Лідар фолк-панк-гурта Dzieciuki знайшоў сябе ў базе вышуку МУС Сёння музыка даведаўся пра тое, што знаходзіцца ў вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расіі, пра што паведаміў у сваіх сацсетках. Алесь Дзянісаў — музыка з Гродна, фронтмэн і адзін з лідараў фолк-панк-гурта Dzieciuki, заснаванага ў Гродне ў 2012 годзе. Ён спявае, грае на гітары і банджа, а таксама піша тэксты. У 2021 годзе Дзянісаў з'ехаў з Беларусі. Яго пераследавалі і раней: у 2018 годзе Алеся судзілі за рэпост матэрыялу са старонкі, прызнанай "экстрэмісцкай"; у 2020 годзе яго жорстка затрымлівалі ў Гродне, а ў 2021-м у яго дома праходзіў ператрус/агляд у рамках справы аб нібыта фінансаванні пратэстаў. У красавіку 2025 года старонкі Дзянісава ў Facebook і "ВКонтакте" былі прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі". 10 ліпеня 2025 года МУС Беларусі прызнала гурт Dzieciuki "экстрэмісцкім фармаваннем". У пералік удзельнікаў улады ўключылі Аляксандра Дзянісава і яшчэ пяць чалавек. Беларускі ПЭН таксама фіксуе Дзянісава сярод дзеячаў культуры, звязаных з прызнанымі "экстрэмісцкімі фармаваннямі", і асобна адзначае ціск сілавікоў на яго маці. 🔗 Хроніка палітычнага пераследу