У верасні ў Беларусь заляцела рэкордная за год колькасць расійскіх дронаў За верасень расійскія беспілотнікі 21 раз парушылі паветраную прастору Беларусі, паведамляе «Флагшток». Для параўнання, у жніўні было зафіксавана сем такіх выпадкаў. Усе зафіксаваныя залёты адбыліся ў Гомельскай вобласці, прычым часам дроны заляталі групамі. Большасць з іх пасля гэтага вярталася ва Украіну. Як адзначаецца, пераважна гэта былі не рэактыўныя, а класічныя «Герані». Пры гэтым уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы працягваюцца рэгулярныя пралёты розных тыпаў БПЛА. Частка з іх збіваецца, таму жыхары памежных раёнаў Гомельшчыны перыядычна чуюць выбухі на тэрыторыі Украіны. Рост колькасці залётаў таксама супадае з паведамленнямі ўкраінскага боку пра ўключэнне рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі.