Алесь Бяляцкі: «Я гэта параўноўваю з тым, як размаўляюць з бандытамі» Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна», праваабаронца і Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі ў інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» распавёў пра адносіны са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коулам і перамовы амерыканскай адміністрацыі з рэжымам Лукашэнкі аб вызваленні палітвязняў. Бяляцкі адзначыў, што ўдзячны Коулу за сваё вызваленне і намаганні амерыканскай адміністрацыі, але падкрэсліў: галоўным пытаннем застаецца спыненне рэпрэсій у Беларусі. «Амерыканская адміністрацыя вядзе такі гуманітарны трэк, накіраваны на вызваленне палітвязняў. Я гэта параўноўваю з тым, як размаўляюць з бандытамі, якія захапілі частку людзей, і з гэтымі бандытамі вядуць перамовы: аддайце нам 10 чалавек — мы вам дамо машыну. Аддайце нам яшчэ 10 чалавек — дамо вам, напрыклад, верталёт» Гаворачы пра тое, што Лукашэнка можа атрымліваць узамен за вызваленне людзей, Бяляцкі згадаў паслабленне санкцый. «Мяне там, не ведаю, на колькі памянялі — на тысячу тон, на 10 тысяч тон гэтых калійных угнаенняў. Вось я на свабодзе, мая свабода столькі каштавала».