❤️🩹Лічба дня — 43 Менавіта столькі палітвязняў, якія ўжо дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, застаюцца за кратамі ў Беларусі па стане на 14 верасня. Нягледзячы на некалькі хваляў памілаванняў і вызваленняў цягам апошніх двух гадоў, у беларускіх месцах зняволення працягваюць утрымліваць мінімум 43 палітвязняў пенсійнага ўзросту. Сярод іх — 24 мужчыны і 19 жанчын. Большасці — 32 палітвязням — ужо споўнілася 60 гадоў. Асаблівую ўвагу «Вясна» звяртае на найстарэйшых: дзевяці палітвязням ужо споўнілася 70 гадоў. Гэта: Міхаіл Ляпейка, Анатоль Кірэйчык, Вячаслаў Арэшка, Барыс Вітко, Аляксандр Катлянік, Ірына Мельхер, Уладзімір Целяпун, Уладзімір Міхайленка і Васіль Дземідовіч. Многія пажылыя палітвязні маюць хранічныя захворванні і іншыя праблемы са здароўем. Пры гэтым за кратамі яны сутыкаюцца з дадатковымі цяжкасцямі — ад праблем з перамяшчэннем і самаабслугоўваннем да абмежаванага доступу да неабходнай медыцынскай дапамогі.