Пытанне пераследу беларусаў за мяжой узнімуць у Супольнасці Дэмакратыяў — міжурадавай арганізацыі з 31 краіны У Варшаве беларуская лідарка сустрэлася з генеральным сакратаром Супольнасці Дэмакратыяў (Community of Democracies) Мантасам Адоменасам. Год таму Аб’яднаны Пераходны Кабінет падпісаў мемарандум аб супрацоўніцтве з гэтай арганізацыяй. Святлана Ціханоўская падзякавала Адоменасу за падтрымку беларусаў, кампанію па вызваленні рэжысёра Андрэя Гнёта, супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі інстытутамі. Падчас сустрэчы абмеркавалі: – прасоўванне праблемы транснацыянальных рэпрэсіяў у міжнародных арганізацыях і форумах, у тым ліку ў Берліне ў лістападзе. Ціханоўская перадала даклады, падрыхтаваныя Офісам Святланы Ціханоўскай і праваабаронцамі з рэкамендацыямі да ўрадаў, – правядзенне адукацыйнай праграмы пры ўдзеле Супольнасці Дэмакратыяў для маладых беларусаў, а таксама развіццё акадэміі жаночага палітычнага лідарства, – супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі, якія ўваходзяць у Супольнасць Дэмакратыяў, у тым ліку з Панамай, якая цяпер старшынюе ў Супольнасці Дэмакратыяў, Коста-Рыкай, Сальвадорам, Мексікай, Чылі, Уругваем, – падтрымка беларускіх медыя і незалежных журналістаў, а таксама праекты па барацьбе з прапагандай і праекты на ўмацаванне беларускай ідэнтычнасці, папулярызацыю беларускай культуры і спадчыны ў ЕС. Ціханоўская распавяла пра актуальную палітычную сітуацыю, працэс вызвалення палітвязняў. Падчас сустрэчы Ціханоўская і Адоменас вызначылі прыярытэты супрацы на бліжэйшыя месяцы. Святлана Ціханоўская: «Беларусь пакуль не з’яўляецца сябрам Супольнасці Дэмакратыяў, але гэта пытанне часу. Мы як дэмакратычныя сілы ўжо цяпер фармалізавалі адносіны з гэтай арганізацыяй і будзем удзельнічаць у яе працы, каб прадстаўляць і абараняць інтарэсы беларусаў, як унутры краіны, так і за мяжой. Я ўдзячная Мантасу Адоменасу за тое, што ён паслядоўна падтрымлівае беларусаў і дапамагае знаходзіць новых партнёраў».