«Свабода пачынаецца там, дзе людзі знаходзяць тое, што іх аб’ядноўвае» Падчас візіту ў Румынію Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у міжнародным Форуме еўрапейскіх каштоўнасцяў у Тымішаары. Гэта міжнародная пляцоўка, якая аб’ядноўвае еўрапейскіх палітыкаў, дыпламатаў, экспертаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці для абмеркавання абароны дэмакратыі, еўрапейскай бяспекі, расійскага ўмяшання і будучыні Еўропы. У межах форуму беларуская лідарка выступіла на панэльнай дыскусіі «Дэмакратыі выстаяць, калі людзі выбіраюць іх абараняць». У дыскусіі таксама узяў удзел былы прэм’ер-міністр Бельгіі Гі Верхофстадт. Мадэратарам дыскусіі выступіў мэр Тымішаары Домінік Фрыц. У сваім выступе Святлана Ціханоўская закранула тэмы палітычных рэпрэсіяў, вымушанай эміграцыі і таго, як беларусы працягваюць змагацца за дэмакратычныя змены. Асобную ўвагу яна надала ролі моладзі ў абароне дэмакратыі: «У дэмакратычных краінах у вас ёсць усе магчымасці і інструменты, каб змяняць свет да лепшага, не рызыкуючы сваёй свабодай. У дыктатурах жа людзей затрымліваюць за палітычную актыўнасць, канфіскуюць іх маёмасць, прымушаюць пакідаць краіну. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя рызыкі, людзі працягваюць змагацца за дэмакратыю. Таму не бойцеся — гэтаксама, як не баяліся вашыя продкі ў гэтым цудоўным горадзе. Цікаўцеся тым, што адбываецца ў свеце, не абмяжоўвайцеся толькі ўласным жыццём. Не праходзьце міма чужога болю і несправядлівасці. Бо менавіта гэта фарміруе вас як асобаў — неабыякавых, здольных суперажываць і змяняць свет».