Беларускі рэжым папярэджвае суседнія краіны пра дроны, але маўчыць перад уласнымі грамадзянамі Рэжым у Беларусі перадае суседнім краінам інфармацыю пра набліжэнне беспілотнікаў, каб там паспявалі папярэдзіць насельніцтва пра магчымую паветраную небяспеку, але саміх беларусаў пра такія пагрозы не інфармуюць. Толькі за апошнія дні дроны неаднаразова праляталі над тэрыторыяй Беларусі: расійскія — у бок Украіны, украінскія — у напрамку паўночных рэгіёнаў Расіі. Беспілотнікі заўважалі ў Касцюковічах, Хоцімску, Клімавічах, Уле і Лёзне, а над Жлобінам праляцеў асобны апарат з рухавіком унутранага згарання. У вёсцы Грабенікі Лёзненскага раёна загарэўся жылы дом, прычым мясцовыя жыхары звязваюць пажар з падзеннем невядомага прадмета пасля гучнага гула ў небе. У тую ж ноч адзін з беспілотнікаў, які ўвайшоў у паветраную прастору Літвы з боку Беларусі, заляцеў у Польшчу, вярнуўся ў Літву і працягнуў рух у напрамку Латвіі, а знішчальнікі NATO двойчы спрабавалі яго перахапіць. Беларусь ужо неаднаразова становіцца маршрутам руху баявых беспілотнікаў, а наступствы такіх пралётаў закранаюць не толькі вайсковую інфраструктуры, але ўжо і жылыя дамы ды бяспеку мірных жыхароў. Рэжым відавочна, разумее узровень небяспекі, калі папярэджваюць суседнія дзяржавы, аднак чамусьці не лічаць неабходным даваць такую ж інфармацыю ўласным грамадзянам. У выніку беларусы застаюцца без своечасовага папярэджання і магчымасці прыняць меры бяспекі, а маўчанне дзяржаўных структур можа каштаваць людзям здароўя і жыцця.