«Зараз я павінна буду распрануцца». Беларуска распавяла пра новую практыку допытаў на мяжы У апошні час на беларуска-польскай мяжы пачасціліся выпадкі, калі да допытаў КДБ, якія ўжо сталі звыклай практыкай, дадаецца яшчэ і асабісты дагляд з распрананнем. Пра адзін з такіх выпадкаў "MOST" падрабязна распавяла беларуска Марыя (імя зменена). Марыя часта ездзіць з Беларусі ў Польшчу і назад. Да допытаў на мяжы жанчына ўжо прызвычаілася — кажа, адпаведны кабінет стаў абавязковым пунктам пры вяртанні ў Беларусь. Супрацоўнікі звычайна пытаюцца пра мэту паездкі, праглядаюць тэлефон, могуць затрымаць на гадзіну-дзве. Але падчас апошняга візіту да стараннага дагляду аўтамабіля, рэнтгену і размовы з супрацоўнікамі КДБ дадалося яшчэ і распрананне. «Мяне адвялі ў нейкі пусты пакой. Там былі дзве супрацоўніцы мытні — як я зразумела, панятыя. Прапанавалі зачытаць мне мае правы, а потым сказалі, што зараз я павінна буду распрануцца. Уключылі відэарэгістратары. У мяне склалася ўражанне, што панятым гэтая працэдура самой непрыемная». Увесь гэты час, пакуль праходзілі допыт, рэнтген і, нарэшце, распрананне, у машыне заставаліся дзеці. На пункце пропуску суразмоўца правяла амаль сем гадзін.