На ніцях белай павуціны Прывозяць восень павучкі. Яе красёнцы, чаўначкі У моры лесу мільгатнулі І лісце ў багру апранулі; І з кожнай лісцевай галоўкі Глядзіць твар восені-свякроўкі. Павее ветрык — шурхнуць травы: Няма ў ім ласкі, ні забавы. Не — то не шолах каласочкаў, Не смех блакітных васілёчкаў У межах росных збажыны; Не — то не музыка вясны, А ціхі жаль і нараканне, З жыццём і з сонцам развітанне. Шыбуюць гусі ў край далёкі І жураўлі ў той самы край. — Бывай жа, лецейка, бывай! Бывайце, родныя валокі! Фота ад чытачоў, радкі з паэмы Якуба Коласа " Новая Зямля ".