🤬 «Ужо тры месяцы КДБ тэрарызуе маю сям’ю ў Беларусі». Дэлегат КР Яўген Караулаў — пра ціск на родных Дэлегат Каардынацыйнай рады, сябра фракцыі «Моладзевы наступ» Яўген Караулаў распавёў, што ўжо тры месяцы супрацоўнікі КДБ аказваюць ціск на яго сям’ю ў Беларусі і праз родных спрабуюць выйсці з ім на сувязь. Паводле яго, 25 чэрвеня яму патэлефанавалі з тэлефона бабулі. Мужчына прадставіўся Жэнем і сказаў: «Ты ж ведаеш, хто мы». Падчас размовы яго распытвалі пра вучобу, месца жыхарства, працу і паездкі, але найбольш — пра Каардынацыйную Раду. «У нейкі момант мне прапанавалі супрацоўнічаць з КДБ. Спачатку я адказаў „угу“, але ад мяне патрабавалі адназначнага адказу, і пад ціскам, баючыся за сям’ю, я сказаў „так“». Пасля гэтага ў яго запатрабавалі код з SMS для ўваходу ў Telegram. Мужчына адмовіўся яго перадаваць і спыніў размову. 28 жніўня маці мужчыны зноў затрымалі — гэтым разам на працы. Паводле яе слоў, падчас затрымання ёй «жартам» казалі, што будуць заціскаць пальцы дзвярыма. Праз дзве гадзіны яе адпусцілі і папрасілі перадаць сыну, што хочуць з ім «проста паразмаўляць». Цяпер супрацоўнікі зноў спрабуюць звязацца з мужчынам праз тэлефон яго бабулі. «Калі вам тэлефануюць з КДБ, у тым ліку з нумароў вашых родных, не ўступайце ў размову. Адразу блакуйце, бо калі пачнеце гаварыць, яны ўжо не адчэпяцца. І адразу пішыце праваабаронцам, яны дапамогуць». 🔹 Паведаміць праваабаронцам можна на гарачую лінію @ViasnaSOS. 🔗 Хроніка палітычнага пераследу 17 верасня