Швейцарскі суд прызнаў былога байца СОБРа Юрыя Гараўскага вінаватым у выкраданні прадпрымальніка Анатоля Красоўскага. Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў пракаментаваў: «Гэта важны дзень для сем’яў зніклых і для ўсіх беларусаў, якія чакаюць справядлівасці. Праз 27 гадоў суд прызнаў былога байца СОБРа вінаватым у выкраданні Анатоля Красоўскага. Гэта першы абвінаваўчы прысуд па злачынствах рэжыму Лукашэнкі, вынесены за мяжой на аснове ўніверсальнай юрысдыкцыі. Таксама гэта першы крок да таго, каб былі названыя не толькі выканаўцы, але і арганізатары і замоўнікі гэтых злачынстваў. Гэты прысуд паказвае: час не сцірае адказнасці за цяжкія злачынствы, а адсутнасць правасуддзя ў Беларусі не азначае, што беспакаранасць вечная. Хто аддаваў загады і дзе знаходзяцца зніклыя, яшчэ трэба ўстанавіць, і мы працягнем гэтага дамагацца».