Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі НАТА Маркушам Перэштрэлу Падчас Варшаўскага форуму па бяспецы Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі НАТА, віцэ-спікерам парламента Партугаліі Маркушам Перэштрэлу. У сустрэчы таксама ўзяла ўдзел генеральная сакратарка Парламенцкай асамблеі НАТА Бенедэта Берці. Галоўныя тэмы сустрэчы: — Бяспекавая сітуацыя ў Беларусі і рэгіёне, мілітарызацыя краіны і пагрозы з тэрыторыі Беларусі. — Вызваленне беларускіх палітвязняў. — Пашырэнне супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сілаў з Парламенцкай асамблеяй НАТА. — Ціск на беларускі ваенна-прамысловы комплекс і прадпрыемствы, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны. Ціханоўская распавяла пра ўжо наладжанае супрацоўніцтва з парламенцкімі асамблеямі АБСЕ і Рады Еўропы, а таксама з Паўночнай Радай. Яна адзначыла зацікаўленасць у далейшай супрацы з ПА НАТА, перад якой раней ужо двойчы выступала. Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская перадала Маркушу Перэштрэлу даклад BELPOL пра мілітарызацыю Беларусі. Святлана Ціханоўская: «Для доўгатэрміновай бяспекі ў рэгіёне неабходныя сістэмныя дэмакратычныя змены ў Беларусі. Наша краіна павінна перастаць быць крыніцай пагрозы для Украіны, нашых суседзяў і краінаў НАТА. Важна працягваць і ўзмацняць санкцыі супраць беларускага ваенна-прамысловага комплексу і прадпрыемстваў, якія дапамагаюць Расіі весці вайну супраць Украіны. Пры гэтым трэба памятаць, што многія беларусы выступаюць супраць вайны, падтрымліваюць Украіну і зазнаюць за гэта рэпрэсіі. Вельмі важна адрозніваць беларускі народ ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымліваць тых, хто змагаецца за свабодную і дэмакратычную Беларусь».