«Калі ўзнікне спакуса вярнуцца да «звычайных адносін», варта задумацца пра наступствы» У інтэрв’ю Polskie Radio 24 Святлана Ціханоўская распавяла пра ўмовы для зняцця санкцый з рэжыму Лукашэнкі, ацаніла сустрэчу кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага з прадстаўніком рэжыму і патлумачыла, чаму Еўропа мусіць выпрацаваць эфектыўныя механізмы супрацьдзеяння транснацыянальным рэпрэсіям. Галоўнае з інтэрв’ю: Пра ўмовы для зняцця санкцый з рэжыму «Рэжым выдатна ведае, што ён мусіць зрабіць для зняцця санкцый: вызваліць людзей, спыніць рэпрэсіі і вывесці Беларусь з вайны. Вось і ўсё. Пакуль вайна працягваецца, Лукашэнка падтрымлівае Пуціна і дазваляе выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для гібрыдных атак на Еўрапейскі Саюз, няма падстаў вяртацца да звычайных адносін з рэжымам. Мы заклікаем Еўропу захоўваць цвёрды і прынцыповы падыход — палітыку непрызнання, ізаляцыі і санкцый». Пра транснацыянальныя рэпрэсіі «Рэжымы вучацца адзін у аднаго — дыктатары абменьваюцца вопытам у галіне падаўлення нязгоды нават людзей, якія знаходзяцца за межамі краіны. Мы мусім як мага хутчэй выпрацаваць інструменты, якія дазволяць процістаяць гэтым транснацыянальным рэпрэсіям, бо на дадзены момант гэты феномен набірае моц. Як дэмакратычныя сілы, мы прапануем канкрэтныя рашэнні: як прыцягваць рэжымы да адказнасці, як абараняць людзей, як дамагчыся таго, каб Інтэрпол не супрацоўнічаў з рэжымам у палітычна матываваных справах. Рэжымы змяняюць свае падыходы да барацьбы з апанентамі, таму Еўрапейскі Саюз мусіць рэагаваць на гэтую пагрозу дастаткова хутка».