Як дыпламатычныя брыфінгі дапамагаюць беларусам? Рэгулярныя сустрэчы са спецпасланнікамі і пасламі розных краін — важны элемент працы Офіса Святланы Ціханоўскай. Але ў чым іх каштоўнасць і як гэтыя фарматы дапамагаюць беларусам? Распавёў дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі. У верасні Святлана Ціханоўская праводзіла брыфінгі для паслоў Лацінскай Амерыкі. Чаму гэта важна? «Брыфінгі з пасламі Лацінскай Амерыкі ў такім фармаце праводзяцца ўсяго другі раз. Першы адбыўся ў Вашынгтоне, і тады нам таксама дапамагала іспанскае пасольства. Перш за ўсё, гэта важна для пашырэння кантактаў за межы Еўропы. Гэта дапамагае забяспечыць падтрымку свабоднай Беларусі на розных кантынентах, што крытычна важна для галасаванняў у ААН і глабальных ініцыятыў. Такія сустрэчы асабліва актуальныя напярэдадні маштабных міжнародных падзей, як Генасамблея ААН. У Беларусі і краін Лацінскай Амерыкі ёсць шмат агульнага досведу ў пытаннях выхаду з дыктатур і дэмакратычных пераўтварэнняў. Абмен досведам дапамагае лепш разумець, якія крокі і памылкі былі зробленыя ў іншых краінах, што можа быць карысным для будучага рэфармавання Беларусі». А што наконт паслоў Еўрасаюза? «Такія брыфінгі праводзяцца рэгулярна — прыкладна раз на паўгода. Мы выкарыстоўваем розныя фарматы. Адзін з іх — сустрэчы са спецпрадстаўнікамі і энвоямі, якія займаюцца менавіта дэмакратычнай Беларуссю. Для нас гэта вельмі важныя партнёры. Сам факт таго, што многія краіны прызначылі спецыяльных прадстаўнікоў па Беларусі, гаворыць пра інстытуцыяналізацыю гэтых адносін: іх асноўная штодзённая праца звязана з дэмакратычнай Беларуссю. Такія брыфінгі неабходныя для лепшага інфармавання і дэталёвага разумення сітуацыі ў Беларусі. Гэта датычыцца палітвязняў, дзеянняў Лукашэнкі, рэпрэсій, сітуацыі вакол беларуска-ўкраінскіх адносінаў. Мы бачым, што абставіны ўвесь час змяняюцца, і таму важна рэгулярна ладзіць такія сустрэчы. Акрамя таго, такія брыфінгі — гэта прэстыжны фарма, які паслы звычайна праводзяць з міністрамі або кіраўнікамі дзяржаў. Тое, што яны адбываюцца са Святланай Ціханоўскай, падкрэслівае яе статус і важнасць пытання Беларусі для міжнароднай супольнасці».