’ю «Радыё Свабода» распавёў, як прайшлі яго апошнія дні за кратамі. Перад вызваленнем Чумакоў знаходзіўся ў СІЗА № 1 у Калядзічах разам з выдаўцом Змітром Коласам, які таксама выйшаў на волю 16 верасня. Паводле Алеся, ім давалі зразумець, што іх могуць вызваліць, аднак да апошняга поўнай упэўненасці не было. «Тры дні мы размаўлялі на ўсе магчымыя тэмы, гулялі ва ўсе магчымыя інтэлектуальныя гульні. У нас было толькі тое, што мы мелі ў сваіх галовах. Але Зміцер чалавек вельмі цікавы. Я спадзяюся, што таксама змог ягоны сум разагнаць». Чумакоў распавёў, што разам яны правялі толькі апошнія тры дні. Як ён зразумеў пазней, у СІЗА іх рыхтавалі да вызвалення, а ў іншых камерах знаходзіліся яшчэ некалькі чалавек. «Іх мы пабачылі ўжо толькі ў аўтобусе, калі ехалі ў Літву».