15 гадоў турмы за працу на беларускія і расійскія спецслужбы У Кіеве 49-гадовага мужчыну асудзілі на 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за дзяржаўную здраду і супрацоўніцтва з беларускімі і расійскімі спецслужбамі. Паводле Офіса генпракурора Украіны, ён збіраў і перадаваў інфармацыю пра месцы дыслакацыі УСУ і аб’екты крытычнай інфраструктуры Кіева. Мужчына, сярод іншага, фатаграфаваў Кіеўскую ТЭЦ і пасля расійскіх абстрэлаў праводзіў дадатковую разведку, каб высветліць наступствы ўдараў. Дадзеныя ён перадаваў праз Telegram-каналы і чат-боты, якія выкарыстоўвалі беларускія і расійскія спецслужбы, у тым ліку чат-бот Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі. За выкананне заданняў мужчына разлічваў эвакуявацца з Украіны, але ў канцы 2025 года быў затрыманы ў Кіеве і пакінуць краіну не паспеў.