Дарадца Ціханоўскай правёў сустрэчы ў Канцылярыі прэм’ер-міністра і Канцылярыі прэзідэнта Польшчы Дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў шэраг сустрэчаў у Варшаве — з кіраўніком палітычнага кабінета прэм’ер-міністра Паўлам Грасем і намеснікам дырэктара Бюро міжнароднай палітыкі Канцылярыі прэзідэнта, амбасадарам Себасцьянам Клецікам. • У Канцылярыі прэм’ер-міністра абмеркавалі пытанні атрымання ВНЖ, праязных дакументаў і міжнароднай абароны. Дзяніс Кучынскі падкрэсліў: рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацняюцца, таму важна, каб беларусы і надалей мелі магчымасць знаходзіць у Польшчы бяспечны прытулак і легальна працаваць. Бакі закранулі тэму супрацоўніцтва з Украінай, узаемадзеянне беларускіх дэмсілаў з украінскім кіраўніцтвам і перспектывы працы ў Люблінскім фармаце. • Падчас сустрэчы ў Канцылярыі прэзідэнта польскі бок пацвердзіў намер працягнуць традыцыю Каляднага прыёму ў гонар беларусаў у рэзідэнцыі Бельведэр і правесці яго на бліжэйшыя Каляды. Абмеркавалі супольныя праекты — у тым ліку пераклады твораў Сяргея Пясецкага, спартыўныя імпрэзы і мерапрыемствы, прысвечаныя агульнай гістарычнай спадчыне Рэчы Паспалітай. Дзяніс Кучынскі: «Польшча была і застаецца адным з найбольш надзейных і паслядоўных саюзнікаў дэмакратычнай Беларусі. Для нас важна забяспечыць сістэмную падтрымку беларусаў, якія з-за рэпрэсій былі вымушаныя пакінуць радзіму і знайсці прытулак у Польшчы. Разам з АПК Офіс працягвае працаваць над тым, каб кожны беларус меў магчымасць атрымліваць неабходныя дакументы, легальна працаваць і адчуваць сябе ў бяспецы. Акрамя прававых і дыпламатычных пытанняў, важна захаваць і супольны культурны і гістарычны дыялог. Нашы народы аб’ядноўвае багатая спадчына і агульныя героі, і мы ўдзячныя польскаму боку за захаванне добрых традыцый салідарнасці ды гатоўнасць далей развіваць узаемадзеянне на ўсіх узроўнях». Па выніках сустрэчаў беларускі бок адзначыў важнасць захавання цеснага супрацоўніцтва як з урадам, так і з прэзідэнтам Польшчы, а таксама паслядоўнай падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларускага народа.