«Офіс Святланы Ціханоўскай працягвае працу з літоўскімі дзяржаўнымі інстытутамі па пытаннях, якія непасрэдна закранаюць беларусаў у Літве. Мэта такога супрацоўніцтва — ператвараць кантакты і дамоўленасці ў практычныя рашэнні і магчымасці для беларускай супольнасці», — Дзяніс Кучынскі. Як зрабіць так, каб беларусам у Літве было прасцей жыць, працаваць і быць часткай грамадства? Як разам сачыць за бяспекай Беларускай АЭС? І як захаваць увагу да наступстваў Чарнобыля? Пра гэта гаварылі на сустрэчы ў Офісе Святланы Ціханоўскай з Уладзіславам Кандратовічам — канцлерам Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Літвы і былым міністрам унутраных справаў. Падчас сустрэчы бакі гаварылі пра бяспеку Беларускай АЭС у Астраўцы. Незалежны маніторынг, удзел беларускіх экалагічных актывістаў і міжнародны кантроль за бяспекай станцыі застаюцца важнымі. Абмеркавалі і сітуацыю з пераглядам пераліку забруджаных пасля Чарнобыльскай катастрофы тэрыторый у Беларусі. У тым ліку — магчымыя наступствы для сацыяльных гарантый жыхароў населеных пунктаў, якія могуць страціць адпаведны статус. Яшчэ адна тэма — удзел беларусаў у грамадскім жыцці Літвы: экалагічных ініцыятывах, мясцовых выбарчых кампаніях і працы муніцыпалітэтаў. Закранулі і пытанне пасведчанняў кіроўцы для беларусаў. Яшчэ падчас працы Кандратовіча ў Міністэрстве ўнутраных справаў абмяркоўвалася магчымасць спрасціць абмен беларускіх правоў на літоўскія. Гэтая прапанова па-ранейшаму знаходзіцца ў працы. Таксама абмеркавалі магчымасць здачы экзамену на беларускай мове. Поўны рэліз з сустрэчы — на сайце.