Беларусаў на мяжы прымушаюць распранацца. Што кажуць праваабаронцы? У апошнія месяцы беларусы, якія вярталіся ў краіну з ЕС, усё часцей распавядаюць пра прыніжальныя асабістыя дагляды на мяжы. У асобных выпадках людзей прымушаюць распранацца да бялізны, а часам — цалкам. Гэтым летам стала вядома пра некалькі выпадкаў прымусовага распранання на мяжы з Польшчай і Літвой. Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва звяртае ўвагу: сама практыка асабістага агляду не новая, аднак яна павінна праводзіцца з павагай да годнасці чалавека і найменш інвазіўным спосабам. Пра гэта яна распавяла "Еўрарадыё". «Калі ёсць магнітная рамка, праз якую чалавек можа прайсці, то чалавек павінен праз рамку прайсці, а не так, каб яго абмацвалі і распраналі». Праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка кажа, што сутыкаўся з такой практыкай яшчэ каля дзесяці гадоў таму. Ягоны выпадак дайшоў да Камітэта ААН па правах чалавека, які прызнаў такое ўмяшанне ў прыватнае жыццё незаконным. Судаленка разглядае прымусовыя дагляды як яшчэ адзін элемент сістэмы кантролю і запалохвання.