Джона Коўла ўзнагародзілі прэміяй імя Паліткоўскай за вызваленне беларускіх палітвязняў 27 жніўня ў Маскве ўручылі прэмію «Камертон» імя Ганны Паліткоўскай. Пра гэта паведамляе «Новая газета». Прэмія, заснаваная ў памяць пра журналістку «Новой газеты», забітую ў 2006 годзе, уручалася ўжо ў 14-ты раз. Як адзначае выданне, узнагарода прызначаная за выдатныя дасягненні ў абароне правоў чалавека і мужнасць у адстойванні свабоды слова. Яе ўручаюць за сумленнасць, грамадзянскую адказнасць, годнасць і чалавечае спачуванне. Сёлета адмысловы прыз — камертон з надпісам «За выратаванне жыццяў» — уручылі Джону Коўлу, спецпасланніку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Дзякуючы яго пасрэдніцтву на волю выйшла амаль 500 беларускіх палітвязняў. Менавіта ён, гледзячы на гэтых людзей, сказаў галоўныя словы: «Вы свабодныя».