«Пазаймацца з рэпетытарамі карысна не толькі школьнікам, але і некаторым міністрам» Напярэдадні пачатку новага навучальнага года міністр адукацыі Андрэй Іванец даў інтэрв’ю выданню «Анлайнер», у якім падзяліўся вельмі негатыўным стаўленнем да рэпетытараў. Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях навукі і адукацыі Павел Церашковіч пракаментаваў гэтую заяву: «Тое, што міністру не падабаюцца рэпетытары, мяне не моцна здзівіла. Гэта меркаванне чыноўніка дзяржавы, якая ўсё, што ёй непасрэдна не падначалена, лічыць аўтаматычна варожым і падазроным. Іванец мяркуе, што школьная праграма настолькі простая, што кожны з бацькоў павінен вырашыць задачу па матэматыцы чацвёртага класа і дапамагчы дзіцяці без якога-небудзь рэпетытара. Аднак сам міністр прызнаецца, што пры паступленні ў Ліцэй БДУ ледзь не заваліў матэматыку, бо яму «гэты прадмет быў не надта цікавы». Выглядае на тое, што гэтая адсутнасць цікавасці захавалася і на міністэрскай пасадзе. На пытанне пра недзяржаўную адукацыю Іванец кажа: «Прыватная адукацыя ёсць. Сёння гэта шэсць прыватных школ і два прыватныя дзіцячыя садкі». Гэта ажно 0,21% ад усіх школ і 0,05% — ад усіх садкоў. За 5 гадоў колькасць такіх школ скарацілася ў 3,5 раза, садкоў — у 7 разоў. Больш за тое, за 5 гадоў колькасць выхаванцаў дзіцячых садкоў скарацілася на 84,5 тысячы (на 21%). За той самы перыяд сістэма адукацыі недалічылася 13 тысяч настаўнікаў. Доля выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў са ступенямі кандыдата або доктара ўпала да 40%. І таму зусім не выпадкова, што ў сусветным рэйтынгу QS за 5 гадоў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт абрынуўся з 317-га месца на 533-е, а у рэйтынгу вышэйшай адукацыі Times апынуўся па-за межамі першых 1,5 тысячы найлепшых універсітэтаў. На апошняй калегіі міністэрства ў ліпені было агучана, што за 4 гады колькасць замежных студэнтаў у Беларусі павялічылася на 10 тыс. і дасягнула 37 тысяч. Праблема толькі ў тым, што супрацоўнікі Дзяржкамстата падаюць зусім іншую лічбу — 24 тысячы замежных студэнтаў — і сцвярджаюць, што за апошнія гады яна амаль не змянілася. Мараль усяго гэтага наступная: не крыўдзі рэпетытара. Пазаймацца з ім карысна не толькі школьнікам, але і некаторым міністрам».