❗️ Каментар ПЦ "Вясна" ў сувязі са ўзломам сайта "Палеская вясна" Сёння ў блізкіх да сілавікоў тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя пра ўзлом рэгіянальнага праваабарончага сайту “Палеская вясна” і нібыта атрыманне доступу да паштовага сэрвісу, “прывязанага да адмінкі” сайта. У сувязі з гэтым ПЦ “Вясна” паведамляе наступнае. Сайт “Палеская вясна” сапраўды быў узламаны. Пры гэтым важна адзначыць, што сайт не абнаўляўся амаль два гады і на гэты момант фактычна існаваў як архіў ранейшых публікацый. Сайт “Палескай вясны” і згаданы паштовы сэрвіс, пра які ідзе гаворка, не былі звязаныя з цэнтральным сайтам арганізацыі spring96.org і іншымі інфармацыйнымі рэсурсамі “Вясны”. Гэтыя рэсурсы, а таксама афіцыйныя электронныя скрыні і, адпаведна, звароты, якія накіроўваюцца праз іх, знаходзяцца ў бяспецы. На дадзены момант ПЦ "Вясна" працягвае высвятляць сітуацыю з паштовай скрыняй, пра якую ідзе гаворка ў паведамленні сілавікоў, і магчымым доступам да яе. Таксама падкрэсліваем, што інфармацыя пра нібыта “ўцечку” даных пра фінансы арганізацыі не адпавядае рэчаіснасці. Такія заявы не маюць пад сабой падставаў і з’яўляюцца часткай спробаў сілавых структур у чарговы раз дыскрэдытаваць дзейнасць арганізацыі. “Вясна” будзе надалей інфармаваць пра сітуацыю.