"У найгоршым выпадку засталося гады два. Хацелася б не менш". Тэлевядоўца і медыяменеджарка Каця Пытлева расказала пра вяртанне анкалагічнага захворвання. Рак даў метастазы ў пазваночнік. "Пішу ўсё гэта, каб самой усвядоміць рэальнасць таго, што адбываецца. Цяпер чакаю званка ад доктара, каб зразумець, што з усім гэтым рабіць. Неяк так, — расказвае Пытлева. — Дапамога пакуль не патрэбная. Адчуваю сябе як звычайна. Ніякіх сур'ёзных сімптомаў пакуль няма. Толькі трэба неяк зноў навучыцца дыхаць". Тры гады журналістка знаходзілася ў рэмісіі. Яна праходзіла кантрольныя абследаванні і прымала гарманальную тэрапію. А нядаўна, адчуўшы праблемы са страўнікам, папрасіла падчас прафілактычнага агляду прызначыць аналіз крыві на анкамаркеры. Адзін з іх аказаўся падвышаным. Яе накіравалі на кампутарную тамаграфію. А яна паказала падазронае ўтварэнне ў пазванку. Наступныя абследаванні пацвердзілі наяўнасць метастазаў. "Прагнозы пакуль рабіць рана, — працягвае Пытлева. — Мяркуючы па тых звестках, якія я знайшла, пра пенсію я магу ўжо не думаць. Мама з метастазамі ў пазваночніку пражыла 8 гадоў (з іх мне засталося 5). Калі пашанцуе, з сучаснымі метадамі лячэння, можа, і больш. А можа, і менш". Улетку 2020-га Каця Пытлева публічна асудзіла гвалт з боку сілавікоў. Пасля гэтага яе пазбавілі эфіраў на тэлеканале "Беларусь 1", потым давялося сысці і з радыё. На пачатку 2021-га Пытлева з сям'ёй з'ехала з Беларусі пад пагрозай крымінальнай справы.