У Паўночнай Радзе створана дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі: як гэта стала магчымым і чаму гэта важна? Прадстаўнікі беларускага дэмакратычнага руху атрымаюць афіцыйны голас у Паўночнай Радзе — міжпарламенцкай арганізацыі краінаў Паўночнай Еўропы, у якую ўваходзяць Данія, Ісландыя, Фінляндыя, Нарвегія, Швецыя. Гэта вынік сістэмнай працы па інстытуцыяналізацыі адносінаў, якую Офіс Святланы Ціханоўскай вядзе з паўночнымі партнёрамі. Нагадаем, раней дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу з прэзідэнтам Паўночнай Рады Віле Вяруненам, дзе адной з галоўных тэмаў абмеркавання было стварэнне механізму рэгулярнага ўдзелу беларусаў у працы арганізацыі. А 10 верасня пацвердзілі гэтую дамоўленасць падчас сустрэчы з дырэктарам Офіса Паўночнай Рады міністраў у Літве Оле Андэрсан Ліндэманам. Стварэнне дэлегацыі азначае фармалізацыю адносінаў паміж дэмакратычнай Беларуссю і Паўночнай Радай. Новы фармат працы шмат у чым нагадвае мадэль супрацоўніцтва з Парламенцкай асамблеяй Рады Еўропы (ПАРЕ), дзе ў дэмакратычных сілаў таксама ёсць дэлегацыя. Цяпер беларуская дэлегацыя атрымае магчымасць: – Удзельнічаць у сесіях Паўночнай Рады і атрымоўваць досвед рэальнай міжнароднай парламенцкай дзейнасці; – Наўпрост даносіць беларускую павестку да парламентарыяў краінаў Паўночнага рэгіёну; – Уплываць на выпрацоўку рашэнняў у галіне бяспекі, правоў чалавека, адукацыі, сацыяльнай палітыкі, падтрымкі грамадзянскай супольнасці і г.д.; – Напрацоўваць кантакты і досвед для будучай Беларусі. Як будзе працаваць дэлегацыя ў Паўночнай Радзе? Дэлегацыя будзе фарміравацца не паводле персанальнага прынцыпу, а замацоўвацца за ключавымі дэмакратычнымі структурамі. У яе склад увойдуць прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, палітычных партыяў і экспертнай супольнасці, якія будуць самастойна вызначаць сваіх дэлегатаў перад кожнай сесіяй.